Як выглядае бульба, якая каштуе па-белстатаўску — 3200 рублёў за кіло

“Дзяўчына! Гэта лічыць беларуская статыстыка, няхай лічыць, а мы такога не ведаем. Ідзіце і шукайце бульбу за тры дзвесце!” нават не кажа, крычыць на мяне прадаўшчыца з Камароўскага рынка. Тут я шукаю беларускую бульбу за 3200 рублёў за кіло. Менавіта такі, паводле звестак беларускай статыстыкі, кошт бульбы ў верасні 2013 года.

Гандляркі на Камароўцы з такой статыстыкай не згодныя. Бульбу на кірмашы можна купіць ад 3500 да 8000 за кілаграм. Гэта амаль удвая болей, чым палічыў Белстат.

“Добрая бульба, свойская, не калгасная, — рэкламуе прадавец са Слуцка.Зараз мы возім па шэсць тысяч, мінулым годам вазілі па пяць. Адносна долара бульба не вырасла ў коштах.  Долар быў сем тысяч, а стаў дзевяць, дык кошт і не змяніўся. А салярка падаражэла, за гэтае месца (паказвае на навес. — заўвага Еўрарадыё) трэба два мільёны аддаць”, — кажа прадавец.

На яго думку, бульба дарагая, бо сёлета ўраджай падкачаў.

“Туманы раней з’явіліся, вось і фітафтора пайшла”, — тлумачыць прадавец. Дарэчы, зараз на Камароўскім рынку кропак, дзе гандлююць бульбай, не так і шмат. З усяго рынка ці набярэцца з дзесятак.

Цікава, што з 2009 года кошты на бульбу выраслі з 1100 рублёў за кіло да 6000. Нават не верыцца, што, да прыкладу, у год выбараў бульба ўраджаю-2010 каштавала 1700 рублёў, а праз тры гады — ужо 4000-6000 рублёў за кіло.

Пытаюся ў случчаніна пра бульбу па коштах Белстата. Той паказвае рукой на дробную ды пасечаную бульбу: такую ў вёсках звычайна аддаюць свінням. Яна якраз каштуе нават танней, чым прадпісвае афіцыйная статыстыка, — 2000 рублёў за кіло.

“Вось яна такая няроўная, дробная, нефармальная, карацей”, — кажа прадавец.

У крамах таксама бульбу па коштах у 3200 за кіло не знайсці. Ва ўніверсаме “Цэнтральны” ёсць запакаваная бульба за 5300 за кіло, а таксама на вагу па 3800 за кіло.

Тэлефаную ў гандлёвыя цэнтры — “Гіпа”, “Карону”, “Суседзі”, у крамах шукаю бульбу за гэтыя грошы. Але тут называюць зусім іншыя кошты.

“Бульба? 4000 за кіло”, — кажуць прадаўцы. А вось успомніць, калі ў іх была бульба за 3200 рублёў, на жаль, не могуць.

Дарэчы, згодна з той жа беларускай статыстыкай, ураджайнасць беларускай бульбы ў гэтым годзе ў параўнанні з леташнім кастрычнікам знізілася на 17%! Вось адкуль і высокія кошты на самы актуальны прадукт для бульбашоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі