Адключаць гарачую ваду летам будуць яшчэ як мінімум 10 гадоў

Жыхары Мінска з наступнага тыдня на 14 дзён па чарзе будуць заставацца без гарачай вады. Віной усяму – планавыя адключэнні. Абысціся без іх ніякім чынам нельга, запэўніў Еўрарадыё начальнік Аддзела энергетыкі Мінгарвыканкама Анатоль Лаўнічук. Як мінімум 10 гадоў мінчукам няма чаго і марыць пра гэта.
 
Анатоль Лаўнічук:У нас працягласць у Мінску 2,5 тысячы кіламетраў труб па якіх цячэ гарачая вада. Думаю, што цягам бліжэйшых 10 гадоў будзем праводзіць выпрабаванні так  як і зараз. Бачыце, што ў свеце адбываецца? Хто яго ведае, як з гэтым крызісам будзе”.
 
Мінскім трубам прыкладна па 30 гадоў, кажа Анатоль Лаўнічук. Таму і даводзіцца адключаць падачу вады ў дамы, потым павышаць ціск у трубах і шукаць, якія месцы не вытрымалі. А шукаць і затыкаць дзіркі можна і 2 тыдні, а часам і больш.
 
Анатоль Лаўнічук:Для гэтага патрэбны час, каб знайсці. Гэта ж не проста так, вось вы парэзалі пальчык і бачыце. А так паспрабуйце пабачыць дзе яно, калі гэта ўжо ўнутры арганізма чалавека?
 
Еўрарадыё зацікавілася, ці еўрапейскія суседзі Беларусі таксама вымушаныя па 2 тыдні грэць ваду ў чайніках ды вялікіх каструлях. Жыхары Кіева турботы мінчукоў добра разумеюць– у іх ваду адключаюць як і ў беларускай сталіцы на 2 тыдні, распавялі Еўрарадыё ў прэс-службе “Кіеўэнерга”.
 
Супрацоўніца прэс-службы:Учора мы пачалі планавыя выпрабаванні, у сувязі з гэтым будуць адключаць ваду гарачую. Мы праводзім гэтыя выпрабаванні кожны год”.
 
А вось у літоўскай арганізацыі “Vilniaus energija”, якая займаецца падагрэвам і падачай гарачай вады ў Вільні, здзівіліся самой пастаноўцы пытання. Так надоўга гарачую ваду там ніхто не адключае.
 
Супрацоўнік прэс-службы “Vilniaus energija”:На тыдзень-два? Не, такіх няма выпадкаў. Калі праводзяцца нейкія працы планавыя, каб без перапынку падаваць гарачую ваду, то адключэнні могуць быць максімальна на 24 гадзіны. Гэта можа быць у выпадку аварыі ці нейкіх прафілактычных прац, але гэта не займае больш за 24 гадзіны”.
 
Не ведаюць, што такое планавыя адключэнні і варшавяне. Мыцца ў тазіках з-за доўгай адсутнасці гарачай вады ў кране апошні раз ім прыходзілася гадоў 20 таму, распавяла Еўрарадыё прэс-сакратарка польскага Сталічнага прадпрыемства цеплавой энергіі Моніка Мазуркевіч.
 
Моніка Мазуркевіч:Варшаўская цеплавая сістэма не мае ніякіх супрацьпаказанняў, каб пастаўляць цяпло круглы год. Мы не пастаўляем гарачую ваду, а цяпло. Таму кліент можа выкарыстоўваць яго як хоча – і на ацяпленне і на падагрэў вады”.
 
Таму і паняцця “ацяпляльны сезон” ў Варшаве не існуе. Калі становіцца холадна, тады і грэюць батарэі, незалежна ад таго, які месяц на календары. Па словах Анатоля Лаўнічука, у адрозненні ад Беларусі краіны Еўрасаюза даўно змянілі трубы з савецкіх часоў на новыя італьянскія, якія не трэба латаць кожныя паўгода.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі