Як пад Мінскам узімку вырошчваюць беларускія клубніцы (фота)
“Мы галандскі кампост змешваем з беларускім торфам — 50 на 50. У нас і пчолы нават ёсць. Пчолы? Беларускія!”.
Еўрарадыё паглядзела, як вырошчваюць клубніцы пад Мінскам.
На Камароўскім рынку заўважаю клубніцы, прычым нават не ягады, а кошт — 140 тысяч за кіло! З-за якога мора-акіяна іх везлі? Аказваецца, усяго толькі з-пад Мінска — з цяпліц “ДорОрса”. Дарэчы, на чыгуначным вакзале, кошт меншы — па 89 тысяч за кіло.
“Вы адразу ўбачыце гэтыя цяпліцы, увечары там такое зарава відаць”, — кажа мне спадарожнік, у якога пытаюся, дзе мне сысці з аўтобуса. Еду, каб на свае вочы паглядзець, як вырошчваюць беларускія клубніцы ўзімку.
Цяпліцы і сапраўды відаць здалёк — раскінуліся на некалькі гектараў: з памідорамі, агуркамі, зелянінай, кветкамі. Цяпліца з клубніцамі ў самым канцы.
На ўваходзе сустракае сапраўдны клубнічны пах, як улетку на “Камароўцы”, праз 15 хвілін я ўжо яго не адчуваю.
“Вось тут нас працуе трое, і я”, — кажа пасля знаёмства начальнік цэха Іна Адамовіч. Дзяўчына знаёміць з работніцамі цяпліцы і са сваім полем дзейнасці. Гэта — паўгектара цяпліц і бясконцыя радкі з кустамі ў гаршках. У цяпліцы 18 градусаў вышэй за нуль, дзяўчаты Алена, Надзя ды Кацярына Іванаўна працуюць у летняй вопратцы. Праз пяць хвілін у цяпліцы распранаюся і я — горача.
“Я за пяць гадоў працы ў цяпліцах ніводнага разу не захварэла”, — смяецца Алена.
Яна працуе тут некалькі гадоў, атрымлівае 4 мільёны чыстымі. Дзяўчына кажа, што заробку быццам бы на жыццё хапае, але, зразумела, хацелася б болей.
“У нас добра, прыходзьце да нас — у нас заробак, аванс плюс прэмія. Прэмія — мільён, бывае, калі гуркі ды памідоры ідуць і па 1,8 мільёна. Заробак без затрымак!” — запрашае на працу Іна.
Кацярына Іванаўна працуе ў цяпліцах год, а да гэтага ўсё жыццё адпрацавала ў цяпліцах на гурках ды памідорах.
Кажа, што клубніцы — гэта не так цяжка ў параўнанні з працай на памідорах. Там трэба станавіцца на вазкі, каб дастаць да самай столі, кажа, што на памідорах самае цяжкае — прыбраць цяпліцу пасля збору ўраджаю. Тут цягаеш вазок за сабой, тупаеш цэлы дзень, абед паўгадзіны, але гэта не так цяжка.
Падчас размовы Кацярына Іванаўна зрывае ягады і адразу перабірае: у адную скрыню “фарматныя клубніцы” — чырвоныя і роўныя, тыя, што ідуць на продаж, у другую — “нефармат”.
Начальнік цэха Іна кажа, што сутнасць вырошчвання клубніц не тое каб вельмі складаная — рэгулярны паліў, асвятленне, тэмпература, мінімум угнаенняў і пчолы.
“Мы працуем з галандскім сортам Эльсанта. Мы працуем тады, калі ні ў каго нічога няма, працуем ужо 8 гадоў. Сорт добра сябе зарэкамендаваў. Садзім па тры кусты ў галандскі кампост…”.
Еўрарадыё: А як жа беларускі — не падыходзіць?
Іна смяецца і кажа, што і беларускую зямлю яны таксама выкарыстоўваюць.
“Мы галандскі кампост змешваем з беларускім торфам — 50 на 50. У нас і пчолы нават ёсць. Пчолы? Беларускія! Дзесьці недалёка ў нейкага дзядзькі купляем, — апярэджвае мае пытанні Іна. — Вось паглядзіце, якія прыгожыя ягады — экалагічна чыстыя! Нават мыць не трэба, сарваў і адразу ў рот”.
Цікава, што побач з клубніцамі іх есці супрацоўніцам зусім не хочацца. Яшчэ адна з дзяўчат Надзя кажа, што, бывае, нават не гляне на ягады.
“Калі сюды ўладкоўвалася, думала, будзе хапаць гэтых клубніцаў. А выйшла, што зусім не хочацца есці. За дзень часта так, што ніводнай ягады не з’ясі”, — Надзея просіць яе не фатаграфаваць. Але здзіўляецца, калі я кажу, што іх ягады прадаюцца на кірмашы па 140 тысяч рублёў. Адпускны кошт на самім камбінаце — каля 80 тысяч рублёў за кіло ў залежнасці ад попыту: сёння меней, заўтра болей.
Яшчэ снежань дзяўчаты будуць збіраць беларускія клубніцы на продаж, а потым ягады будуць “спаць” некалькі месяцаў ажно да самага красавіка. Тады дзяўчаты з цяпліцы будуць працаваць на іншых культурах.
Нягледзячы на дарагоўлю — не кожны можа дазволіць сабе ягады за 140 тысяч, клубніцы беларусы бяруць ахвотна.
“Са ўсёй Беларусі бяруць, і прадпрымальнікі. Ну, няхай кіло каштуе 70 тысяч, 100 грамаў — сем тысяч, а гэта шэсць вялікіх ягад. Я лічу, што гэта добра”, — распавядае Іна. Дзяўчына за ўсю нашую размову ні разу не прысела — то трэба адгрузіць скрыні, то разабрацца з накладнымі.
Пытаюся, наколькі рэнтабельныя клубніцы — гэта ж вялізныя выдаткі на святло! Кіраўнік цяплічнай гаспадаркі Кацярына Пятроўна кажа, што рэнтабельнасць асобна клубніц яны быццам бы і не падлічвалі, але дадае, што выдаткі на ягады акупляюцца.
“Зараз жа святло — гэта вялізныя выдаткі. Ягады трэба падсвечваць, гэта самае дарагое. Але скажу, што яны сябе акупляюць”.
Адпускны кошт ягадаў з прадпрыемства — 77 тысяч за кіло. Але праз ланцужок прадпрымальнікаў клубніцы да пакупніка на Камароўскім рынку даходзяць удвая даражэйшыя.