Замест войскаў NATO ў Крым прапануюць увесці беларускіх міратворцаў

Паводле апошніх звестак групы “Інфармацыйны супраціў”, у аўторак ў раён Перакопу былі перакінутыя 22 артылерыйскія ўсталёўкі, у раён Джанкоя прыбылі 60 адзінак ракетных усталёвак “Град”, а на аэрадромы Чарнаморскага флоту Расіі ў Крыме працягваюць прылятаць верталёты Мі-8 і Мі-24. У адказ да мяжы з крымскай аўтаноміяй сцягваюцца ўкраінскія вайсковыя часткі.

Ці магчыма спыніць гэтую эскалацыю канфлікту з дапамогай, да прыкладу, правядзення на тэрыторыі Крыма сумесных вучэнняў войскаў NATO і Украіны? Паводле слоў украінскага ваеннага эксперта Дзмітрыя Тымчука, праводзіць такія вучэнні на поўдні Украіны з выкарыстаннем авіяцыі і сродкаў супрацьпаветранай абароны трэба было яшчэ некалькі дзён таму. І такім чынам дэманстраваць сваю здольнасць супрацьстаяць агрэсару. І аб’явіць іх “сёння на заўтра” — магчыма.

Дзмітрый Тымчук: “Мы цяпер знаходзімся ў сітуацыі замежнай агрэсіі. Украіна дэ-юрэ не аб’явіла ваеннага становішча, але дэ-факта пра яго ідзе размова. У гэтай сітуацыі, паводле ўсіх міжнародных норм, Міністэрства абароны не абавязанае нікаму ні пра што паведамляць загадзя. Усе меры, якія накіраваныя на абарону суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, — гэта парафія ваенна-палітычнага кіраўніцтва і не абавязкова пра гэтыя, да прыкладу, вучэнні паведамляць нейкім замежным суб’ектам”.

Праўда, дадае беларускі эксперт Аляксандр Алесін, свайго войска ў NATO няма — яно складаецца з вайскоўцаў розных краін. І таму, перш чым аб’явіць вучэнні, трэба ўзгадніць іх на ўзроўні Савета NATO і каб краіны-удзельнікі Альянсу далі згоду на ўдзел у іх сваіх войскаў.

Аляксандр Алесін: “Улічваючы не адзінства Еўропы і яе непрыхаваную баязлівасць Расіі і іх цяперашнюю ваенную слабасць, можна меркаваць, што, перш чым рашыцца на такое вучэнне пад носам у Расіі, павінна здарыцца нешта надзвычайнае. І таму ні працэдура, ні стан арміі NATO не дазваляюць ім аб’явіць нечаканыя вучэнні”.

І нават тое, што ў Чорным моры, побач з тэрытарыяльнымі водамі Украіны, днямі пачаліся вучэнні ВМФ ЗША, Румыніі і Балгарыі, а ля берагоў Турцыі знаходзіцца авіяносная групоўка на чале з авіяносцам “Джордж Буш” не азначае, што NATO ці ЗША наважуцца на ўдзел у вучэннях на тэрыторыі Крыма. Ніхто такім чынам, пагаджаюцца абодва эксперты, не хоча дражніць Расію — усе спадзяюцца на палітычнае вырашэнне канфлікту.

Але ж Пуцін заявіў, што расійскіх салдат у Крыме няма. Акрамя тых, што размешчаныя на расійскіх ваенных базах. Але гэта не яны разышліся па ўсім Крыме са зброяй, не яны ездзяць на БТР ды іншай вайсковай тэхніцы. Значыцца, гэта нейкія тэрарысты і Украіна можа сумесна з асобнымі падраздзяленнямі войскаў іншых краін правесці ў Крыме антытэрарыстычную аперацыю? Такую прапанову ў сваім ФБ пакінуў днямі былы намеснік міністра замежных спраў Украіны Валерый Чалы.

Але праблема ў тым, што ў Крыме цалкам афіцыйна знаходзяцца вайскоўцы Чарнаморскага флоту Расіі.

Дзмітрый Тымчук: “Людзі ў ваеннай форме без апазнавальных знакаў: мы не можам ідэнтыфікаваць — іх учора закінулі ў Крым незаконна ці гэта вайсковец, які служыў тут 10 гадоў. І калі зараз праводзіць антытэрарыстычную аперацыю і захапіць ці забіць кагосьці з расійскіх ваенных, а заўтра Расія заявіць, што забілі ці захапілі яе вайскоўца ЧФ РФ, які афіцыйна і легальна знаходзіцца ў Крыме, то гэта будзе падставай для эскалацыі канфлікту”.

Калі ў выніку антытэрарыстычнай аперацыі праліецца кроў — чыя б яна ні была — то гэта дасць магчымасць Пуціну скарыстацца мандатам Савета Федэрацыі і ўвесці афіцыйна ў Крым расійскія войскі, каб “абараніць інтарэсы расіян у Крыме”. А яшчэ, дадае Аляксандр Алесін, арганізатараў антытэрарыстычнай аперацыі абвінавацяць у жаданні сарваць рэферэндум і стварыць перашкоды свабоднаму волевыяўленню крымчан.

Аляксандр Алесін: “Нястойкія саюзнікі Пуціна, якія цяпер выступаюць за цэласнасць Украіны — Лукашэнка і Назарбаеў, могуць тады перайсці на яго бок і падтрымаць Пуціна”.

Калі канфліктная сітуацыя ў Крыме дойдзе да ваеннага супрацьстаяння, то тады ў яго можа “ўпісацца” і NATO, але гэта стане пачаткам трэцяй сусветнай вайны, упэўнены Дзмітрый Тымчук. Гэта пагроза і верагоднасць эканамічных санкцый супраць Расіі з боку ўсяго цывілізаванага свету прымусяць бакі шукаць кампраміс, дадае Алесін. І як варыянт прапануе перадачу Крыма пад “пратэктарат” сумеснага кантынгенту міжнародных міратворцаў.

Аляксандр Алесін: “50 на 50 — NATO і АДКБ без удзелу Расіі. Там, Польшча, Літва і яшчэ нехта, а з другога боку — Беларусь, Казахстан і Кіргізія. Я думаю, што такі варыянт мог бы задаволіць усе бакі”.

Фота: http://112.ua, http://rus.ruvr.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі