“Для Беларусі ва Усходнім партнёрстве стаіць пакунак грошай”

У той час, калі краінам Еўрасаюза даводзіцца думаць, дзе знайсці грошы для фінансавай дапамогі сваім сябрам, той жа Грэцыі, палітыкі пачынаюць узнімаюць пытанне: а ці патрэбны ЕС такі дарагі праект, як “Усходняе партнёрства”? Прынамсі, такія думкі ўсё часцей выказваюць “мясцовыя” палітыкі асобных краін ЕС. Да прыкладу, лідар адной з мацнейшых палітычных партый Славакіі “Свабоды і салідарнасці” Рычард Сулік упэўнены, што гэты праект – марнаванне грошай і часу, патрэбны толькі еўрабюракратам у Бруселі.

Рычард Сулік: “На сённяшні дзень у Бруселі працуе 50 тысяч розных бюракратаў, якія думаюць толькі пра тое, каб іх не звольнілі. І яны займаюцца тым, што распрацоўваюць розныя рэгулятыўныя нормы. Накшталт таго, што распрацоўваюць норму, па якой вышыня абцасаў у цырульніцы не можа быць вышэй азначанай. І ў палітычнай сферы адбываецца тое ж самае, што і ў адміністрацыйнай. Там яны прыдумляюць розныя рэгуляцыі і правілы, а ў палітыцы – такія вось “партнёрствы”, якія нікуды не вядуць, толькі выклікаюць страту часу і грошай”.




Асабліва, упэўнены палітык, гэта тычыцца выпадку з Беларуссю, якая фактычна не задзейнічаная ў праграмах “Усходняга партнёрства”. І таму, калі наконт мэтазгоднасці самой праграмы яшчэ можна спрачацца, то ўдзел у ёй Беларусі – бесперспектыўны, лічыць славацкі палітык.

Сапраўды, пагаджаецца аналітык Славацкай асацыяцыі знешняй палітыкі Уладзімір Більчык, у палітычным дыялогу ў межах “Усходняга партнёрства” Беларусь удзелу амаль не бярэ. Але беларускія чыноўнікі актыўна працуюць з тэхнічнымі праектамі гэтай праграмы, якія даюць грошы, але не накладаюць ніякіх палітычнай абавязкаў. А гэта, па меркаванні еўрапалітыкаў, хоць нейкі, але дыялог.

Уладзімір Більчык: “Беларуская ўлада разумее, што яна можа браць ад “партнёрства” тэхнічную падтрымку, грошы на пэўныя праекты, на дзяржаўны апарат і пэўныя структуры – яны гэта бачаць і разумеюць, што па бізнэс-момантах мы можам адкрывацца адзін аднаму. А ЕС вельмі хоча мець дыялог. Усе мы разумеем, што Беларусь – гэта не Лукашэнка. Але сёння ён – дамінуючая рэч. І ніхто ў Еўрасаюзе не хоча даваць грошы баючыся, што яны могуць падтрымаць рэжым, што грошы гэтыя застануцца ў руках у рэжыму і яшчэ больш умацуюць яго структуры”.



Размовы пра тое, каб выключыць Беларусь з праграмы “Усходняга партнёрства” не ідзе, але падобна на тое, што фінансаванне “беларускіх праектаў” значна скароціцца.

Уладзімір Більчык: “Сітуацыя такая, што мера адкрытасці праграм (“Усходняга партнёрства” для Беларусі – Еўрарадыё) абмежаваная, тэхнічная падтрымка – таксама. І хутчэй за ўсё, будзе абмяжоўвацца яшчэ больш, калі не будзе перспектыў палітычных зменаў у Беларусі. Я не магу сабе зараз уявіць, што без таго, каб аднавіць палітычны дыялог з Беларуссю, Еўрасаюз адкрые ёй доступ да ўсёй сваёй дапамогі, да ўсіх сваіх праграм”.

А прэзідэнт Славацкай асацыяцыі знешняй палітыкі Аляксандр Дулеба ўпэўнівае – размова ідзе пра такія сумы, якія ў сённяшняй эканамічнай сітуацыі выглядаюць вельмі прывабнымі.

Аляксандр Дулеба: “Для Беларусі там стаіць проста пакунак грошай, якія Беларусь можа атрымаць праз свой урад ад Еўрасаюза. Зараз ідуць размовы пра “Новую фінансавую перспектыву”. У “старой” было 12 мільярдаў еўра для шасці краін “Усходняга партнёрства”. Гэта не мала. Безумоўна, ЕС проста так грошы не дасць. Ёсць умова – вызваліць палітвязняў. Да таго ж, любая сума для Беларусі добра. Напачатку хаця б 100 мільёнаў долараў – гэта лепш, чым нічога”.




Асабліва, ва ўмовах складанай эканамічнай сітуацыі і неабходнасці вяртаць расіянам грошы за продаж іх нафты на Захад. У той жа час славацкія эксперты сумняваюцца, што перспектыва атрымання гэтых грошай прымусіць беларускі рэжым да палітычнага дыялога з ЕС у рамках “Усходняга партнёрства” і хоць нейкай лібералізацыі грамадска-палітычнага жыцця ў краіне.

фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі