Выказваем заклапочанасць: вы не бачыце навін з Афганістана, а іх шмат
Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё
Жанчынам у Афганістане лепш схавацца дома, але калі яны жанчыны-суддзі, то дома ім не схавацца. У рэгулярным аглядзе Еўрарадыё расказваем пра самыя галоўныя і далёка не самыя галоўныя навіны свету.
Жанчыны-суддзі на ўцёках
Масума была ў Афганістане суддзёй. Цяпер яна на ўцёках, а Масума — не сапраўднае яе імя, а псеўданім, пад якім яна пагадзілася пагаварыць з журналістамі ВВС.
За сваё жыццё Масума асудзіла сотні мужчын за гвалт у адносінах да жанчын. Вінаваты ў згвалтаванні, забойствах, катаваннях — усё гэта яе прысуды.
Калі "Талібан" прыйшоў да ўлады, турмы адчыніліся. Масума пачала атрымліваць эсэмэс, галасавыя паведамленні, уваходныя званкі з невядомых нумароў. Суддзі пагражалі смерцю. У тую ж ноч яна ўцякла са свайго горада і да гэтага часу хаваецца. Як і яшчэ 220 жанчын-суддзяў.
Некалькі месяцаў таму Масума асудзіла чалавека на 20 гадоў пазбаўлення волі за жорсткае забойства жонкі.
"Пасля таго як справа была скончаная, злачынец падышоў да мяне і сказаў: "Калі я выйду з турмы, я зраблю з вамі тое, што я зрабіў са сваёй жонкай".
Тады Масума не надала значэння гэтым пагрозам. А праз некалькі месяцаў талібы адчынілі дзверы турмаў.
"Іх норавы"
Мы ўжо расказвалі вам пра тысячы мігрантаў на мяжы Мексікі і ЗША. Многія з гэтых людзей — выхадцы з Гаіці, краіны, у якой да крызісу эканомікі і аховы здароўя дадаўся яшчэ і палітычны. Гэтыя людзі пераадолелі найскладанейшы ў свеце пераход, каб апынуцца на амерыканскай мяжы. І многіх з іх ужо пасадзілі ў самалёт і адправілі дадому.
Выслалі ўжо каля 4 тысяч чалавек, затрыманых памежнай службай у штаце Тэхас.
Неабраны лідар Гаіці Арыэль Генры хоча наладжваць адносіны з ЗША і кажа, што разумее амерыканскую адміністрацыю. Краіна будзе вітаць вяртанне тых, хто ўцёк адсюль 12 гадоў таму пасля катастрафічнага землятрусу.
Праблема толькі ў тым, што, калі гаіцяне вярнуліся дадому, яны даведаліся: на іх радзіме стала яшчэ больш небяспечна, чым было. У сталіцы — усплёск гвалту, і банды трымаюць горад у страху. А гэта ўжо не проста эканамічныя праблемы.
Які чалавек у Брытаніі самы патрэбны
Асцярожна, гэтая навіна можа выклікаць востры прыступ настальгіі па 2011-м.
На запраўках Брытаніі чэргі. У выходныя яны выраслі на 500%! Прычына не ў тым, што не стае паліва — з ім усё ў норме. Прычына ў тым, што не стае кіроўцаў цыстэрнаў, якія развозілі б гэта паліва па запраўках.
Вы спытаеце: а пры чым тут настальгія па 2011-м? Улады сказалі, што ў крызісе вінаватыя ў тым ліку самі кіроўцы, якія сталі ў чаргу, каб купіць паліва, якое вось-вось можа стаць дэфіцытным, у запас.
Але на самай справе і іншай праблемы не адмаўляюць: у краіне велізарныя складанасці з кіроўцамі. Бракуе тысяч чалавек! Прычына і ў "брэксіце", і ў пандэміі: кіроўцы-замежнікі лічаць за лепшае працаваць бліжэй да дому. Ёсць і іншыя прычыны: кіроўцы ідуць на пенсію ў 55 гадоў, а ўмовы працы — не самыя прывабныя, вось новыя кіроўцы і не прыходзяць на працу.
Але цяпер гэтым, здаецца, зоймуцца грунтоўна, кожны раз войска прыцягваць не будзеш. Спачатку ўлады выдадуць 5 тысяч часовых віз кіроўцам-замежнікам. А тым часам будуць думаць, як кардынальна развязаць праблему.
Брытанцы, дарэчы, паніку ўжо адставілі. Чэргі зноў меншаюць.
Кубак вады будзе каму падаць. Але не бясплатна
Французскія "макдональдсы" становяцца на шлях zero-waste. Больш ніякай вады ў пластыкавых бутэльках. Хочаце вады — вам наліюць з-пад крана ў кардонны кубак. Само сабой, гэтая вада ўжо прабегла праз некалькі фільтраў. Так можна пазбегнуць больш як тысячы тон пластыкавых адходаў, кажуць у кампаніі.
Толькі заплаціць за такую ваду трэба будзе 2,3 еўра. Намеснік мэра Парыжа, які адказвае за водазабеспячэнне, быў крыху збянтэжаны. Кошт водаправоднай вады ў Парыжы — 0,003 еўра за літр. У "Макдональдсе" — ну, трохі даражэй.
Прадстаўнік "Макдональдс" сказаў, што для таго, каб ачысціць ваду на "99,99%", патрэбныя ўсё ж пэўныя інвестыцыі. І з аднаго боку, усё правільна. Але ў Нацыянальнай асацыяцыі спажыўцоў сказалі, што хоць і юрыдычна правільна, але ўсё роўна крыху крыўдна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.