У Гродне ўтрая вырасла колькасць школьных траўмаў
З восені 2020 года ў Гродне рэзка пайшла ўверх статыстыка па школьных траўмах, піша hrodna.life. Колькасць паведамленняў пра такія траўмы выраслы ўтрая ў параўнанні з ранейшымі месяцамі.
Лекары вядуць улік дзіцячых траўмаў у садках, школах, аздараўленчых летніках, каледжах і ліцэях апошнія шэсць гадоў. Да 2020-га ў прыёмным аддзяленні Гродзенскай абласной дзіцячай клінікі звычайна рэгістравалі па 8-12 такіх зваротаў у месяц.
Аднак ужо ў кастрычніку 2020 года было зарэгістравана 17 зваротаў, у лістападзе — 22, у снежні — 30. У студзені 2021 года былі зарэгістраваныя 34 пацыенты.
Загадчыца прыёмнага аддзялення Гродзенскай абласной дзіцячай клінікі Аксана Варанцова кажа, што змяніўся і характар траўмаў. Раней часцей за ўсё былі траўмы, атрыманыя на ўроку фізкультуры.
"Але з 2020 года на слыху іншыя абставіны: "Аднакласнік выкруціў руку", "Білі аднакласнікі па галаве і жывата нагамі" „"Пабіўся з аднакласнікам", "Штурхнула аднакласніца", "Ударыў аднакласнік у нос", "Ударыў аднакласнік пакетам з абуткам па галаве 30 разоў", "Напалі з нажом у каледжы", — пералічвае яна.
Псіхолаг, загадчыца кафедры клінічнай і кансультатыўнай псіхалогіі БДПУ Аксана Шульга звязвае гэты восеньскі рост з напружанасцю ў грамадстве.
"Чым вышэй узровень гвалту, тым больш гэта адбіваецца на псіхалагічным стане людзей. Бацькі, настаўнікі, іншыя дарослыя знаходзяцца ў напрузе. Хтосьці пра гэта кажа, хтосьці маўчыць, хтосьці стрымліваецца. Калі няма магчымасці прагаварыць, прапрацаваць негатыўныя эмоцыі, яны будуць выяўляцца на паводніцкім узроўні. Усё гэта мы транслюем дзецям", — адзначае яна. Па словах спецыяліста, на школьніках такая сітуацыя адбіваецца вельмі сур'ёзна, бо яны яшчэ не ўмеюць кіраваць сваімі паводзінамі, кантраляваць злосць і агрэсію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.