Выказваем заклапочанасць: Еўропа баіцца цэн на газ, а Тайвань — толькі Кітая
Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё
Навіна, якую беларусам не зразумець: экс-супрацоўніца Facebook просіць улады ўмяшацца, каб зрабіць сацсетку бяспечнейшай. Яшчэ адна навіна, якую беларусам пакуль што не зразумець: у Еўропе працягвае даражэць газ, ён не "трошкі даражэйшы, чым у Смаленску" , ён проста страшна дарагі.
А вось навіна, блізкая кожнаму: праз далёкі тайфун на Філіпінах можа знізіцца вытворчасць батончыкаў "Баунці".
Энергетычны крызіс у Еўропе
З кожным днём у Еўропе становіцца толькі горш. Таму што даражэй. Глабальны рост попыту на газ сутыкнуўся з крызісам прапанавання.
Цэны на электраэнергію і газ у Еўропе б'юць рэкорды практычна кожны дзень. Некаторыя энергаёмістыя кампаніі вымушаныя закрываць вытворчасць: гэта танней, чым утрымліваць яго. А гэта яшчэ зіма не пачалася, калі многія еўрапейцы ўключаць абагравальнікі.
Міністры фінансаў Францыі, Іспаніі, Грэцыі, Чэхіі і Румыніі звярнуліся да ЕС з сумеснай заявай: просяць распрацаваць інструментарый, які дапамог бы "неадкладна рэагаваць на рэзкі скачок цэн". Яны заклікалі расследаваць, як выйшла, што бягучых газавых кантрактаў аказалася недастаткова — і ў выніку так прыкметна павысіўся попыт і выраслі цэны. Міністры таксама лічаць, што ЕС павінен каардынаваць закупкі, каб "падвысіць нашу перамоўную пазіцыю", і заклікаюць да перагляду рынкаў электраэнергіі.
Сітуацыя пагаршаецца тым, што краіны якраз спрабуюць выйсці з крызісу, выкліканага пандэміяй COVID-19. Пакуль меры супрацьстаяння цэнам толькі абмяркоўваюцца, а не прынятыя, застаецца спадзявацца толькі на мяккую зіму.
Глабальная нястача газу прымушае трывожыцца і ЗША. Ф'ючэрсы на газ так не даражэлі з 2008 года.
"Проста няпраўда"
Былая супрацоўніца Facebook Фрэнсіс Хоген на слуханнях у Сенаце заявіла, што кампанія ставіць прыбытак вышэй за інтарэсы карыстальнікаў. Пазней яна выступіла і ў тэлеэфіры:
"Былі канфлікты інтарэсаў, калі даводзілася выбіраць паміж тым, што добра для грамадства, і тым, што добра для Facebook. Facebook зноў і зноў выбіраў аптымізацыю ў сваіх уласных інтарэсах, напрыклад, каб зарабіць больш грошай".
Што ж, Марк Цукерберг адказаў: "Гэта проста няпраўда". Ён напісаў ліст сваім супрацоўнікам, а таксама апублікаваў яго.
Па словах Цукерберга, Facebook не атрымлівае выгады ад кантэнту, які выклікае ў людзей гнеў або дэпрэсію. Больш за тое, калі колькі гадоў таму кампанія змяніла алгарытмы работы стужкі навін, каб паказваць карыстальнікам больш паведамленняў ад сяброў і сваякоў, яна ведала, што робіць гэта на шкоду сабе. Людзі пасля абнаўлення сталі траціць на фэйсбук менш часу.
Можна колькі хочаш дамагацца праўды ад Цукерберга і падазраваць яго. А потым успамінаеш, як перажыў шэсць гадзін без фэйсбука.
Зрэшты, Хоген не хоча "дабіць" сацсетку, яна хоча, каб фэйсбук стаў бяспечнейшы. А для гэтага просіць умяшання ўладаў.
Антысемітызм у Асвенціме
У музеі Асвенціма выявілі нацысцкія надпісы. Праблема ў тым, што гэта свежыя надпісы, і вандалаў ужо шукаюць.
Антысеміцкія фразы і лозунгі з'явіліся на дзевяці бараках, іх нанеслі аэразольнай фарбай. Паліцыя вядзе расследаванне, і як толькі яна збярэ ўсю неабходную інфармацыю, надпісы знішчаць.
Выпадкі вандалізму ў гэтым месцы — рэдкасць. Тут загінулі не менш як 1,1 млн чалавек.
Тайвань устрывожаны
Дзіва што: міністр абароны лічыць, што напружанасць у адносінах з Кітаем максімальная за сорак гадоў. І чакае, што Пекін можа арганізаваць уварванне на востраў да 2025 года.
Гэтая заява прагучала на фоне таго, як Кітай чатыры дні запар адпраўляў самалёты ў зону проціпаветранай абароны Тайваня.
Нагадваем, у чым рэч: Тайвань лічыць сябе суверэннай дзяржавай. А Пекін лічыць Тайвань правінцыяй, якая згубілася.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн не турбуецца: ён сказаў, што яго кітайскі калега Сі Цзіньпін пагадзіўся выконваць "Тайваньскае пагадненне". Гаворка пра тое, што Вашынгтон прызнае "адзін Кітай" і не называе Тайвань Кітайскай рэспублікай, хоць Тайваню гэтага хацелася б. Кітай адзін — і цэнтр у яго ў Пекіне, згаджаецца Вашынгтон.
Але гэта не перашкаджае Вашынгтону падтрымліваць трывалыя, хоць і неафіцыйныя адносіны з Тайванем. Напрыклад, прадаваць зброю Тайваню, каб той мог сябе абараняць. І не лічыць, што Тайвань — частка мацерыковага Кітая.
Тайвань аддзяліўся ад мацерыка, калі камуністы захапілі ўладу ў 1949 годзе.
Аналітыкі пішуць, што Пекін усё больш трывожаць спробы ўрада Тайваня схіліць востраў да абвяшчэння незалежнасці.
Калі вам падабаецца серыял пра "дарожныя карты" і вы не ведалі, што б яшчэ падобнае паглядзець, рэкамендуем сачыць за адносінамі Кітая і Тайваня. Там усё яшчэ цікавей.
Дэфіцыт “Баўнці”
Расійская структура амерыканскай карпарацыі Mars папярэдзіла: шакаладных батончыкаў "Баўнці" можа стаць менш, але толькі на складах, піша "Коммерсант".
Прычына — неўраджай какоса, выкліканы тайфунам на Філіпінах. У найбліжэйшыя 2-3 гады ўраджаі знізяцца.
Як парадаваць чытача? Спярша спалохаць яго загалоўкам, а потым супакоіць. Так і зробім.
На паліцах у крамах батончыкі застануцца, вы не заўважыце бяды: у карпарацыі досыць запасаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.