Эксперты Канвенцыі Эспо працягнулі расследаванне па астравецкай АЭС
Калі парушэнні пацвердзяцца, ад Беларусі могуць запатрабаваць спыніць усе працы па будаўніцтве атамнай станцыі.
Камітэт па ажыццяўленні Канвенцыі Эспо да канца жніўня працягнуў расследаванне пытання аб выкананні Беларуссю сваіх міжнародных абавязкаў у працэсе планавання будаўніцтва АЭС. Дакумент, падпісаны сярод іншых і нашай краінай яшчэ ў 1991 годзе, абавязвае пры будаўніцтве небяспечных аб’ектаў улічваць думку як уласнай грамадскасці, гэтак і краін-суседак.
Расследаванне было распачатае ў сувязі са зваротам украінскіх эколагаў, у якім незалежныя эксперты пералічвалі шматлікія парушэнні канвенцыі Беларуссю. Адзін з аўтараў звароту эксперт-юрыст аналітычнага цэнтру “Грамадства і наваколле” з Кіева Андрэй Андрусевіч у гутарцы з Еўрарадыё патлумачыў, што, акрамя невыканання Канвенцыі, ёсць прэтэнзіі і да беларускага заканадаўства. Нашае права ў галіне экалагічнай экспертызы і ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе не адпавядае патрабаванням Канвенцыі Эспо.
Андрэй Андрусевіч: “Гэтае пытанне разглядалася ў лютым. На сённяшні момант Камітэт пастанавіў правесці дадатковае расследаванне і накіраваў ліст у Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, адказнае за выкананне патрабаванняў паводле дадзенай Канвенцыі, з цэлым шэрагам пытанняў — больш канкрэтных. У прыватнасці, яны пытаюць, калі якая краіна была праінфармаваная, што гэта за інфармацыя была прадстаўленая Беларуссю і г.д. Усё гэта сведчыць, што ў Камітэце па-ранейшаму падазраюць Беларусь у невыкананні абавязкаў паводле Канвенцыі”.
Андрэй Андрусевіч заўважае, што Камітэт па выкананні Канвенцыі Эспо звярнуўся да краін, якія могуць быць закранутыя падчас будаўніцтва і эксплуатацыі станцыі: Літвы, Латвіі, Польшчы ды Украіны — з просьбай даць іх ацэнку супрацоўніцтва з Беларуссю ў пытанні будаўніцтва атамнай станцыі ў межах Канвенцыі Эспо.
Андрэй Андрусевіч: “Калі выявіцца, што, на думку Камітэта па ажыццяўленні Канвенцыі Эспо, былі парушэнні канвенцыі Беларуссю ў працэсе будаўніцтва атамнай станцыі, тады нарада бакоў канвенцыі можа запатрабаваць ад Беларусі спыніць усялякія праектныя і іншыя працы па АЭС, пакуль не будуць выкананыя працэдуры, прадугледжаныя Канвенцыяй Эспо. Насамрэч палітычны ціск, які здзяйсняецца на краіну ў падобных выпадках, надзвычай моцны”.
Аднак пакуль што ў Камітэце па выкананні Канвенцыі Эспо канчатковыя высновы рабіць не спяшаюцца. Яго старшыня Матыяс Зоер паведаміў Еўрарадыё, што наступнае паседжанне экспертаў адбудзецца напрыканцы жніўня. Тады спецыялісты і сфармулююць сваю канчатковую пазіцыю па беларускай АЭС.
Матыяс Зоер: “Усё залежыць ад канкрэтнага выпадку. Але галоўнае пытанне — ці выконвалася працэдура краінай-падпісантам Канвенцыі. Пачынаючы ад натыфікацыі іншых бакоў Канвенцыі, што могуць пацярпець, ці яны зробяць адпаведную заяўку, ці грамадскасць мела магчымасць удзельнічаць у прыняцці рашэння — усё гэта прымаецца да ўвагі для вынясення рашэння. Пасля яно дасылаецца зацікаўленым бакам”.
Пытанні наконт парушэнняў нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства аўтарамі АЭС паўсталі ад самага пачатку праекту. Грамадская экалагічная экспертыза дала негатыўную ацэнку праекту беларускай АЭС. Са скандаламі прайшлі слуханні ў Астраўцы, Вільні і Рызе. Украінскія эколагі абяцаюць падобную сустрэчу беларускім атамшчыкам і ў Кіеве. Аднак, як вядома, усе грамадскія слуханні ды экспертызы маюць толькі рэкамендацыйны характар і не могуць наўпрост паставіць крыж на ідэі будаўніцтва станцыі. Ці ёсць тады ўвогуле нейкі практычны сэнс у пратэстах экалагічнай супольнасці?
Эксперт расійскай ініцыятывы “Экозащита” і адзін з найбольш актыўных крытыкаў праекту Астравецкай АЭС Андрэй Ажароўскі тлумачыць Еўрарадыё, што сэнс у пратэстах усё-ткі ёсць. Па-першае, насельніцтва краіны атрымлівае магчымасць даведацца пра небяспеку атамнай станцыі з альтэрнатыўных крыніц. Па-другое, зафіксаваныя і апублікаваныя шматлікія парушэнні аўтарамі праекту АЭС як айчыннага, гэтак і міжнароднага заканадаўства, за якія вінаватыя потым абавязкова будуць пакараныя.
Андрэй Ажароўскі: “Толькі сумесныя дзеянні розных груп: экспертаў, якія вывучаюць матэрыялы праекту і выдаюць сваю крытыку; грамадскіх груп, якія нейкім чынам выказваюць пратэст; сумежных дзяржаваў, якія могуць выказацца ў адпаведнасці з міжнароднымі канвенцыямі. Толькі супольна мноства гэткіх дзеянняў можа пераканаць асобаў, што прымаюць рашэнні ў Беларусі, адмовіцца і не рабіць тую страшную памылку, якая можа быць здзейсненая”.
Наўпрост жа забараніць Беларусі развіваць атамную энергетыку не можа ніхто — пры ўмове, што краіна не збіраецца вырабляць ядзерную зброю. Суверэнітэт, адным словам. Але, як вядома з гісторыі, ад АЭС у іншых краінах найчасцей адмаўляліся праз нацыянальны рэферэндум, калі сваю думку выказвалі гаспадары нацыянальнага суверэнітэту — грамадзяне.
Еўрарадыё пра АЭС:
Ажароўскі: Чыноўнікі не змаглі аспрэчыць крытыку праекту АЭС
Шведскі эксперт: Кошт
беларускай АЭС можа вырасці да 20 мільярдаў долараў
Геатэрмальнае
цяпло абагравае гародніну пад шкляным дахам (фотарэпартаж)
Літоўскія
эксперты: Беларуская АЭС пагражае знішчэннем цэлага народа
Эканамічную
выгаду беларускай АЭС падлічаць толькі пасля яе будаўніцтва?
Замест
АЭС навукоўцы прапанавалі зрабіць у зямлі дзіру ў 2 кіламетры
Расійскія
атамшчыкі разглядаюць Беларусь як пляцоўку для эксперыментаў?
Фота з www.belbusinessportal.com/