У Францыі адбылося некалькі нападаў на мячэці
Хваля гвалтоўных дзеянняў была адзначаная адразу ў некалькіх гарадах краіны.
8 студзеня ў Францыі абвешчаны дзень жалобы па ахвярах нападу на сатырычны часопіс Charlie Hebdo. Тым не менш у розных гарадах краіны адбылося некалькі нападаў.
Так, у раёне Манруж на поўдні Парыжа ўзброены мужчына напаў на супрацоўніцу паліцыі (жанчына пазней памерла) і цяжка параніў яшчэ аднаго чалавека. Сам нападнік уцёк. Пакуль невядома, ці звязаны гэты інцыдэнт з нападам на Charlie Hebdo.
У горадзе Вільфранш-сюр-Сон недалёка ад Ліёна адбыўся выбух побач з мячэццю, паведамляе ВВС. Інцыдэнт адбыўся ў кебаб-закусачнай, ніхто не пацярпеў. Улады лічаць, што гэты выбух звязаны з нападам у сераду, бо ў рэстаране збіраюцца людзі, якія наведваюць мячэць.
Акрамя таго, у ноч на чацвер невядомыя закідалі светлашумавымі гранатамі мячэць у горадзе Ле-Ман на захад ад Парыжа. Некалькі стрэлаў было зроблена ў бок мусульманскай малельнай залы ў Пор-ла-Нувель на поўдні Францыі.
Паліцыя апублікавала фатаграфіі двух чалавек, якія падазраюцца ў нападзе на рэдакцыю часопіса Charlie Hebdo. У вышук аб'яўлены браты Куашы — 34-гадовы Саід і 32-гадовы Шэрыф. Паліцыя папярэдзіла, што яны ўзброеныя і небяспечныя. Трэці падазраваны ў нападзе, 18-гадовы Амід Мурад, па паведамленнях прэсы, здаўся ў рукі паліцыі самастойна і сцвярджае, што не датычны да злачынства.