У Беларусі працуе болей за 241 тысячу індывідуальных прадпрымальнікаў
У Беларусі на пачатку года была зарэгістравана 241,3 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі параўноўваць з 2018 годам, то іх колькасць узрасла на 5,2 тысячы, паведамляе TUT.by са спасылкай на дадзеныя Белстата.
Болей за ўсё іпэшнікаў у Мінску — 73,8 тысячы. Меней за ўсё ў Віцебскай вобласці — 21,6 тысячы.
Пераважная колькасць такіх прадпрымальнікаў займаецца аптовым і рознічным гандлем, а таксама занятая ў рамонце аўтамабіляў і матацыклаў — 87,7 тысячы. Але ў параўнанні з мінулым годам ІП з такімі відамі дзейнасці стала меней на 675 чалавек. На другім месцы знаходзяцца тыя, хто працуе ў транспартнай, складской, паштовай і кур’ерскай сферах — 30 тысяч чалавек, прычым іх стала болей на 2 тысячы. На трэцім месцы па колькасці ІП знаходзяцца асобы, якія абіраюць прафесійную, навуковую і тэхнічную дзейнасць — 27,2 тысячы (на 1,2 тысячы болей).
Скарачэнне колькасці ІП адбылося ў будаўніцтве, а ў прамысловасці, нерухомасці і адукацыі іх стала болей.
Меней за ўсё ІП у сферы фінансаў і страхавання — толькі 228 чалавек, прычым у параўнанні з мінулым годам іх стала амаль удвая меней (скарачэнне на 195 чалавек).