Святло даражэла сем разоў за год, ацяпленне — тры, паліва — пяць разоў!

На вуліцы на пытанне Еўрарадыё "Што, на ваш погляд, даражэла болей за ўсё ў мінулым 2013 годзе?" мінчукі спачатку губляюцца: “Усё даражэла”. Толькі потым канкрэтызуюць — паліва, камунальныя плацяжы ды прадукты.

Мінчанка Марыя ўздыхае — за цэннікамі нават не сочыць, але канкрэтна яе больш за ўсё ўражваюць кошты на… мастацкія прыналежнасці.

“У параўнанні з мінулым годам, прыкладна ўдвая падаражэлі”, — падлічвае мастачка.

Пенсіянерка Яўгенія скардзіцца на праезд у грамадскім транспарце (за год кошт талончыка вырас на 76% — з 1700 рублёў да 3000 рублёў), а студэнты — на падвышэнне кошту на… ксеракопію.

Сярод частых узгадак — паліва. Яно даражэла пяць разоў за год!

“Я за коштамі не сачу, за палівам — сачу, у мінулым месяцы мо два разы даражэла. Быццам па кішэні і не б’е, але… непрыемна”, — кажа Еўрарадыё заўзятая аўтамабілістка Алена

Найбольш заўважным для мінчанкі Алесі было падаражэнне камунальных плацяжоў.

“Я пачала жыць на кватэры, а мінулым годам жыла ў інтэрнаце, і заўважыла, што вельмі раслі кошты менавіта на камуналку”, — прыпамінае дзяўчына. Ведала б яна, што яшчэ чакае беларусаў у гэтым годзе: камунальныя плацяжы будуць індэксавацца ў залежнасці ад сярэдняга заробку!

Камунальныя тарыфы няхай і не пацяжэлі быццам бы нашмат, але ў лідарах па колькасці падаражэнняў за год. Да прыкладу, святло даражэла сем разоў, ацяпленне — тры.

Самыя заўважныя падаражэнні — рост цэн на прадукты. Тут мінчукі нават не спрабуюць угнацца за статыстыкай — што ні дзень, новыя кошты.

“Малочка” ўся падаражэла, мяса, хлеб”, — пералічвае яшчэ адна мінчанка Алена.

Разам з ёй падлічваем, што адзін і той жа набор прадуктаў: хлеб, малако, курыца, масла, яйкі, батон, сыр і бульба — падаражэў на 48%! Гэта па коштах Белстата. А ў параўнанні з рэальнымі лічбамі? Алена кажа, што любы паход у краму — 100 тысяч рублёў, плюс-мінус. І быццам бы нічога не купляе — “толькі стандартныя прадукты”!

Сярод топ-падаражэнняў прадуктаў — бульба (115%), мука (54%), гарэлка (27%), яйкі (28%), а таксама сыры, малочныя прадукты ды рыба.

У Мінэканомікі тлумачаць, чаму даражэе тая ж бульба (у лістападзе 2012 года кіло — 1882 рублі, у лістападзе 2013 года — 4064 рублі), і нават загадваюць загадку.

“Вось як вы думаеце, якая бульба будзе даражэйшая — маладая ці тая, што прадаюць у сакавіку? Правільна, тая, што ў сакавіку. Яна будзе даражэць, бо на яе захоўванне ўжо выдаткавалі грошы, хоць, да прыкладу, бульба ў кастрычніку значна смачнейшая, чым у сакавіку, пагадзіцеся”, — разважаюць у Мінэканомікі.

Між тым, бульбяныя чыпсы падаражэлі за год толькі на 1,8%...

А вось чаму расце ў цане сыр? Да прыкладу, згодна з Белстатам, цвёрды сыр у студзені каштаваў 62 000 рублёў, а ў лістападзе — ужо 70 000 рублёў за кіло, і гэта далёка не мяжа, бо трэба яшчэ такі сыр пашукаць.

На Слуцкім сыраробным камбінаце тлумачаць, чаму даражэе сыр і ўся “малочка”.

“Бо сталі даражэць іх закупачныя кошты на сыравіну! 87% кошту — гэта сыравіна!” — кажуць на заводзе. Цэны залежаць літаральна ад усяго — ад кошту ўпакоўкі, энергарэсурсаў, закупачных коштаў…

Цікава, што пры такім раскладзе ялавічына без касці, свініна ў 2013 годзе ў параўнанні з папярэднім нават… патаннелі.

На Гродзенскім мясакамбінаце тлумачаць: мяса патаннела з-за афрыканскай чумы свіней ды акцый.

“Многа розных акцый праводзілі для гандлю, каб прывабіць пакупнікоў. А вось сала таннела, бо знізіўся экспарт у Расію свініны, і, каб не загружаць склады свінінай, мы яе распрадавалі па больш нізкіх коштах”, — кажуць у Гродне. Заўважаюць, што быццам бы ў бліжэйшы час ялавічына ды свініна даражэць не будуць, але гэта толькі “на сёння, а вось ніхто не ведае, што будзе заўтра”. 

У Мінэканомікі заўважаюць, што цэны на большасць сацыяльна значных прадуктаў будуць адпускаць "на свабоду". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі