Сацыяльны хлеб з траўня падаражэў на 17,8%, а "Нарачанскі" — на 10,6%

Амаль год назад міністр эканомікі Мікалай Снапкоў тлумачыў карэспандэнту Еўрарадыё, што хлеб бывае розны. Маўляў, без дадаткаў, так званы подавы, каштуе так, як скажа дзяржава, і адносіцца да сацыяльна значных. А вось з дадаткамі даражэе, як тое дыктуе рынак.

Еўрарадыё параўнала кошты за год на сацыяльна значны хлеб “Майскі” (900 грамаў) і на звычайны “Нарачанскі” (1,2 кілаграма).

У краме “Суседзі” пытаюся, на колькі падаражэў хлеб. Эканаміст Алена нечакана сама гаворыць, што ёсць сацыяльна значны хлеб і не вельмі.

“Хлеб — гэта, па-першае, сацыяльна значны тавар, на яго дзейнічаюць адмысловыя гандлёвыя надбаўкі, якія мы не перавышаем. 15% на хлеб”, — кажуць у краме.

Пытаюся, як падаражэў хлеб сацыяльны — да прыкладу, “Майскі”. У краме знаходзяць кошты за травень і лістапад:

“Ну, вось хлеб “Майскі” на 26 траўня каштаваў 7000 рублёў, зараз гэткі ж хлеб каштуе 8250 рублёў. Хлеб “Нарачанскі” каштуе на 1 траўня 13200 рублёў, а зараз — 14600 рублёў”.

Атрымліваецца, сацыяльны хлеб “Майскі” з сёлетняга траўня вырас на 17,8%, а не сацыяльны “Нарачанскі” — на 10,6%. У краме такім падлікам зусім не здзіўляюцца.

“Вам як сказаць: як трэба ці праўду? Калі па праўдзе, дык штомесяц у першых днях кошт і падымаецца”, — прызнаецца Алена.

На вуліцы распытваю мінчукоў, што, на іх думку, даражэла з прадуктаў болей за ўсё.

“Белпошта” як падаражэла: каб унуку адправіць паўкіло цукерак, трэба 20 баксаў заплаціць!” — нечакана выдае мне пенсіянерка сваю скаргу. Удакладняю, што з прадуктаў падаражэла, але тут поўная безнадзейнасць: "Вы ведаеце, я нават ужо і не сачу, што падаражэла болей. Кожны дзень кошты змяняюцца".

Дзяўчына Аліса прыехала з Расіі два месяцы таму. Мяркуе, што застанецца тут на год:

“Я тут два месяцы толькі. І ўсё падаражэла з таго моманту: і хлеб, і малако, і яйкі”, — упэўненасць дзяўчыны, што яна застанецца тут на год, вельмі ненадзейная.

“Яйкі, хлеб падаражэў. Але чаму вы не пытаецеся, чаму падаражэлі прадукты, у тых, хто ў кабінетах? Чаму камуналка расце? Некарэктна падымаць кошты на тое, што людзьмі не робіцца. Вось, да прыкладу, гідраэлектрастанцыі — працуюць на энергіі ракі, чаму кошт расце?” Аляксандр разышоўся на добрых 15 хвілін.

“Дзяржава прымусіць нас стаць вегетарыянцамі! На маю думку, болей за ўсё даражэе мяса!” — навуковы супрацоўнік Надзея адчувае падаражэнне на сабе.

Паводле меркавання мінчукоў, даражэе хлеб, малако, мяса, цыгарэты, камунальныя паслугі, а вось студэнткі эканамічнага факультэта БДУ Алена ды Аляксандра росту коштаў… не заўважаюць!

“Ды ні на што не падымаліся кошты”, — кажуць дзяўчаты, і аргумент пра хлеб, які падаражэў на 17%, — не аргумент.

Пенсіянерка Людміла заўважае, што хутка не будзе ведаць, ад чаго адмовіцца яшчэ.

“Малочнае падаражэла, яйкі. Заўважыла, што жывеш, як у студэнцкія гады — на стыпендыю. Амаль дацягваеш да пенсіі на пакупку прадуктаў. А зараз баімся, што не хопіць грошай на аплату кватэры. Не ведаем, ад чаго яшчэ адмовіцца, каб ўкладвацца ў норму ў 150 кілават!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі