Рэжысёру на прэм'еры фільма падаравалі кветкі, а пасля даслалі за іх рахунак
Маладому беларускаму рэжысёру на прэм'еры фільма падаравалі кветкі, а пасля даслалі за іх рахунак. Здарэнне адбылося ў Віцебску. У канцы сакавіка там прайшоў паказ фільма "Граф у апельсінах" Улады Сяньковай. Пасля вяртання ў сталіцу ад кінавідэапракату Сяньковай прыйшоў акт, у якім яе папрасілі заплаціць за падараваныя ёй кветкі 928 тысяч рублёў. Калі рэжысёр пацікавілася ў галоўнай бухгалтаркі віцебскага кінавідэапракату, навота ў такім выпадку дарылі кветкі, тая адказала: "Падавайце ў суд!"
Як піша ў Facebook Улада Сянькова, гэта яшчэ не ўсё. З ганарара былі вылічаныя выдаткі на размяшчэнне афіш на тумбах у Віцебску, хаця паводле ранейшай дамовы плаціць ім за гэта не трэба было.
Як піша tut.by, Сянькова сама напісала сюжэт для фільма, рэжысёрам якога была. На здымкі было патрачана 2,5 тысячы долараў. Вакол праекта выбухнуў скандал: мясцовыя жыхары палічылі, што здымаецца... парнаграфія і сталі выклікаць міліцыю, перашкаджаць здымкам. У выніку здымкі, якія пачаліся ў чэрвені, скончыліся толькі ў лістападзе.
"І вось разумееце, беларускае кіно і так без грошай, без прадусараў, без асаблівых дыстрыбутараў, без заахвочвання мінкульту, спрабуе зарабіць гэтыя крыхі, каб аддаць даўгі за здымкі і яшчэ вялікія выдаткі на рэкламу, а тут яго яшчэ і нейкая Вольга Мікітаўна — галоўбух віцебскага кінавідэапракату дабівае. Маўляў, прыязджалі нейкія малалеткі блакітнавокія, чаму б ім самім не аплаціць сабе кветкі", — піша рэжысёр.