У цэнтры для нелегальных мігрантаў у Літве ледзь не пачаліся беспарадкі
Цэнтр рэгістрацыі замежнікаў у Пабрадзе / lrt.lt
Супрацоўнікам дзяржаўнай памежнай службы Літвы прыйшлося прымяніць слёзатачывы газ і вырабіць некалькі стрэлаў у паветра, каб супакоіць нелегальных мігрантаў у Цэнтры рэгістрацыі замежнікаў у Пабрадзе. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы.
Цэнтр рэгістрацыі замежнікаў — гэта месца, куды часова змяшчаюць тых, хто просіць аб прытулку, да прыняцця рашэння аб іх прававым статусе. Напярэдадні вечарам некалькі дзясяткаў чалавек ледзь не зладзілі тут беспарадкі, сталі абурацца абмежаваннямі, накладзенымі судом, і паспрабавалі выйсці за тэрыторыю. Бунтавалі людзі, якіх размясцілі не ў інтэрнаце, а ў намётавым мястэчку.
"Каб прадухіліць магчымыя беспарадкі, памежнікі ўжылі слёзатачывы газ і зрабілі два стрэлы ў паветра з помпавага пісталета гумовымі кулямі", — распавялі ў Службе аховы дзяржмяжы.
Людзі вярнуліся на свае месцы. Медыцынская дапамога нікому не спатрэбілася. Зараз спецыяльныя службы выяўляюць ініцыятараў незадаволенасці. Іх плануюць ізаляваць.
Паток нелегальных мігрантаў у Літву сёлета істотна вырас. З пачатку года літоўскія памежнікі спынілі больш за 500 нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі ўехаць у краіну з тэрыторыі Беларусі. Гэта лік больш чым у шэсць разоў вышэй, чым было ў 2020 годзе. За аналагічны перыяд у мінулым годзе на літоўска-беларускай мяжы быў затрыманы 81 такі замежнік.
З больш чым 500 нелегалаў, затрыманых сёлета на мяжы з Беларуссю, больш за 320 — гэта грамадзяне Ірака.
Аляксандр Лукашэнка ў апошнія месяцы неаднаразова заяўляў, што ў адказ на еўрапейскія санкцыі Беларусь больш не будзе стрымліваць патокі нелегальных мігрантаў у ЕС. 22 чэрвеня ў Брэсцкай крэпасці ён, у прыватнасці, казаў пра "сотні мільёнаў долараў", якія краіна траціла ў тым ліку і на ўмацаванне мяжы з ЕС (варта адзначыць, што Еўрасаюз дапамагаў у гэтай справе фінансамі). "Так і хочацца спытаць: вы што там, ачумелі наогул? Вы супраць нас развязалі гібрыдную вайну і патрабуеце ад нас, каб мы вас абаранялі, як і раней?"— казаў Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.