Выказваем заклапочанасць: выкраданне ў Еўропы і плюшавы канцлер

Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё

Францыя пакуль не збіраецца дараваць ЗША і Вялікабрытаніі, а Германія збіраецца развітвацца з Ангелай Меркель. Важныя і адна плюшавая навіна гэтага дня — у рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
 

Дажджлівы дзень у Нью-Ёрку

Кожны дзень мы стараемся трымаць вас у курсе галоўных сусветных навін. Але калі вы прапусцілі ўсе агляды Еўрарадыё, яшчэ не позна ўсё нагнаць. Проста сачыце за самітам ААН, які вось-вось пачнецца ў Нью-Ёрку, там абсалютна дакладна абмяркуюць усё.

Прычым дыпламатаў не ўдалося пераканаць застацца дома і выступіць са зваротам па відэасувязі, як гэта было летась. Большасць краін настаялі: мы хочам прысутнічаць асабіста!

Яшчэ б: абмеркаваць плануюць сітуацыю ў Афганістане і становішча жанчын пры ўрадзе талібаў, клімат і смяротныя наступствы глабальнага пацяплення, вакцынацыю, супрацьстаянне ЗША і Кітая, якое нарастае. Не сабрацца для гэтага разам — амаль тое самае, што адмовіць сабе ў задавальненні пісаць каментары ў тэлеграм-чатах. Пагадзіцеся, абсалютна немагчыма.

Такім чынам, 76-я сесія Генасамблеі пачне працу ўжо заўтра, у аўторак. Будзем чакаць, ці паедзе ў Нью-Ёрк кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей.

 

Яшчэ не памірыліся

Памятаеце галоўную навіну мінулага тыдня? ЗША, Вялікабрытанія і Аўстралія заключылі пакт АУКУС. Сярод іншага гэта значыць, што ЗША падзеліцца з Аўстраліяй тэхналогіямі будаўніцтва атамных падлодак.

А яшчэ гэта значыць, што Аўстралія разрывае дамову аб будаўніцтве звычайных падлодак з Францыяй. Францыя палічыла гэта ўдарам у спіну, за выходныя замірэння не адбылося. Амбасадары з Вашынгтона і Канберы адкліканыя ў Парыж.

Вялікабрытаніі таксама не варта думаць, што ёй няма пра што турбавацца. Міністры абароны Злучанага Каралеўства і Францыі якраз павінны былі сустрэцца. Але Парыж сказаў: давайце як-небудзь наступным разам.

Брытанія працягвае ўгаворваць Францыю: ніхто не збіраўся сябраваць у вас за спінай, тым больш — супраць вас. Кіраўнік МЗС кажа, што ўсе двухбаковыя адносіны перажываюць перыяды ўзлётаў і паданняў, але ён не сумняваецца, што ў канчатковым выніку адносіны з Францыяй наладзяцца.

Не хачу дадому

На мяжы Мексікі і ЗША працягваецца міграцыйны крызіс. Больш за 12 тысяч чалавек, пераважна — выхадцы з Гаіці, застаюцца пад мостам цераз раку Рыа Грандэ. Гэты мост злучае ЗША і Мексіку.

Што іх чакае наперадзе — няясна. Магчыма, яны змогуць трапіць на тэрыторыю ЗША. Або іх пасадзяць у самалёт і адправяць дадому. Тры рэйсы ўжо прызямліліся ў аэрапорце на Гаіці, кожны з іх прывёз 145 чалавек.

Але важна не толькі тое, што іх чакае наперадзе, але і тое, што яны пакінулі ззаду. За спінай гэтых людзей, магчыма, адзін з самых небяспечных пераходаў на свеце: многія прайшлі пешшу скрозь густыя джунглі паміж Калумбіяй і Панамай.

Яны здзейснілі гэты найнебяспечнейшы пераход, каб пакінуць Гаіці. Найбяднейшую краіну, якая ў 2010-м перажыла землятрус, які забраў жыцці больш як 222 тысячы чалавек. А летам гэтага года — палітычны крызіс, які пачаўся ўслед за забойствам прэзідэнта.

Таму людзі гатовыя чакаць магчымасці падаць заяву на прыстанішча ў ЗША, стоячы на спякоце 37 градусаў.
 

Плюшавы канцлер

Тэрмін паўнамоцтваў Ангелы Меркель на пасадзе канцлера канчаецца, самы час падумаць пра падарункі. Фабрыка па вытворчасці плюшавых цацак ужо паклапацілася пра гэта і выпусціла плюшавага мядзведзя. Пінжак, прычоска і пазнавальна складзеныя лапкі — не трэба доўга варажыць, каго вам нагадвае гэта медзведзяня.

Вышыня мішкі — 40 сантыметраў, кошт — 189 еўра. Аўтары мядзведзя нагадваюць: гэта не цацка, а прадмет калекцыянавання! Усяго вырабяць 500 плюшавых Меркель, адна з іх ужо зарэзерваваная асабіста для канцлера.

Меркель — не першы палітык, на адрас якога зрабілі плюшавы рэверанс. Калі Барак Абама сыходзіў з пасады, фабрыка выпусціла мядзведзя ў яго гонар. Мядзведзі ў кампаніі атрымліваюцца такімі мілымі, што дзеля такога падарунка проста хочацца пакінуць палітыку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі