Выхавацелька з Мінска: працую за 2,2 мільёны, але працу змяняць яшчэ думаю…

На сайце Мінпрацы толькi за апошні месяц — 100 (!) вольных месцаў для выхавацеляў дзіцячых садкоў. Спецыялістаў шукаюць з вышэйшай і сярэднеспецыяльнай адукацыяй, можна пенсіянераў. Болей за ўсё вакансій выхавацеля ў Гродне, прапаноўваюць у сярэднім 2,5 мільёны. А вось максімум абяцаюць у дзіцячым садку № 273 Мінска. Тут выхавацель з сярэднеспецыяльнай адукацыяй можа атрымаць 4 мільёны рублёў — гэта самая шчодрая, пэўна, прапанова.

 “Гэта нейкая памылка, гэта адрукоўка”, — разгублена кажуць мне ў гэтым садку№ 273. — Нашы выхавацелі працуюць з дадатковымі нагрузкамі, і то, столькі не атрымліваюць! Працуюць па дванаццаць гадзін — з сямі да сямі. Цякучка вялікая, патрабуюцца пастаянна. Аднаго возьмем, другі звольніцца”.

За заробак у 1,6-2,5 мільёны рублёў людзі працуюць па паўсутак і не звальняюцца? Чаму так, спрабую высветліць у выхавацелькі з Ліды Святланы. Дзяўчына распавядае, што ўжо год як не працуе — у дэкрэтным адпачынку. Да дэкрэта атрымлівала каля трох мільёнаў з даплатамі, як малады спецыяліст. Кажа, што і цяпер нічога не памянялася, мяркуючы па словах калег.

“Адкладвала каля 100 баксаў прыкладна штомесяц. Назбірала на вяселле, на сукенку — сукенка ў мяне 500 долараў каштавала, хацелася, каб ніхто не насіў да мяне. Мы ж беларусы такія людзі, што будзем і жыць, і адкладваць грошы”, — здзіўляе Святлана. Прызнаецца, калі з’явілася дзіця, адкладваць нічога не атрымліваецца.

Святлана разкідвае выдаткі: дапамога на дзіця — каля двух мільёнаў, нерэгулярныя заробкі і ў мужа. Усе грошы ідуць на дзіця, на аплату арэнды кватэры — 100 долараў, камунальныя плацяжы — 700 тысяч за аднапакаёўку ў кватэры, дзе ніхто не прапісаны. Мужу цяпер зрабілі візу, ён дальнабойшчык, і таму Святлана спадзяецца на больш высокія заробкі.

“Я б і сама паехала ў Польшчу, каб была віза!” — усклікае яна і кажа, што ў садок вернецца ў крайнім выпадку, будзе шукаць працу.

Каб болей плацілі хаця б удвая — такое меркаванне ў выхавацелькі Алесі з Камянца. Дзяўчына кажа, што атрымлівае каля 3 мільёнаў рублёў. Яна і яе двухгадовы сын літаральна жывуць на грошы бацькоў, адзін з самых апошніх буйных набыткаў — тэлефон на ўвесь заробак яшчэ да цяжарнасці.

Пытаюся, ці не было думак звольніцца з такой працы — заробак маленькі, а трэба выхоўваць дзіця, Алеся кажа, што варыянтаў для выхавацеля з маленькім дзіцём ў маленькім горадзе не шмат.

“Уладкавацца амаль нідзе нельга, горад маленькі”, — кажа дзяўчына і прызнаецца, што памяняць працу хацелася б.

Заробак выхавацелькі дзіцячага садка Мінскага трактарнага завода (яна прасіла не называць яе імя) — 2,2 мільёны рублёў. Дапамагаюць бацькі, хросная, ды цёткі-дзядзькі. Пытаюся, на ці хапае ў яе грошай на самае неабходнае.

“Неабходнае, вы маеце на ўвазе хлеб, малако, цукар ды соль? (смяецца). На гэта хапае, а вось на каўбасу трошкі лепшую, ці яшчэ на што — не вельмі”.

Распавядае, што жыве ў інтэрнаце ад завода “за капейкі”, дзеліць пакой з яшчэ адной дзяўчынай. І гэта, на думку дзяўчыны, неблагі варыянт, бо “сяброўкі здымаюць двухпакаёўку і жывуць шасцяром-васьмяром”.

 Выхавацелька памяняць працу быццам бы і не супраць. Але трымае інтэрнат ды адпачынак.

 “Думала, каб працу памяняць, але на гэтым я і завісла. У нас адпачынак — 43 дні і заўсёды летам, ды і інтэрнат, а мінская прапіска многае значыць!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі