Журналістка патрабуе ад Канстытуцыйнага суда перагледзець закон аб СМІ

Незалежная журналістка Іна Хоміч атрымала штраф у памеры 30 базавых велічынь (5,4 млн рублёў) з-за працу без акрэдытацыі.  Адпаведнае рашэнне 1 красавіка прыняў суд Маскоўскага раёна горада Брэста.

Нагодай для адміністрацыйнага працэсу стала публікацыя на сайце беларускага "Радыё Рацыя" (Польшча), якая з'явілася яшчэ ў лютым гэтага года. Праваахоўнікі высветлілі, што аўтарства матэрыялу належыць менавіта Іне Хоміч.  У вёсцы Мотыль Іванаўскага раёна дзяўчына брала каментар з нагоды адкрыцця мясцовага Музея хлеба.

У судзе Іна Хоміч не адмаўляла таго, што працуе як фрылансер, бо, з яе словаў, яна мае права на збор і распаўсюд інфармацыі. Гэта прапісана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Аднак аргументы журналісткі не пераканалі суддзю Раісу Лабачэўскую.

10 красавіка журналістка падала скаргу ў Брэсцкі абласны суд. У заяву апроч стандартнай просьбы адмяніць рашэнне папярэдняй інстанцыі дадаўся яшчэ адзін пункт. Іна Хоміч просіць установу праз Вярхоўны суд звярнуцца ў Канстытуцыйны суд, каб менавіта там разгледзелі супярэчныя пытанні ў законе аб СМІ, а дакладней пераслед за працу без акрэдытацыі.

"Калі нейкі закон не адпавядае Канстытуцыі, то ён мусіць быць правераны Канстытуцыйным судом на адпаведнасць Канстытуцыі. Па ўсіх нормах міжнародныя дамовы мусяць быць на першым месцы, унутраная Канстытуцыя дзяржавы – на другім, а далей ужо ідуць законы, прававыя акты і гэтак далей. То бок калі нейкі закон не адпавядае Канстытуцыі, то такому закону можна не падпарадкоўвацца, але гэтым пытаннем мусіць заняцца Канстытуцыйны суд", – распавядае Іна Хоміч.

Першапачаткова Іна Хоміч не збіралася абскарджваць судовую пастанову. Журналістка і цяпер з досведу калегаў упэўненая, што праз скаргу ў абласны суд яна не здолее змяніць рашэнне на сваю карысць. Аднак ёй давялося гэта зрабіць, каб выканаць парадак працэдуры звароту ў Канстытуцыйны суд.

У Канстытуцыі ёсць даволі вузкі пералік тых, хто можа звяртацца ў Канстытуцыйны суд: Вярхоўны суд там. Абласны суд наўпрост не можа звяртацца ў Канстытуцыйны, але я прашу, каб яны звярнуліся туды праз Вярхоўны суд. Адпаведна, калі абласны суд не адрэагуе, то я з тымі самымі просьбамі звярнуся ў Вярхоўны суд”.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, толькі сёлета за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі былі прыцягнутыя да адказнасці  6 незалежных журналістаў (двое з іх паўторна). Агульная сума штрафаў складае больш за 42 мільёны рублёў.

Фота: budzma.org

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі