У Парыжы пройдзе грандыёзны Марш адзінства
Ён стане міжнароднай акцыяй памяці ахвяраў тэрактаў апошніх дзён, якія здарыліся ў Францыі.
Парыж рыхтуецца да намечанага на нядзелю маршу ў памяць ахвяр тэрактаў апошніх дзён. Чакаецца, што ў акцыі прыме ўдзел болей за мільён чалавек.
Міністр унутраных спраў Францыі Бернар Казнёў паабяцаў зрабіць “выключныя захады” для захавання бяспекі нядзельнай акцыі, якая атрымала назву “рэспубліканскі марш” або “марш адзінства”.
У Парыжы будзе размешчана болей за 5500 паліцыянтаў і вайскоўцаў. У цэнтры французскай сталіцы па шляху марша на дахах дамоў будуць знаходзіцца снайперы.
У маршы будзе ўдзельнічаць прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, а таксама яшчэ болей за 40 кіраўнікоў дзяржаў.
У сераду, 7 студзеня браты Шэрыф і Саід Куашы ўварваліся ў рэдакцыю сатырычнага часопіса Charlie Hebdo у Парыжы. У выніку гэтага нападу былі забітыя 12 чалавек, у тым ліку 8 журналістаў і два паліцыянты — і яшчэ 11 атрымалі раненні.
У чацвер у раёне Манруж на поўдні Парыжа была забітая супрацоўніца паліцыі. Улады мяркуюць, што гэтае забойства здзейсніў Ахмед Кулібалі, які звязаны з братамі Куашы.
У пятніцу раніцай Ахмед Кулібалі захапіў закладнікаў у краме кашэрных прадуктаў у раёне Порт-дэ-Венсэн на ўсходзе французскай сталіцы.
У другой палове дня ў пятніцу браты Саід і Шэрыф Куашы загінулі ў перастрэлцы з паліцыяй, якая адбылася пасля шматгадзіннай асады друкарні ў горадзе Дамартэн-ан-Гаэль на поўначы ад Парыжа.
Адразу пасля гэтага антытэрарыстычныя сілы ўзялі штурмам кашэрную краму, вызваліўшы 15 закладнікаў. Ахмед Кулібалі быў забіты. Загінулі чатыры закладнікі. Згодна з заявамі французскіх уладаў, Кулібілі забіваў іх яшчэ да пачатку штурма.
Цяпер французскія спецслужбы занятыя пошукам магчымых паплечнікаў Кулібалі і братоў Куашы.
У суботу ў розных гарадах Францыі адбыліся маршы ў памяць ахвяр нападаў гэтага тыдня. Усяго ў іх прынялі ўдзела каля 700 тысяч чалавек, перадае ВВС.
Фота: REUTERS