“Шунто дастае грошы з уласнай кішэні”. Як “Крумкачы” змагаюцца за выжыванне

“Шунто дастае грошы з уласнай кішэні”. Як “Крумкачы” змагаюцца за выжыванне

Мінскі футбольны клуб “Крумкачы” змагаецца за магчымасць застацца ў вышэйшай лізе. Што адбываецца ў клубе і адкуль бяруцца грошы на выплаты вялікіх даўгоў? Еўрарадыё разбіраецца ў гэтым разам з адным з заснавальнікаў Уладзіслам Маяроўскім, прэс-сакратаром АБФФ Аляксандрам Алейнікам, а таксама былым гульцом каманды, а цяпер форвардам “Нёмана” Вячаславам Глебам.

 

Чаму ўсе абмяркоўваюць Крумкачоў”

 

Крумкачы” — адзіны прыватны беларускі футбольны клуб, які выступае ў Вышэйшай лізе. Агульная запазычанасць Крумкачоў” на канец мінулага года складала прыкладна 190 тысяч долараў. Гэта доўг перад БАТЭ, запазычанасці па заробках і ўнёсках у Федэрацыю футбола. Калі клуб не разбярэцца з усімі запазычанасцямі, у сярэдзяне сакавіка ён не атрымае ліцэнзію і, хутчэй за ўсё перастане існаваць.

 

Чаму цяпер падняўся такі гармідар

 

АБФФ забараніла клубу рэгістраваць новых футбалістаў і запатрабавала да 22 лютага разлічыцца з гульцамі, якія накіравалі ў федэрацыю свае скаргі. Нягледзячы на фінансавыя праблемы, каманда пачала падрыхтоўку да новага сезона, а з канца мінулага тыдня стала разлічвацца з даўгамі. Цікава, што доўг федэрацыі кіраўнік клуба Дзяніс Шунто аплаціў як фізічная асоба, таму цяпер у АБФФ патрабуюць дакументы аб прызнанні законнасці такога плацяжу.

 

Адзін з сузаснавальнікаў “Крумкачоў” Уладзіслаў Маяроўскі ў гэтым праблемы не бачыць.

 

Маяроўскі: Ёсць некалькі механізмаў такіх выплат. Па-першае, яны законныя. Па-другое, аб правамернасці такіх выплат будзе вырашаць адпаведная праверка, а таксама падатковая, калі прыйдзе па графіку праверак у наш клуб. На дадзены момант быў абавязак перад АБФФ. Ён быў пакрыты, на наш погляд, зусім правамоцнымі дзеяннямі. Я не бачу тут ніякай праблемы і нават не бачу неабходнасці даваць атрымальніку справаздачу”.

 

У федэрацыі глядзяць на сітуацыю інакш.

 

Ёсць юрыдычная асоба ААТ ФК “Крумкачы”, якая знаходзіцца ва ўзаемаадносінах з іншай юрыдычнай асобай АБФФ, — каментуе прэс-сакратар АБФФ Аляксандр Алейнік. — У дадзенай сітуацыі, неабходнае юрыдычнае абгрунтаванне такога плацяжу. На сённяшні дзень пытанне не вырашанае”.

 

Ці сапраўды клуб разлічыўся з гульцамі

 

Разлічыцца з футбалістамі, якія падалі заявы ў федэрацыю, трэба было да 21 лютага. Па словах Маяроўскага, клуб ведаў пра 6-7 такіх скаргаў, і пытанне урэгуляваў.

 

Таксама мы разлічваемся з тымі, хто не пісаў у федэрацыю, каб яны не адчувалі сябе пакрыўджанымі, — дадаў ён. — У бліжэйшы час абсалютна ўсе нашы спартоўцы атрымаюць грошы”.

 

У федэрацыі інфармацыя крыху іншая. Там кажуць, што у Камітэт па статусе і пераходах футбалістаў АБФФ звярнулася 14 гульцоў і трэнераў, перад якімі ў футбольнага клуба меліся запазычанасці. На дадзены момант свае заявы анулявалі толькі пяць чалавек.

 

У клубе адказваюць, што пра такую колькасць зваротаў там даведаліся толькі 21 лютага.

 

“Я не ведаю нават прозвішчаў тых гульцоў, — парыруе Маяроўскі. — Думаю, што даведаўшыся пра тое, што мы выплачваем грошы, людзі палічылі, што зварот у федэрацыю — добры інструмент, і панеслі новыя заявы. Наконт іх паступлення нас федэрацыя афіцыйна пакуль не апавясціла”.

 

Тое, што са спартоўцамі разлічваюцца, пацвярджаюць некалькі гульцоў. Самы вядомы з іх, Вячаслаў Глеб, быў прыемна здзіўлены, што “Крумкачы” усё ж такі знайшлі фінансы.

 

Колькі грошаў яшчэ неабходна вярнуць

 

Зразумела, што ў клубе на гэтае пытанне не адказваюць, спасылаючыся на тое, што інфармацыя канфідэнцыйная. Але, калі пачатковая сума была 190 тысяч долараў, а “Крумкачы” пакуль толькі часткова разлічыліся з гульцамі, БАТЭ і федэрацыяй (а тут толькі адзін узнос на сезон больш за 20 тысяч долараў), можна толькі ўявіць, колькі яшчэ неабходна сродкаў, каб разабрацца з усімі праблемамі.

 

Адкуль з’яўляюцца грошы, каб разлічыцца з запазычанасцямі самае галоўнае пытанне

 

Чуткі, што камандзе дапамагае дзяржава, Маяроўскі не пацвярджае.На дадзены момант наш статус застаецца такім, як быў. Калі гэта зменіцца і ці зменіцца наогул, пакуль невядома”, — падкрэслівае ён. Ніякага спонсара ён таксама не называе. Маўляў, “трэба набрацца цярпення, паколькі інфармацыя на дадзены момант канфідэнцыйная”.

 

Еўрарадыё: То бок Дзяніс Шунто дастае грошы з уласнай кішэні?

 

Маяроўскі: Можа — з кішэні, можа — з куфара (смяецца).

 

А вось Вячаслаў Глеб згадвае, што калі сустракаўся з Дзянісам, каб забраць доўг, на пытанне “адкуль?”, кіраўнік “Крумкачоў” толькі усміхнуўся, дадаўшы, што як толькі клуб атрымае ліцэнзію, “гэты чалавек адразу дасць інтэрв'ю і распавядзе, чаму прыйшоў у футбол”. Атрымоўваецца, што спонсар не мае непасрэднага дачынення да гульні. У кулуарах ходзяць чуткі, што ён не з Беларусі.

 

Што будзе далей

 

На наступным тыдні ў федэрацыі пройдзе пасяджэнне Камітэта па статусе і пераходах футбалістаў. Па яго выніках стане зразумела, ці з’явіцца ў “Крумкачоў” магчымасць зноў падпісваць гульцоў. Пасяджэнне Камітэта па клубным ліцэнзаванні АБФФ, на якім будуць разглядацца пытанні аб выдачы ліцэнзіі на наступны сезон, запланавана на 12 сакавіка. Пакуль клуб не падаў неабходны пакет дакументаў. Таксама застаецца пытанне па даўгах і дзіцячых школах.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі