Жонка арыштаванага ў Беларусі іранца заяўляе пра фальсіфікацыі ў справе
Мерхдада Джамшыдыяна абвінавачваюць у забойстве. Яго могуць выслаць на радзіму, дзе яму пагражае смяротнае пакаранне.
Мерхдада Джамшыдыяна абвінавачваюць у забойстве. Яго могуць выслаць на радзіму, дзе яму пагражае смяротнае пакаранне.
Нагадаем, што 47-гадовага іранца, які больш за 20 гадоў жыве ў Беларусі, праваахоўнікі першы раз арыштавалі ў снежні 2012 года. Іранскія ўлады даслалі ў Беларусь запыт з патрабаваннем экстрадыяваць яго на радзіму. Мужчыну вінавацяць у забойстве сваіх маці і брата. Па словах самога Мерхдада Джамшыдыяна, ён перыядычна наведваў Іран, аднак у момант здзяйснення злачынства быў у Беларусі.
Мужчына знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання больш за пяць месяцаў, але быў вызвалены. Генеральная пракуратура Беларусі тады адмовіла Ірану ў экстрадыцыі, бо не былі выкананыя ўсе ўмовы. Аднак іранца зноў затрымалі, і з чэрвеня ён пад вартай.
Жонка затрыманага Алена расказала, што нагодай для чарговага абмежавання волі стаў новы запыт ад праваахоўнікаў Ірана:
"Дата смерці высветленая — гэта дзень, калі ён ужо знаходзіўся ў Мінску. Аднак прайшло 2 гады, і, як мне сказалі, дату іх смерці змянілі. То бок зрабілі так, што нібыта адбылося гэта тады, калі ён знаходзіўся ў Іране. Здаецца нават, той дзень, калі ён вылятаў з Ірана".
Заўважым, што ў родных забітых няма прэтэнзіяў да Мерхдада. Аднак іранскія праваахоўнікі не звяртаюць на гэта ўвагі. Алена Джамшыдыян мяркуе, што пераслед яе мужа можа быць помстай уладаў Ірана за апазіцыйную дзейнасць яго брата-нябожчыка:
"У мужа я не выпытвала: што ён мне расказаў, тое і расказаў. Нібыта брат там ніколі не працаваў, займаўся нейкай палітычнай дзейнасцю. Я дакладна не магу казаць, бо ўсяго не ведаю. Мне гэта было нецікава, пакуль не здарылася бяда".
Мерхдад Джамшыдыян жыве ў Беларусі з 1993 года, займаўся дробным бізнесам. Тут ён завёў сям'ю з беларускай Аленай, ад якой мае трох дзяцей: дзвюх дачок 20 і 15 гадоў і 16-гадовага сына.
Іранец паспрабаваў атрымаць у Беларусі статус уцекача. Аднак Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС яму адмовіў. Адмовілі Джамшыдыяну і ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска, дзе ён спрабаваў абскардзіць рашэнне Дэпартамента. Цяпер іранец чакае разгляду скаргі ў Мінскім гарадскім судзе. Калі і гэтая інстанцыя не задаволіць патрабаванняў Мерхдада, яго могуць выслаць з Беларусі ў абыход належнай працэдуры экстрадыцыі.
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма