Як крымскія падзеі інтэрпрэтуюць СМІ з постсавецкіх краін?

Многія украінцы з надзеяй глядзяць у бок Захаду, спадзеючыся на падтрымку ў няпростыя часы. У той час высвятляецца, што ў “братэрскіх” краінах па былым СССР з надзеяй глядзяць на саміх украінцаў, спадзеючыся пасля пераняць іх досвед у барацьбе за свабоду.

“Армяне не выпадкова з такім гістарычным сімвалізмам ставяцца да падзей ва Украіне, справа ў нашай духоўнай блізкасці, мы праходзім праз адно і тое ж чысцілішча, каб выбрацца з пекла, ніхто не кажа, што наперадзе будзе рай. І для ўкраінцаў, і для армян, і для рускіх наперадзе будзе цяжкая праца, але гэта шчырая праца”, — дзеліцца сваім меркаваннем у інтэрв’ю ўдзльнік армянскага руху “Перадпарламент”, кінарэжысёр Цігран Хзмалян.

Кінарэжысёр кажа, што “Майдан” адбываўся ў Арменіі ўжо некалькі разоў. Як у 1988-1991 гадах, калі пачалося “руйнаванне імперыі”, якое цягнецца дагэтуль.

Былая амбасадар Грузіі ў ЕС Саламэ Самадашвілі на старонках Euobserver піша, што пасля другой вайсковай інтэрвенцыі менш чым за шэсць гадоў, Захад не можа адмаўляць, што з Расіяй і Уладзімірам Пуціным “нешта не так”:

“Барацьба паміж аўтарытарызмам і свабодай не спыніцца ў Крыме. Лінія фронту для прасоўвання свабоды і дэмакратыі будзе рухацца далей на ўсход, у бок самога Крамля. Тое, што сёння зробіць Захад, будзе ў значнай ступені вызначаць будучыню мільёнаў людзей, якія жывуць у раёнах былога СССР, дзе дэмакратыя яшчэ не замацавалася, гэта тычыцца і Расіі”.

Тым часам маленькая Малдова значна больш прасунулася ў кірунку да аб’яднанай еўрапейскай супольнасці ў параўнанні з Украінай. Хутка малдаване і ўвогуле змогуць ездзіць у ЕС без віз. Але, як паведамляюць “Молдавские ведомости”, крызіс ва Украіне можа выкарыстаць Румынія, якая не супраць пашырыць свае межы. За кошт Малдовы, зразумела. А вось выданне “Панорама” разважае: дык што пасля ўсяго гэтага будзе з еўраінтэграцыяй Малдовы. З аднаго боку, і Малдова, і ЕС будуць спяшацца падпісаць дамовы. З іншага, даволі верагоднае раздрабленне Украіны можа павысіць сепаратысцкія настроі і ў Малдове.

“Панорама”: “У Малдовы ёсць свой мяцежны “паўвостраў” — прыднястроўскі, а тут яшчэ ўзніклі праблемы з Гаўгазіяй, што не захацела ў ЕС, з Таракліяй, якая натхнілася прыкладам аўтаноміі, ды і на поўдні, у Бельцах, няладна. Але галоўнае, калі перафразаваць словы вядомай песні, каб толькі не было “молдамайдана”.

У сваю чаргу, лідар апазіцыйнай “Партыі ісламскага адраджэння Таджыкістана” Мухідын Кабіры ў інтэрв’ю “Цэнтральнаазіяцкай службе навінаў”, разважае, ці магчымы ўкраінскі сцэнарый ў яго краіне, і ці баяцца такога афіцыйныя ўлады, якія пачалі ціск на ўсіх палітычных апанентаў.

Мухідын Кабіры: “Нервовасць адчуваецца. Але я думаю, што наш народ саспеў для таго, каб не дапусціць паўтарэння такіх падзей, калі палітыкі не дапусцяць грубых памылак, асабліва калі іх не дапусцяць улады”.

А казахстанскія СМІ перадаюць сухую пазіцыю ўлады: не выкарыстоўваць зброю для ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне.

Рэсурс vesti.kg спрабуе разабрацца, чый бок зойме Кыргызстан у выпадку эскалацыі канфлікту. І прыводзіць словы прэзідэнта Фонда палітычных даследаванняў Ішэнбая Абдырзакава:

“Кыргызстан не можа мець дачаненне да гэтага канфлікту. Аднак, у выпадку выхаду сітуацыі з-пад кантролю, мы павінны апынуцца на расійскім баку, улічваючы нашы ўзаемаадносіны з РФ, у тым ліку, і ў межах АДКБ. У кожным выпадку, мы мусім маліцца за Украіну, і спадзявацца на тое, што бакі змогуць знайсці ў сабе здаровыя сілы і прыйдуць да кансенсусу”.

Дарэчы, Беларусь таксама ў АДКБ (Арганізацыя Дамовы аб Калектыўнай бяспецы). Але беларускія дзяржаўныя СМІ апісваюць даволі стрымана і нейтральна тое, што адбываецца ва Украіне. У той час як міністр замежных спраў Уладзімір Макей заяўляў, што Мінск зацікаўлены ў тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Цікава, што нямецкі Deutsche Welle спрабуе адказаць на пытанне, як бы ЕС мог развязаць “крымскі канфлікт”. Згадваюцца санкцыі, але адразу ідзе агаворка: магчымасці іх выкарыстоўвання вельмі абмежаваныя. Па-першае, Расія будзе помсціць сваімі санкцыямі ў адказ. Калі зачапіць гандаль, то Крэмль абаронены рознымі правіламі Сусветнай гандлёвай арганізацыі. І не вядома, як будуць працаваць індывідуальныя санкцыі накшталт забароны на ўезд і замарозкі рахункаў, бо, напрыклад, прынятыя санкцыі супраць паплечнікаў Януковіча ўсё яшчэ не набылі моц.

Фота: cbc.ca

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі