Выказваем заклапочанасць: расследаванне, што прымусіла пачырванець, і мір свету

Агляд сусветных навін / Еўрарадыё
Агляд сусветных навін / Еўрарадыё

Міру ва ўсім свеце ў нас для вас пакуль няма. Але Венесуэла і Паўночная Карэя робяць для яго дасягнення ўсё магчымае. Так, сур'ёзна, менавіта яны.
 

Пра што могуць дамовіцца Гуайдо і Мадура

"Пазіцыі двух бакоў зблізіліся ў пошуках развязанняў праблем у сацыяльных, эканамічных і палітычных пытаннях", — з гэтай заявай звярнуўся да журналістаў пасярэднік у перамовах паміж венесуэльскім урадам і апазіцыяй Даг Найландэр.

Афіцыйнаму Каракасу трэба, каб Захад змякчыў санкцыі: у краіне беспрэцэдэнтны крызіс, больш як мільён чалавек пакінулі краіну. Днямі давялося ў адказ на гіперінфляцыю нават зрэзаць у балівара — нацыянальнай валюты — шэсць нулёў.

Апазіцыі на чале з Хуанам Гуайдо патрэбна драбніца: гарантыі, што рэгіянальныя выбары гэтай восенню пройдуць сумленна.

Пра што менавіта дамовіліся палітычныя сапернікі, у чым знайшлі пункты перасячэння — незразумела. Ні дзейны прэзідэнт Мадура, ні Гуайдо на гэтай сустрэчы не прысутнічалі.

Але Нікалас Мадура ў эфіры дзяржТБ назваў гэтыя перамовы "яшчэ адным паспяховым крокам".

 

Трэба пагаварыць

Лінію сувязі паміж Паўднёвай і Паўночнай Карэяй адновяць. Цяпер бакі хоць бы зноў змогуць пагаварыць.

КНДР заблакавала ўсе лініі сувязі з Паўднёвай Карэяй у 2020 годзе: актывісты адправілі на тэрыторыю Паўночнай Карэі ўлёткі з прапагандай, накіраванай супраць афіцыйнага Пхеньяна. Тады адносіны і разладзіліся.

А цяпер у Сеуле спадзяюцца, што магчымасць мець зносіны знізіць напружанне на паўвостраве. Доўгі час звычайная камунікацыя паміж дзвюма краінамі і нават сувязь паміж адміністрацыямі дзяржаўных лідараў былі абцяжараныя.

Адносіны паміж дзвюма Карэямі ў гэтым месяцы развіваліся даволі дынамічна. Спярша Пхеньян выпрабоўваў адну за адной новыя ракеты, а на мінулым тыдні заявіў, што ў "Паўночнай Карэі няма прычын правакаваць Поўдзень або прычыняць яму шкоду".

Сеул яшчэ раней яўна прадэманстраваў, што хоча міру. У мінулым месяцы прэзідэнт Мун Чжэ Ін, выступаючы з трыбуны ААН, прапанаваў, каб краіны абвясцілі: вайна на Карэйскім паўвостраве скончаная.
 

Галоўнае расследаванне восені

Больш як 600 журналістаў са 117 краін атрымалі доступ да схаваных актываў адных з самых уплывовых людзей на планеце. Адно з найбуйнейшых глабальных расследаванняў у гісторыі заснавана на 12 мільёнах дакументаў і файлаў. Тры тэрабайты інфармацыі пра тое, як палітыкі, мільянеры і іншыя сыходзяць ад падаткаў, журналістам перадаў невядомы добразычлівец.

У гэтым расследаванні, якое назвалі "Дасье Пандоры", шмат адкрыццяў. Напрыклад, маштаб скупкі нерухомасці ў Вялікабрытаніі праз таемныя, але легальныя афшорныя схемы. А ЗША ў расследаванні названыя "найбуйнейшым падатковым сховішчам".

У "Дасье Пандоры" згадваюцца прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, кароль Іарданіі Абдала II ібн Хусэйн, кенійскі прэзідэнт Ухуру Кеніята, прэм'ер-міністр Чэхіі Андрэй Бабіш, гендырэктар "Растэха" Сяргей Чэмезаў.

Адным словам, "Дасье Пандоры" прымусіла пачырванець многіх.
 

Вярніце твітар

Экс-прэзідэнт ЗША Дональд Трамп усё яшчэ мае намер вярнуць сабе твітар-акаўнт. Ён ужо звяртаўся ў суд з пазовам да амерыканскіх сацыяльных сетак у цэлым, але вырашыў не чакаць гэтага рашэння і запатрабаваў асобна вярнуць яму менавіта твітар. Або яго — у твітар.

Twitter пакуль не адрэагаваў на зварот Трампа ў суд.

У суд Трамп звярнуўся яшчэ ў ліпені. Акрамя Twitter, агульны пазоў адрасаваны Facebook і Google. Трамп патрабуе прызнаць практыку цэнзуравання кантэнту антыканстытуцыйнай. Ён плануе не толькі вярнуць шматмільённую аўдыторыю, але і атрымаць кампенсацыю за блакаванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі