З тэрыторыі, дзе праходзілі акцыі айцішнікаў, прыбралі ўсе згадкі пра ПВТ
З тэрыторыі каля МКАД, дзе летась праходзілі акцыі пратэсту айцішнікаў, прыбралі ўсе згадкі пра Парк высокіх тэхналогій, паведамляе dev.by. Спачатку зніклі флагштокі, а пасля і надпіс ПВТ на англійскай мове. Тэрыторыю засеялі і там будуць хмызнякі.
У "Зеленбудзе" кажуць, што гэта рашэнне Першамайскага выканкама, чыноўнікі ж спасылаюцца на рашэнне згаданай арганізацыі. І ўсё адбылося ў рамках праграмы па азеляненні тэрыторыі каля МКАД. А літары "ПВТ" прыбралі, паколькі яны страцілі першапачатковы выгляд і выглядалі ўжо "непрэзентабельна".
Як вядома, айцішнікі прынялі актыўны ўдзел у мірных пратэстах 2020 года, нямала іх было затрымана. Акцыі разганяліся АМАПам і каля ПВТ. Восенню мінулага года частка беларускіх ІТ-спецыялістаў (каля 15%) выехала ў Польшчу, Літву, Латвію, Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.