Выказваем заклапочанасць: Еўропа ў шоку ад беларуска-польскай мяжы і рахункаў
Агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё
Актора Дэніэла Крэйга падвысілі да ганаровага камандуючага каралеўскага флоту. Пасля агляду сусветных навін надзея толькі на агента 007.
"Замерзнуць да смерці на краі ЕС"
З такім загалоўкам выйшаў сюжэт на ВВС. Край ЕС — гэта мяжа Беларусі і Польшчы. Журналіст ВВС Нік Бік здолеў пагаварыць з мігрантамі на тэрыторыі Польшчы: ён знайшоў іх у лесе недалёка ад мяжы.
"Яны гуляюць намі ў футбол", — гэта мігранты кажуць пра польскіх і беларускіх памежнікаў.
Мігранты расказалі журналісту, што яны прыляцелі ў Беларусь з розных краін: ім абяцалі, што яны змогуць трапіць у суседнія краіны ЕС.
Мужчына голасам, які збіваецца ад холаду, расказвае, як з боку Беларусі яго правялі да польскай мяжы і паказалі пралаз, дзе няма польскіх памежнікаў. Цяпер яны замярзаюць у лесе. У кагосьці пераахаладжэнне, хтосьці не еў і не піў некалькі дзён.
"Палітыкі гавораць пра палітыку, але мы бачым проста людзей. Гэта людзі, якім патрэбна дапамога, медыцынская дапамога, міжнародная абарона, каб іх не вярнулі ў краіны, у якіх ім пагражае небяспека", — кажа польская валанцёрка Марта.
Журналісту — як і яго калегам, як і гуманітарным арганізацыям — не дазволілі праехаць у памежную зону.
"Мы занепакоеныя тым, што свет проста не можа даведацца, што там адбываецца", — рэзюмуе ён.
У вас уключылі ацяпленне?
Еўропа вам зайздросціць. Людзі сутыкаюцца з вялізнымі рахункамі за электраэнергію, урады розных краін спрабуюць прыдумаць спосабы, што з гэтым рабіць.
Пагрэцца на зіму ў Іспанію лепш не ехаць. Тут кошт электраэнергіі за год вырас на 35%. Уладальніца невялікай крамкі расказвае ВВС, што стараецца па максімуме працаваць пры дзённым святле, каб хоць неяк ашчаджаць. Падобная сітуацыя ў Італіі і Вялікабрытаніі.
Financial Times тлумачыць рост цэн на электрычнасць у шэрагу еўрапейскіх краін трыма прычынамі: зніжэнне аб'ёмаў паставак прыроднага газу з Расіі, канкурэнцыя на рынку пастаўшчыкоў і праблемы з ветракамі. Для выпрацоўкі энергіі ветру не стае таго самага ветру.
Гэты энергетычны крызіс можа перашкодзіць планам ЕС сур'езна ўзяцца за рашэнне іншага крызісу — экалагічнага. Вось-вось павінен прайсці кліматычны саміт ААН, на якім краіны вось-вось возьмуць на сябе сур'ёзныя абавязацельствы па скарачэнні выкідаў. Але з такімі цэнамі на электраэнергію — ці возьмуць?
На Сардзініі затрымалі Пучдэмона
І вельмі не ў час. Карлас Пучдэмон — экс-кіраўнік урада Каталоніі, аўтаномнага рэгіёна Іспаніі. Чатыры гады таму ён ініцыяваў рэферэндум аб незалежнасці рэгіёна. Афіцыйны Мадрыд прызнаў яго незаконным, Пучдэмон і яшчэ два яго міністры пакінулі Іспанію, а шэраг іх прыхільнікаў арыштавалі.
З тых часоў экс-кіраўнік Каталоніі жыў у ЕС і нават быў сябрам Еўрапарламента. І тут ён вырашыў прыехаць на італьянскую Сардзінію дзеля фестывалю каталонскага фальклору. І яго затрымалі.
У сакавіку Еўрадэпутаты вырашылі зняць з яго недатыкальнасць. А іспанскага ордара на арышт ніхто не адмяняў. Што рабіць з каталонскім мяцежнікам далей, павінен будзе вырашыць італьянскі суддзя.
Але наогул арышт Пучдэмона цяпер не патрэбны і Мадрыду. З каталонскім урадам якраз спрабуюць наладжваць адносіны, каб даўжэй пажыць у міры, згодзе і без рэферэндумаў. Улетку нават памілавалі прыхільнікаў Пучдэмона — затрыманых пасля рэферэндуму сябраў каталонскага ўрада.
Дэніэла Крэйга падвысілі да Джэймса Бонда
І пра подзвігі. Актор, які 15 гадоў іграе Бонда, атрымаў званне ганаровага камандуючага каралеўскага флоту. І такім чынам Дэніэл Крэйг зраўняўся ў званні са сваім экранным персанажам.
Зусім хутка выйдзе новы фільм пра Бонда, адкладзены праз пандэмію. Яго аўтары цесна працавалі з Каралеўскім флотам і Міністэрствам абароны Вялікабрытаніі, так што ўсё лагічна.
Задача ганаровага афіцэра флоту — быць яго своеасаблівым амбасадарам і расказваць свету, чым займаецца Каралеўскі флот. Крэйг вось-вось раскажа пра гэта ў новым фільме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.