У Скандынавіі беларускіх студэнтаў навучаць ствараць парламент?

Беларускія студэнты могуць паехаць вучыцца актыўнаму студэнцкаму жыццю і ўплыву на адміністрацыю ўніверсітэта ў Скандынавіі. Такую думку на сустрэчы з Грамадскім студэнцкім саветам агучвае міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. Менавіта ўдзельнікаў гэтага савета і прапануецца адправіць набірацца досведу.

На думку міністра прадстаўнікі Грамадскага студэнцкага савета могуць пераймаць досвед еўрапейскіх краін. У прыватнасці, Міхаіл Жураўкоў адзначае якасць працы грамадскіх саветаў у Скандынавіі, перадае сайт Мінадукацыі.

Глядзім, што ж можа даць беларускім студэнтам досвед гэтых паўночных краін.

Студэнцкі парламент з лібераламі, сацыялістамі і кансерватарамі

Ва ўніверсітэце ў Осла, як і ў іншых універсітэтах Нарвегіі студэнты абіраюць свой парламент. Там жа ёсць партыі — сацыялісты, лібералы, кансерватары. Але балатавацца ў парламент можа кожны жадаючы, нават замежнік. Выбары ўсеагульныя, з тыднем агітацыі і электронным галасаваннем. Замежнікі таксама могуць абірацца і галасаваць.

“Усе студэнты галасуюць у электронным выглядзе. Партыі, якія ёсць у парламенце, падобныя да тых, што існуюць у краіне. Яны ж рыхтуюць свае перадвыбарныя праграмы, — расказвае ў мінулым студэнтка ўніверсітэта ў Осла Дар’я Шут. — Студэнты ў праграмах могуць прапанаваць, напрыклад, змяніць вучэбныя планы”.

Універсітэцкі парламент будуе інтэрнат і выдзяляе грошы на святы

Але вучэбныя планы — не адзіная кампетэнцыя нарвежскага студэнцкага парламента. Апроч іншага, яны могуць заблакаваць рашэнне адміністрацыі аб закрыцці навучальнага курса, паставіць ліхтары каля інтэрнатаў, выдзеліць грошы на свята для замежных студэнтаў.

Я быў на паседжанні ва ўніверсітэце Тромсэ. Закрывалі магістарскую праграму па антрапалогіі. Студэнты звярнуліся да студэнцкага парламента і праграму не зачынілі, — апісвае Аляксандр Луцэвіч, старшыня Брацтва арганізатараў студэнцкага самакіравання. — звярнуўся афрыканскі студэнцкі саюз, папрасіў грошы на святкаванне — 15 тысяч крон (45 мільёнаў рублёў), у выніку далі 30 мільёнаў, калі на беларускія грошы. Паднялі пытанне, чаго не хапае, пастанавілі будаваць інтэрнат”.

На тым жа паседжанні парламент вырашыў паставіць ліхтары, бо ў студгарадку цёмна, ды разгледзелі спрэчку наконт электрычнасці двух студэнтаў: адзін карыстаўся разеткай іншага.


Фота: nordicblog.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі