Мадонна: З цемрай магчыма змагацца толькі святлом. Мы ўсе "Шарлі”

Сусветныя зоркі кіно і шоў-біза не засталіся абыякавымі да трагедыі ў Парыжы, у выніку якой загінулі 12 супрацоўнікаў рэдакцыі сатырычнага штотыднёвіка Charlie Hebdo. Многія з іх размяшчаюць пасты з хэштэгам #jesuischarlie (то бок, я — Шарлі) і выказваюць словы спачування сем’ям загінулых.

На акаўнтах ў Фэйсбуку оскараноснага французскага рэжысёра Жана-Люка Гадара, акцёраў Катрын Дэнёў і П'ера Рышара размешчаныя карыкатуры Charlie Hebdo, аватары замененыя чорным акенцам са словамі "Я — Шарлі".

Мілен Фармэр на сваёй старонцы 7 студзеня апублікавала тэкст сваёй вядомай песні “Ты зноў маўчыш”, дзе спявачка задаецца патаннем што сталася са светам:

Мне спатрэбіцца смеласць.
Але ты пра гэта маўчыш,
Крушэння не пазбегнуць..

Словы спачування выказала і Мадонна. Спявачка напісала 3 пасты, прысвечаныя трагедыі:

"Мы жывем у вельмі страшныя часы. Невуцтва спараджае нецярпімасць. З цемрай магчыма змагацца толькі святлом. Мы ўсе "Шарлі".

І працягнула:

"Мы мусім паважаць усе рэлігіі. Але мы таксама мусім паважаць жыццё чалавека. Забіваць ў імя Бога прыдумаў чалавек, а не Бог!

Люблю гэта фота Марыё Тэсціна. Яно кажа пра ўсё"

Франтмэн Franz Ferdinand Алекс Капранас адрэагаваў наступным чынам:

"Вось мне цікава, ці падабаецца іх Богу тое, колькі мільёнаў цяпер праглядаюць гэтыя карыкатуры?"

Словы падтрымкі французам працягвае пісаць на сваёй старонцы вядомая амерыканская спявачка і актрыса Шэр:

"Учора у Парыжы забілі шмат мастакоў-карыкатурыстаў... Я не ведала гэты часопіс, але... Я ДОБРА ВЕДАЮ СВАБОДУ".

Ці:

"Кранальныя карыкатуры з усяго свету. Было б добра сабраць іх у адну кнігу і выдаць, а сродкі ад продажу перадаць сем'ям загінулых".

І яшчэ:

"Карыкатуры ўспрымаюцца як патрэбнае. Яны праліваюць святло на несправядлівасць, разрываюць нашы сэрцы, кажуць праўду ў вочы уладам, кідаюць выклік забабонам, звяргаюць подласць. Яны дазваляюць нам мець пачуцці".

Арнольд Шварцэнэгер таксама выказаўся ў падтрымку Францыі:

"Я разам з народам Францыі супраць тэрору. Я хачу паслаць мэсэдж, таму падпісваюся. Вам таксама варта гэта зрабіць".

Актрыса Джуліян Мур напісала:

"Маё сэрца разбітае з-за страчаных жыццяў і атакі на свабоду самавыяўлення #JeSuisCharlie".

Сваё стаўленне да трагедыі і словы падтрымкі французам выказалі Ёка Она, Расэл Кроў, Х'ю Лоры, Zaz і многія іншыя вядомыя асобы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі