З 1 красавіка "арэндных канікул" у Беларусі не будзе
З 1 красавіка "арэндных канікул" у Беларусі не будзе. Указ пра іх рыхтуецца, але да канца сакавіка яго толькі накіруюць на ўзгадненне зацікаўленым ведамствам.
Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, указ неабходны для мінімізацыі "наступстваў неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі ў дачыненні "уразлівых" відаў эканамічнай дзейнасці". Ён прадугледжвае не толькі прадастаўленне адтэрміноўкі па выплаце арэнднай платы, але і ўстанаўленне мараторыя на павелічэнне базавай арэнднай велічыні. Мяркуецца, што такім чынам падтрымку атрымаюць такія віды эканамічнай дзейнасці, як гасцінічны і санаторны бізнес, турыстычныя, транспартныя, бытавыя паслугі, грамадскае харчаванне і г. д.
Праект дакумента зараз разглядае Дзяржкаммаёмасць. Разам з Мінфінам яго падрыхтуюць да канца сакавіка 2020-га і накіруюць у галіновыя міністэрствы на ўзгадненне. Колькі гэта зойме часу, невядома.
Між іншым, Аляксандр Лукашэнка напярэдадні заявіў пра каранавірус, што калі беларусам удасца пратрымацца да 19 красавіка, то "жыць будзем". Таксама ў сярэдзіне красавіка збіраецца наладзіць "нармальнае жыццё" і адкрыць краіну прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
У аўторак прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас распавёў пра меры падтрымкі, якія ў нашай краіне рыхтуюць для бізнесу. На наступным тыдні гэтыя прапановы збіраюцца перадаць Аляксандру Лукашэнку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.