Тата Віталік вярнуўся: гісторыя сям'і палітзняволенага, якая збегла ў Італію
Сям'я Віталя Жука / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
"У першы дзень адпушчу тату, а ў другі — астатніх беларусаў", — так пяцігадовая Насця Касабуцкая год таму адказвала на пытанне пра тое, што б яна зрабіла, калі б на адзін дзень стала прэзідэнтам.
Насця пакуль не стала прэзідэнтам. Але яе тата — экс-палітвязень Віталь Жук — нарэшце побач з ёй. Мужчына адбыў у калоніі ўвесь тэрмін (1,5 года за "абразу" Лукашэнкі). Каб пазбегнуць новага затрымання, ён разам з жонкай і дзецьмі пакінуў Беларусь.
"Мама, чаму тут так добра да нас ставяцца?"
На вузкай вулачцы італьянскага горада Прата прыцягвае ўвагу сям'я з шасці чалавек. Дзеці спрачаюцца, хто будзе ісці побач з татам. Васьмігадовы Арцём перамагае сясцёр — і з гонарам бярэ бацьку за руку.
Бацька сямейства, 38-гадовы Віталь Жук, вызваліўся з беларускай калоніі ў снежні мінулага года. Пасля ціску з боку ўладаў сям'я прыняла рашэнне ўцякаць у Італію. Асцярогі, звязаныя з пераездам у чужую краіну, не пацвердзіліся: тут цёпла сустрэлі беларусаў.
"Больш за ўсё мы перажывалі за адаптацыю дзяцей у новай краіне. Як аказалася, італьянцы — гасцінныя гаспадары. Яны любяць дзяцей: адорваюць падарункамі, кажуць кампліменты. А настаўнікі ў школе робяць усё, каб падтрымаць дзіця ў вучобе, дапамагчы яму хутчэй уліцца ў калектыў. Нашых дзяцей вельмі ўразіў цёплы прыём. Напачатку пыталіся: "Мама, чаму тут да нас так добра ставяцца?" — распавядаюць Маргарыта і Віталь.
Пытанні з легалізацыяй, жыллём, вывучэннем італьянскай мовы, школай для дзяцей вырашыліся дзякуючы праграме падтрымкі бежанцаў. Знайсці працу дапамаглі беларусы з Прата. Зараз Віталь праходзіць стажыроўку ў аўтамайстэрні. Будзе працаваць па спецыяльнасці — у родным Кобрыне ён таксама займаўся рамонтам машын. Мужчына з усмешкай успамінае, як праходзіла сумоўе:
"На працягу гадзіны я паказваў, што ўмею. А потым начальнік сказаў: "Ты прыняты ў нашую сям'ю". Я адчуваю, што змагу стаць тут запатрабаваным спецыялістам, ува мне зацікаўленыя, я бачу гэта па адносінах працадаўцы. Нават калі я ўладкоўваўся, у мяне пыталіся, колькі гадзін я хачу працаваць, які графік мне зручней. Для мяне гэта асабліва важна — у калоніі адбылося пераацэньванне каштоўнасцяў: раней я мог па 12 гадзін праводзіць на працы, цяпер хачу часцей бачыць сям'ю".
Кожную вольную хвіліну Віталь імкнецца быць з дзецьмі, напоўніць іх жыццё прыемнымі ўражаннямі. У Італіі сям'я ўпершыню пабывала на моры.
“Калі мы жылі ў Беларусі, выбрацца на адпачынак усім разам было праблематычна. Усё ўпіралася ў фінансы. Выехаць за мяжу з чатырма дзецьмі — гэта велізарная колькасць грошай. А тут на выходных проста селі на цягнік — і праз гадзіну былі на моры. Аказалася, тут мы можам сабе гэта дазволіць. А мора не блізка. У нашай краіне людзі працуюць на трох працах, збіраюць на кватэры, машыны гадамі, абрастаюць крэдытамі… Які ўжо тут адпачынак усёй сям'ёй".
Нягледзячы на цёплы італьянскі прыём і прыгажосць навакольных краявідаў, сям'я кожны дзень узгадвае Беларусь. Дарослыя імкнуцца моцна не тужыць:
"Шмат у чым настрой дзяцей залежыць ад настрою бацькоў. І калі яны бачаць, што мы на ўсё глядзім са станоўчага боку, то і самі гэта ўбіраюць. Вядома, слёзы ў дзяцей былі. Але мы абдымаем, размаўляем, тлумачым, чаму з'ехалі. Хоць яны і самі ўсё разумеюць. Складаней за ўсё пераезд даўся Сашы (старэйшай дачцэ. — Заўв. рэд.). Яна вельмі сумуе па радні, сяброўкам, катам... Мы ўсімі сіламі падтрымліваем адзін аднаго. Бо ў нейкі момант становіцца так: дом — гэта там, дзе сям'я".
Віталь падкрэслівае: смачная ежа, старадаўнія вулачкі і гасцінныя італьянцы не выцесняць думак пра беларусаў, якія застаюцца за кратамі ў нечалавечых умовах. Ён лічыць, што задача нумар адзін — працягваць змагацца дзеля тых, на чыім месцы яшчэ нядаўна быў ён сам.
У Італіі яны з жонкай працягваюць займацца актывізмам і расказваць італьянцам пра тое, чаму апынуліся ў іх краіне. Віталь з Маргарытай кажуць, што дапамогуць кожнаму беларусу, які ўцёк ад рэпрэсій. Таму што ведаюць кошт дапамогі.
“Тут мы нікому не патрэбныя, калі самі не прарываемся”
"Калі мы даведаліся пра тое, што сям'я Віталіка Жука пераехала ў Прата, то захацелі дапамагчы яго чацвярым дзецям, каб яны сацыялізаваліся ў Італіі, каб пачалі гаварыць, каб у іх з'явілася кампанія сяброў... Мы вырашылі знайсці сям'ю Віталіка і запрасіць дзяцей да нас у залу на трэніроўкі".
Трэнеры па батутнай гімнастыцы Марыя Паддубная і Анатоль Цітоў у Італіі каля 13 гадоў. Гісторыю палітвязня Віталя Жука яны чыталі ў беларускіх медыя, а калі аказалася, што вялікая сям'я пераехала ў іх горад, адразу ж прапанавалі дапамогу. Зараз муж і жонка бясплатна трэніруюць дзяцей Віталіка і Маргарыты, яны ж праз знаёмых дапамаглі мужчыну знайсці працу ў горадзе.
На пытанне, чаму яны дапамагаюць сям'і палітвязня, Маша і Толік хорам адказваюць:
"Таму што мы — беларусы". А яшчэ ў памяці захоўваецца ўласны вопыт адаптацыі ў чужой краіне.
"Той, хто кажа, што тут усё добра і жыццё такое лёгкае, памыляецца. Тут трэба працаваць, каб жыць. Калі ты працуеш — ты атрымліваеш грошы. Калі не працуеш — нічога не атрымліваеш. Тут мы нікому не патрэбныя, калі самі не прарываемся…”
Беларуская дапамога і італьянская салідарнасць
Рэгіён Таскана — не самы папулярны напрамак сярод беларусаў, якія бягуць ад рэпрэсій. У перыяд зняволення Віталя Маргарыта з дзецьмі брала ўдзел у праграме падтрымкі дзяцей палітвязняў. Калі давялося бегчы з Беларусі — звярнулася да арганізатара праекта па дапамогу.
Кіраўніца асацыяцыі "Талака", прадстаўніца Народнага пасольства Беларусі ў Італіі Юлія Юхно амаль за руку правяла шматдзетную сям'ю па дарозе да атрымання статусу бежанцаў.
"Для мяне важна дапамагаць не толькі цяперашнім палітвязням, але і ўсім рэпрэсаваным беларусам, якія вымушана пакінулі дом. Пра іх часта забываюць. Мне паступаюць заяўкі з просьбамі аб дапамозе. На жаль, у Італіі няма нейкай адмысловай праграмы падтрымкі пацярпелых беларусаў. Таму мы стараемся дзейнічаць у рамках тых праграм для бежанцаў, што ўжо існуюць..."
Юля сама пакінула радзіму праз рэпрэсіі. У Італіі атрымала пашпарт бежанца і пачала шлях грамадзянскай актывісткі. Цяпер яна рэалізуе праекты дапамогі для палітвязняў і ўцекачоў, рэгулярна выступае на кангрэсах, дзе расказвае італьянцам, што адбываецца ў нашай краіне. Зараз у яе візітоўніцы — кантакты італьянскіх палітыкаў усіх узроўняў.
“Гэта вельмі важна — інфармаваць грамадства. Калі людзі не ведаюць пра праблему — яны не будуць табе дапамагаць. Тым больш цяпер, калі Беларусь асацыююць з Лукашэнкам і краінай-агрэсарам".
У італьянскай Канфедэрацыі працоўных прафсаюзаў ахвотна дапамагаюць Юлі: падтрымліваюць праекты, выдзяляюць грошы, арганізуюць для яе сустрэчы з палітыкамі. Фабія Франкі, генеральны сакратар Канфедэрацыі рабочых прафсаюзаў Фларэнцыі-Прата, прызнаецца: у Італіі пакуль недастаткова ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі.
“Важна, каб італьянцы ведалі: у сэрцы Еўропы ёсць дыктатар Лукашэнка, які саджае ў турму людзей, якія думаюць інакш, чым ён. Мы ствараліся, каб абараняць правы працоўных, але мы не можам ігнараваць прыгнечаны народ. Наш абавязак — быць на баку тых, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю. Калісьці нам таксама дапамаглі заваяваць свабоду ў барацьбе італьянскага руху Супраціву…”
Dolce Vita
Маргарыта і Віталік прызнаюцца: без дапамогі беларусаў і салідарнасці італьянцаў яны б дакладна не справіліся, бо да пераезду не рыхтаваліся. Як не рыхтаваліся і да таго, што чужая краіна акажа такі цёплы прыём. Тут у былога палітвязня пачалася дольчэ віта. З беларускім прысмакам. Італьянцам не зразумець.
"Для мяне дольчэ віта — гэта свабода. Гэта магчымасць быць са сваёй сям'ёй, гадаваць сваіх дзяцей. Не баяцца шоргату, не жыць у стане параноі, не гадаць, ці не затрымаюць паўторна..."
Пры падтрымцы "Медыясеткі"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.