У Беларусі скароцяць 7-8% рабочых?

З такой прапановай выступіў міністр эканомікі Беларусі, але самі прадпрыемствы сцвярджаюць, што залішніх рабочых у іх няма.
Міністр эканомікі Мікалай Зайчанка занепакоены тым, што рост заробкаў у Беларусі перавышае прадукцыйнасць працы. На яго думку, праблему можна было б вырашыць, скараціўшы колькасць “лішніх” працоўных месцаў на прадпрыемствах. Але такія звальненні не адпавядаюць сацыяльнай палітыцы.

Еўрарадыё звярнулася да эканамістаў з просьбай патлумачыць сітуацыю. Ці ёсць сапраўды праблема звышзанятасці на беларускіх прадпрыемствах?

Эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што на буйных прадпрыемствах рабочых можна звальняць цэхамі:

“Сапраўды, такая праблема ёсць. І існуе яна абсалютна на ўсіх прадпрыемствах, асабліва дзяржаўных. Вы можаце зайсці на любое прадпрыемства: МАЗ, БелАЗ, у любую жылкантору, дзяржаўную краму – людзей там таўчэцца незлічоная колькасць, заробак высокі, яны проста перашкаджаюць адзін аднаму працаваць.

На буйных прадпрыемствах – там увогуле цэлыя цэхі ёсць лішнія”.

У той жа час Леанід Заіка зазначае, што такія размовы вядуцца даўно і выказвае сумнеў у тым, што яны дойдуць да рэальных дзеянняў:

“Прэзідэнт баіцца беспрацоўя. Калі гэта будзе сапраўды адбывацца, то ўзровень беспрацоўных падскочыць да 7-8% - гэта вельмі рэальна. А калі ўвогуле прыбраць усё непатрэбнае, то і ўсе 12% будзе”.

Нагадаем, што цяпер, па афіцыйных даных, узровень беспрацоўя складае ўсяго 1%.

Эканаміст даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык лічыць, што звальненнямі рабочых праблему росту прадукцыйнасці не вырашыш:

“Наколькі я ведаю, Нацбанк праводзіць каньюнктурныя апытанні, згодна з якімі, калі не памыляюся, 7-8% працоўнай сілы на прадпрыемствах – залішнія.

Але мне ідэя Зайчанкі не падабаецца. Само па сабе звальненне не дае паляпшэння якасці кіравання прадпрыемствам. Гэта не значыць, што звольніўшы працоўных, прадпрыемства стане раптам высокарэнтабельным і пачне вырабляць патрэбную ўсім прадукцыю”.

Эканаміст упэўнены, што прадпрыемствам трэба дазволіць самім вырашаць, каго наймаць, а каго звальняць, і ўзгадвае, што ў 2002 годзе праводзілі палітыку звальнення рабочых. У той час асноўнай прычынай была няздольнасць прадпрыемстваў выплочваць заробак:

“2002 год – гэта быў год пасля выбараў, 2007 год – таксама год пасля выбараў. Адзінае што, гэтыя гады трошку розныя, бо 2002-і быў больш складаны з пункту гледжання знешняй сітуацыі. У гэтым годзе сітуацыя даволі спрыяльная для Беларусі, калі не ўлічваць цану на газ”.

Па словах Аляксандра Чубрыка, пяць год таму вялікага эканамічнага эфекту такая палітыка не дала, а сацыяльны эфект наадварот быў негатыўным:

“У той час быў рост афіцыйнага і неафіцыйнага беспрацоўя. Нягледзячы на эканамічны рост, які быў зарэгістраваны ў той час Мінстатам, узровень беднасці павялічыўся. І гэта часткова адбылося ў выніку звальненняў, таму што беспрацоўныя ў нас ніяк не з’яўляюцца сацыяльна абароненай групай. Памер дапамогі смешны, якіхсьці сацыяльных гарантыяў у іх няма…”

Цікава тое, што самі мінскія прадпрыемствы адмаўляюць неабходнасць скарачэння штатаў. Ні “МАЗ”, ні “Гарызонт”, ні “Камволь” не збіраюцца павялічваць прадукцыйнасць шляхам звальнення рабочых. “У нас іншая праблема”, - сказалі ў аддзеле кадраў ААТ “Камволь”, - “нам, наадварот, не стае кадраў”.

Начальнік аддзела ідэалогіі “Гарызонта” Уладзімір Казакевіч таксама запэўніў Еўрарадыё, што скарачэнняў яны не праводзяць:

“Мы такім шляхам не ідзем. Наадварот, маладых спецыялістаў у гэтым годзе набралі: і з вышэйшай адукацыяй, і з сярэднеспецыяльнай, няхай і невялікую колькасць… Мы стараемся амалоджвацца.

Прадукцыйнасць працы, яна ж не толькі ад колькасці работнікаў залежыць: тут ёсць шмат фактараў, за кошт якіх можна яе павялічыць – гэта і сучаснае абсталяванне, і іншыя… Няма такога, каб паменшыў колькасць рабочых – і каб абавязкова павялічылася вытворчасць…”.

Толькі на Мінскім гадзіннікавым заводзе “Прамень” прызналіся: “Мы працуем у гэтым напрамку, скарачэнне ідзе”.

Чаму так адбываецца, тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў:

“Занятасць у Беларусі рэгіянальна вельмі нераўнамерна размеркаваная. У Мінску сапраўды цяпер збольшага не стае працоўнай сілы, а калі ўзяць абласныя і маленькія гарады, то там іншая сітуацыя.

З іншага боку, на тым жа “Камволі”, напэўна, ёсць рабочыя, якія ім не патрэбны. Тут адных хапае, іншых - не”.

У кожным разе, калі прадпрыемствы ўсё ж такі пачнуць праводзіць скарачэнні, звольненым рабочым давядзецца самім пра сябе клапаціцца. Аляксандр Чубрык мяркуе, што тут сітуацыю магло б выратаваць развіццё малога бізнэсу, але з гэтым у нас сітуацыя складаная:

“Калі заканчваецца кантракт, чалавека могуць проста звольніць, і нічога яму, па вялікім рахунку, не плацяць. Пакуль чалавек лічыцца працоўным – працуе, напрыклад, няпоўны дзень, атрымлівае нейкі мінімальны заробак, пры гэтым нічога не робіць…

Вось традыцыйны клопат па-беларуску аб фактычна беспрацоўных. Але калі яны стануць рэальна беспрацоўнымі, ніхто пра іх акрамя іх саміх не паклапаціцца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі