Тры памылкі міністра Шуневіча (+бонус — памылка Следчага камітэта)

Тры памылкі міністра Шуневіча (+бонус — памылка Следчага камітэта)

Некаторыя выказванні кіраўніка Міністэрства унутраных спраў моцна здзіўляюць тых, каго непасрэдна тычацца. Мы сабралі тры гісторыі.

 

Гісторыя першая — пра завяршэнне следства па справе Уладзіміра Беражкова.

"Тое, што я ведаю — справа ў стадыі завяршэння і накіравання ў суд. Тэрмін утрымання пад вартай Беражкова падаўжалі выключна з-за неабходнасці азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы. Ён азнаёміўся з імі разам з адвакатам", — кажа Ігар Шуневіч журналістам (агенцтва БелТА) 15 снежня. Журналісты радуюцца і тэлефануюць адвакату Беражкова, распытаць, калі ўжо суд і што там у матэрыялах справы такога цікавага. Але адвакат былога генеральнага мэнэджара хакейнага “Дынама” Уладзіміра Беражкова Вольга Стэчман пытанням журналістаў моцна здзівілася. І ў каментарыі сайту by.tribuna.com паведаміла, што “Следства не закончанае, з матэрыяламі справы ніхто не знаёміў”. Незадача.

Тры памылкі міністра Шуневіча (+бонус — памылка Следчага камітэта)

Калі скончыцца следства па справе Беражкова

Тэрмін папярэдняга следства па крымінальнай справе Уладзіміра Беражкова падоўжаны на месяц — да 13 студзеня. Як піша "Прессбол", следства працягваецца.

Гісторыя другая — Ігар Шуневіч і футбольныя фанаты.

11 лістапада кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола (Сяргей Румас і Сяргей Сафар’ян) наведвае Міністэрства унутраных спраў. Запрашае футбольных чыноўнікаў туды сам Ігар Шуневіч, хоча пагаварыць пра арганізацыю чэмпіянату на наступны год і стаўленне міліцыі да балельшчыкаў ды фанатаў.

Пасля сустрэчы Сяргей Сафар’ян расказвае пра спробу абараніць светлае імя футбольнага балельшчыка. Па яго словах, у Федэрацыі заўважылі, што апошнім часам прэс-рэлізы міліцыі запоўніліся згадкамі, пра футбольных фанатаў, затрыманых за разнастайныя і не звязаныя з футболам правапарушэнні. Заўважылі і пагаварылі пра гэта з міністрам Ігарам Шуневічам. Той паабяцаў, што больш словазлучэнні “футбольны фанат” ці “футбольны балельшчык” у зводках, не звязаных з футболам, ужывацца не будуць.

Толькі пасля сустрэчы Шуневіча з Румасам і Сафар’янам гэтых паведамленняў менш не стала (а магчыма, нават больш). Зноў незадача.

Тры памылкі міністра Шуневіча (+бонус — памылка Следчага камітэта)

Міліцыя не змагла апублікаваць відэа, на якім фанаты нецэнзурна лаюцца

Гэты скандал здарыўся на роўным месцы 12 кастрычніка падчас футбольнай гульні Беларусь-Македонія. АМАПаўцы затрымалі некалькіх заўзятараў, у якіх на вопратцы была выява гістарычнага герба “Пагоня”. Назаўтра траім асобам далі па 1,8 мільёна штрафу за “нецэнзурную лаянку” і “непадпарадкаванне службовай асобе”.

Гісторыя трэцяя — міністр Шуневіч і відэа з лаянкай балельшчыкаў зборнай.

"Звяртаю вашу ўвагу, што адміністрацыйнай альбо іншай адказнасці па гэтым знаку — гербе "Пагоня" — не існуе. І не трэба спекуляваць на нейкай інфармацыі. Уся адказнасць ляжыць на тых, хто гэтую інфармацыю дае… Гэта была банальная сітуацыя з футбольнымі фанатамі, калі ім зрабілі заўвагі за нецэнзуршчыну. Ёсць і відэазапіс, і паказанні сведак, якія пацвярджаюць гэта. Фанаты не рэагавалі, былі ў стане алкагольнага ап'янення", — расказаў міністр Ігар Шуневіч пасля гучнай гісторыі з затрыманнем фанатаў на матчы Беларусь—Македонія. Фанаты перакананыя, што затрымлівалі іх менавіта за шалікі і майкі з выявай “Пагоні”.

Адразу некалькі СМІ ўхапіліся тады за гэтую гісторыю, на баку балельшчыкаў нават выступілі ФК “Нёман” і, небывалая з’ява, АБФФ. Еўрарадыё даслала запыт у МУС з просьбай падзяліцца доказамі вінаватасці балельшчыкаў. Адтуль прыйшла адпіска — усе матэрыялы накіраваныя ў суд Барысаўскага раёна, а журналісты могуць абысціся і без іх.

Тры памылкі міністра Шуневіча (+бонус — памылка Следчага камітэта)

Што расказваюць пра затрыманага у метро "Уручча" інваліда суседзі

Інцыдэнт скалыхнуў мінскую падземку ў пятніцу 18 верасня. Паводле афіцыйнай версіі, да міліцыянтаў паступіла скарга на жабрака, які прасіў міласціну. Мужчына аказаў супраціў. Многія пасажыры метро раз’юшыліся, калі ўбачылі, як на сляпога надзелі кайданкі і пацягнулі за ногі прама па падлозе.

Гісторыя чацвёртая — пра Следчы камітэт і хулігана-інваліда.

Відэа з брутальным затрыманнем глуханямога інваліда ў метро “Уручча” абляцела ўвесь байнэт і моцна ўдарыла па аўтарытэце беларускай міліцыі. Праз некалькі дзён з’явілася тлумачэнне ад Следчага камітэта.

“У ходзе першапачатковых следчых дзеянняў устаноўлена, што 41-гадовы ураджэнец Мінска, раней неаднаразова судзімы, у тым ліку за маёмасныя злачынствы, а таксама злоснае і асабліва злоснае хуліганства. Рэгістрацыі не мае, пражывае ў сваякоў, на працягу некалькіх гадоў займаецца жабраваннем, пазіцыянуючы сябе інвалідам па слыху і гаворкі”, — гаварылася там.

З паведамлення можна здагадацца, што затрыманы на метро “Уручча” насамрэч інвалідам сябе толькі “пазіцыянуе”, але ім зусім не з’яўляецца. Вось толькі гэта зусім не так — інваліднасць затрыманага пацвердзілі журналістам шматлікія сведкі, родныя і нават урачы.

Тры памылкі міністра Шуневіча (+бонус — памылка Следчага камітэта)

Не інтэпрэтуйце мае словы

Ігар Шуневіч

Што на ўсё гэта скажа сам міністр Шуневіч?

Журналіст Еўрарадыё Зміцер Лукашук запытаўся пра памылкі у Шуневіча падчас адной сесій парламента. Цытуем яго тлумачэнні да дзвюх сітуацый:

“Не інтэпрэтуйце мае словы. Я сказаў, што па маіх дадзеных тэрмін патрабаваўся для азнаямлення. Азнаёміўся ён (Беражкоў, — Еўрарадыё), ці не — я ж не магу ведаць. Я не ўдзельнік працэсу… Што тычыцца відэа з футбольнымі заўзятарамі (затрыманымі на “Барысаў-Арэне” падчас матча Беларусь-Македонія), то гэта ўсё словы. Калі былі запыты, давайце фактамі апераваць, былі запыты? Каму патрэбнае гэтае відэа, каму патрэбныя доказы? Канкрэтна. Ёсць звароты? Я па сваёй ініцыятыве прэсе не магу доказы даваць, спрабаваць абараняцца. Навошта мне гэта?”

 

Былі запыты, спадар міністр, былі. Адказу на іх не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі