Жыхар Брэста выйграў справу ў ААН супраць Беларусі
Камітэт па правах чалавека ААН устанавіў парушэнне права актывіста Партыі БНФ Сяргея Лазенкі на мірны сход і атрыманне інфармацыі.
Сяргей Лазенка быў затрыманы і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў далёкім 2007 годзе. Падчас брэсцкай прэзентацыі кнігі Паўла Севярынца "Лісты з лесу" ў памяшканне ўварваліся міліцыянты і затрымалі ўсіх прысутных.
"Я быў прызнаны судом Маскоўскага раёна (Брэста — Еўрарадыё) вінаватым у тым, што браў удзел у правядзенні несанкцыянаванага сходу. Насамрэч гэта быў партыйны сход у адкрытым фармаце, і акрамя актывістаў партыі БНФ проста прысутнічалі грамадзяне, якім была цікавая сустрэча з Паўлам Севярынцам", — згадвае Сяргей Лазенка падзеі 7-гадовай даўніны.
Фактычна, партыец быў прыцягнуты да адказнасці за партыйны сход у памяшканні, якое на той час арандавала брэсцкая філія партыі БНФ. Аднак усю абсурднасць сітуацыі не ўгледзеў ні суд, які прымаў рашэнне, ні наступныя судовыя інстанцыі, якія разглядалі скаргі грамадскага актывіста. Працягвае Сяргей Лазенка:
"У выніку я звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН, які праз 7 гадоў стаў на мой бок (адзіная інстанцыя!) і запатрабаваў ад уладаў Беларусі прыняць меры, каб больш такога ў нашай краіне не адбывалася. Хаця я думаю, што гэтыя патрабаванні пройдуць міма ўладаў. Гэта для іх такія эфемерныя рэчы: і Камітэт, і самі правы чалавека".
У 2007 годзе Сяргей Лазенка быў аштрафаваны на 2 базавыя велічыні (на той час — 62 тысячы беларускіх рублёў). Цяпер патрабаваць кампенсацыі ён не будзе, бо гаворка ідзе не пра такую ўжо прынцыповую суму. Малады чалавек прызнаецца, што яго задаволіла б простае прабачэнне.
Дарэчы, затрыманне на прэзентацыі кнігі "Лісты з лесу" на той час было адным з самых масавых у Брэсце. У пастарунак міліцыі трапілі 28 чалавек, на 15 з якіх былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Не ўсім тады "пашчасціла" атрымаць штраф. Паўлу Севярынцу і мясцоваму актывісту Андрэю Шарэнду прысудзілі некалькі сутак адміністрацыйнага арышту.
Антырэкорд па колькасці затрыманых пратрымаўся да лета 2011 года, калі па краіне праходзілі так званыя "маўклівыя акцыі".
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма