У Беларусі пратэст па-грэцку проста немагчымы

Нашая суайчынніца Людміла, якая жыве ў Грэцыі, распавядае пра тое, што там адбываецца і чаму ў Беларусі такі пратэст немагчымы. У нядзелю ў Грэцыі аднавіліся беспарадкі. Каля 100 дэманстрантаў закідалі бутэлькамі з запальнай сумессю паліцэйскі пастарунак у афінскім раёне Экзархія. Менавіта ў гэтым раёне тыдзень назад праваахоўнікі застрэлілі 15-гадовага анархіста, чыя смерць справакавала масавыя акцыі пратэсту. Хваляванні, напады і знішчэнне памяшканняў працягваліся ў Грэцыі тыдзень. У выніку гэтых дзеянняў, было затрымана 258 чалавек, з іх 56 замежнікаў.

ЕРБ: Люда, распавядзі калі ласка, што ж насамрэч адбываецца?

Людміла: У гэтым удзельнічае ў асноўным студэнцтва. Студэнты левых перакананняў, аматары камуністычных ідэяў, я б так гэта назвала. Усё, што кажуць наконт трагедыі з падлеткам, па апошніх звестках, гэта сапраўды жудасны выпадак, бо хлопчык апынуўся зусім ні пры чым. Цяпер вядзецца поўнае расследаванне. Але тое, што адбылося потым – гэта наступствы, да гэтага падключыліся ўсе астатнія, таму што сапраўды вельмі шмат незадаволеных існуючым рэжымам. Ну а моладзь – яна заўжды першая ідзе на барыкады. На мой погляд, моладзь цяпер, з таго што я бачу, моцна выкарыстоўваюць радыкальныя палітычныя сілы, якія хочуць падарваць цяперашнюю палітычную сітуацыю. Спачатку былі гэтыя пагромы, потым у сераду падключыліся прафсаюзы, цяпер ужо выйшлі на страйк фермеры. Усе да гэтага падключаюцца, толькі кожны са свайго боку, каб падкрэсліць, што тая партыя, якая цяпер кіруе, не спраўляецца з сітуацыяй, не можа кантраляваць увесь гэты хаос, не можа даць адэкватных умоваў ні для фермераў, ні для працоўных, бо сітуацыя сапраўды крытычная.

ЕРБ: Як грэкі, якія не ўдзельнічаюць у пратэстах, рэагуюць на апошнія падзеі?

Людміла: Грэкі спрабуюць абараніць сябе. Вельмі просты прыклад з жыцця: калі раней машыну на вуліцы было немагчыма прыпаркаваць, цяпер гэта не праблема, бо ўсе спрабуюць свае аўтамабілі схаваць неяк так, каб проста захаваць сваю ўласнасць. Мой муж – грэк - цудоўна разумее, што ўсё гэта палітыка і тое, што адбываецца зараз з моладзю, адбываецца ўжо ў пяты раз. Аднак, прабачце, калі пачынаюць разварочваць крамы і знішчаць маёмасць звычайных людзей, якія да палітычнай сітуацыі не маюць ніякага дачынення, я лічу, што гэта вандалізм. Паліцыя не можа ўмяшацца, таму што баіцца трапіць у чарговы скандал.

ЕРБ: А калі параўноўваць тое, што адбываецца, з беларускімі акцыямі пратэсту?


Людміла: Такая сітуацыя проста немагчымая ў беларускай рэчаіснасці. Пратэст у Беларусі вельмі млявы. Тэмпераменты розныя. Грэкі па сваёй сутнасці эмацыйныя. Калі ім штосьці не падабаецца, яны выказваюць гэта актыўна і бурна, і яны будуць пратэставаць, пакуль не разнясуць усё астатняе ў акрузе. Тут сітуацыі страйкаў вельмі частыя. Самае цікавае, што астатнія, нават калі ім гэта дастаўляе дыскамфорт, ставяцца да гэтага нармальна. Ну бурчаць, але такіх вось выказванняў кшталту “Вось, прыдуркі, ім што, рабіць больш няма чаго?” няма. Ніколі я не чула. Ну правільна, так. Яны выказваюць сваё меркаванне. Павага ёсць не проста да чужога меркавання, а да таго, што людзі спрабуюць вырашыць нейкія праблемы, паказаць, што іх не задавальняюць тыя ўмовы, у якіх яны працуюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі