У якіх умовах трэніруюцца лёгкаатлеты, ад якіх мы патрабуем медалёў?

Пасля чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы спартсмены публічна раскрытыкавалі забеспячэнне беларускага спорту. Да прыкладу, Аліна Талай прызналася, што не атрымлівала належнай фармакалогіі і сама сабе распісвала вітамінную праграму. Былы кіраўнік Лёгкаатетычнай федэрацыі Анатоль Бадуеў распавёў, што за ім сышлі ўсе кваліфікаваныя ўрачы, і распісваць тую праграму няма каму.

Беларускія чыноўнікі часта бэсцяць спартсменаў, якім нібыта “ўсё забяспечана”. Еўрарадыё на свае вочы пабачыла палі для молата, дыска і ядра, дзе трэніруюцца нашы топавыя спартсмены. Менавіта кідальна-штурхальныя дысцыпліны стабільна прыносілі Беларусі алімпійскія медалі.   

Спачатку ацаніць аб’ектыўны стан палёў просім топавую беларускую штурхальніцу ядра ― Надзею Астапчук.

“На жаль, у нас бетон не могуць заліць нармальна, ― пачынае з праблем спартсменка. ― Возьмем, напрыклад, палі для кідальнікаў на вуліцы Каліноўскага (спарткомплекс “Працоўныя рэзервы”. ― заўв. Еўрарадыё). Дык як можна было заліць бетон, што ён выкрышваецца? Па ім жа машыны не ездзяць, толькі людзі ходзяць!”

Сама Надзея Астапчук праводзіла заключныя зборы перад Алімпіядай-2012 у Раўбічах. Там забяспечылі добрае харчаванне, далі нумар у гасцініцы і зацэментавалі прамавугольную латку.

Трэніровачны сектар Надзеі Астапчук у Раўбічах. Сёння гэтай "латкі" ўжо няма. Фота 2012 года

“У нас быў проста кавалак бетону, без круга, ― узгадвае Надзея Астапчук. ― Мы адмяралі 2 метры 13 сантыметраў, усталёўвалі свой сегмент (драўлянае прыстасаванне, за якое нельга заступаць. ― заўв. Еўрарадыё), малявалі лініі і штурхалі. У прынцыпе, каб проста патрэніравацца, гэта нармальна. Але потым, на спаборніцтвах, ты заходзіш у нармальны круг, вакол усё ў гуме, пакрыццё ідэальна роўнае. Абсалютна іншыя ўражанні. Усё гэта ўплывае на вынік. Таму лепш, калі ў цябе нармальны стандартны круг, як на спаборніцтвах, з добрым пакрыццём. Але звычайна проста няма выбару. Даводзіцца трэніравацца на тым, што ёсць ці што сам зробіш”.

Задаём пытанне наконт якасці нашых кідальных сектараў Эліне Зверавай ― генеральнаму сакратару Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Чыноўніца цудоўна ведае праблему, бо сама выйгравала Алімпіяду і грымела на топ-спаборніцтвах да 47-гадовага ўзросту. Але займае сваю пасаду Эліна Аляксандраўна нядаўна, таму падняць пытанне наконт беднага абсталявання кідальных сектараў пакуль не паспела.

“Бетоннае пакрыццё не заўжды роўнае, і гэта дадае нязручнасцяў падчас трэніровак”, ― агучвае яна праблему.

Едзем паглядзець кідальныя сектары Міншчыны на ўласныя вочы ― у “Стайкі”, на “Працоўныя рэзервы” і ў “СКА-Уручча”. На ўсіх гэтых аб’ектах трэніраваліся ці выступалі, бадай, усе беларускія зоркі молата, дыска і ядра.

На кідальным полі “Працоўных рэзерваў” (вул. Каліноўскага) красуюцца тры сектары пад молат і дыск. Усе металічныя канструкцыі агароджаны сеткай, амаль цэлай. Заліўка бетонам выглядае нармальнай ці нават добрай. Прынамсі, калі паставіць у сектар навічка. Прафесіяналу ж ёсць да чаго прычапіцца. Бетон месцамі ўсё ж няроўны. А іржавы круг на галоўным сектары пагнуты, нібыта яго спрабавалі адкалупнуць і здаць на металалом. Гэта не ўсе фішкі. Тэрыторыя, на якую павінен упасці снарад, адзначана самаробнымі лініямі. Зроблены яна…з цэлафанавых абгортак ад хлеба “Сілічы”.

Непадалёк ад саматужнай абмежавальнай лініі бачым сканалую мышку. Паводле папярэдніх звестак, смерць наступіла, калі наша  лёгкаатлетычна зборная не ўзяла на чэмпіянаце свету ніводнага медаля.  

У полі на “Працоўных рэзервах” маецца толькі адзін паўнавартасны круг, з якога магчыма штурхаць ядро. У ролі абмежавальнага сегмента тут ― звычайная дошка. Падае снарад у парослую да лытак траву. Добрае месца ― для наведвальніка гуртка па штурханні ядра. Але не для спартсмена, які цэліць у прызы на Алімпіядзе.

Легендарнага адкрытага сектара ля “СКА-Уручча” ўжо ўвогуле няма. Сам спарткомплекс рэканструюецца. А на месцы поля, куды кідалі снарады, будуецца новы аўтахаўс.

Кіруемся ў меку кідальнікаў ― алімпійскі спартыўны комплекс “Стайкі”. Тут знаходзім нармальны сектар для штурхання ядра, з паўнавартасным кругам і абмежавальным сегментам. Прэтэнзіі могуць быць хіба да адсутнасці вызначанай тэрыторыі, у якую павінен патрапляць снарад. Ідэальнай роўнасці бетону таксама няма.

А вось бачым тры сектары для кідання молата і дыска. На адным бетоннае пакрыццё выглядае больш-менш роўным. Праўда, абмежавальны круг не замацаваны і пасунуць яго магчыма, проста пхнуўшы нагой. На другім сектары, цэнтральным, бетон у межах круга відавочна вышчарблены, круг поначы таксама можна сцягнуць і здаць на металалом. 

З трэцім сектарам, відаць, таксама не ўсё ў парадку. Па слядах ад падзенняў молата відаць, што ім карыстаюцца ў меншай ступені.

Апісаныя ў гэтым матэрыяле кідальныя аб’екты, па ідэі, самыя перадавыя ў краіне. І па іх даглядзе добра відаць, што спартсмены, размаўляючы пра праблемы, не жартуюць. Хоць здавалася б, што можа быць больш танным і справядлівым, чым прывесці ў парадак палі для кіданняў і штурханняў. Не напрактыкаваным вокам відаць, што тэзіс пра “спартсменам забяспечаны ўсе ўмовы для падрыхтоўкі” лёгка аспрэчваецца.

"Працоўныя рэзервы", сектары для кідання

Абмежавальны круг у цэнтральным сектары на полі "Працоўных рэзерваў"

Недасканалае бетоннае пакрыццё сектараў для кідання молата і дыска можа адбівацца на выніку

Рэканструкцыя спорткомплекса "СКА-Уручча", дзе павінны ўсталяваць новы крыты сектар для ядра

Сектар для штурхання ядра ў "Стайках"

"Стайкі". Сектары для кідання молата і дыска.

Абмежавальны круг можна лёгка ссунуць з патрэбнага месца

Праблемны бетон на галоўным сектары "Стаек"

Так выглядае мяжа ў 75 метраў, куды молаты беларусаў сёння далятаюць рэдка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі