Алесін: Масква пужае Кіеў, каб пагоршыць эканамічнае становішча ва Украіне

Еўрарадыё: Многія пытаюцца, ці можа ўмяшацца ў канфлікт Беларусь?

Аляксандр Алесін: Уся справа ў тым, што нашы пагадненні датычацца толькі АДКБ. Тэрыторыі краін, якія падпісалі дамову. Што тычыцца аперацый у трэціх краінах, то Расія не абавязаная інфармаваць, але я думаю, яны праінфармавалі Беларусь, але і мы ім не абавязаныя ў гэтым выпадку дапамагаць. Зона адказнасці гэтай арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы распаўсюджваецца толькі на тэрыторыю яе членаў. Калі нейкая краіна праводзіць аперацыю, то яна сама нясе адказнасць.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што хаця наша згода не патрэбная, нас праінфармавалі?

Аляксандр Алесін: Думаю, у курс справы ўвялі абавязкова.

Еўрарадыё: Мы маглі неяк супрацьстаяць?

Аляксандр Алесін: Я не магу казаць упэўнена, але ў гэтым выпадку наша пярэчанне не мела б ніякай сілы. Калі Расія прыняла такое рашэнне, яна нясе адказнасць за яго сама, і таму не мае права нешта прасіць ад Беларусі.

Еўрарадыё: Калі міжнародная супольнасць прызнае Расію агрэсарам, гэта не будзе распаўсюджвацца на Беларусь?

Аляксандр Алесін: Мы незалежная дзяржава ў гэтым плане. І мы маем права паступаць, як захочам. І міжнародная супольнасць не ў праве наракаць на нас. Мы не ўзялі ў гэтым удзел, і яны нам павінны сказаць дзякуй за гэта.

Еўрарадыё: Ці могуць быць уцягнутыя ў канфлікт беларускія вайскоўцы?

Аляксандр Алесін: Гаворка можа ісці толькі пра пасылку міратворчага кантынгенту, калі гэта будзе патрэбна. Тады ў складзе міратворчага кантынгенту АДКБ Беларусь можа ўдзельнічаць у падзеях ва Украіне. Але для гэтага патрэбная згода Украіны і мандат ААН. У іншым выпадку, ніякіх юрыдычных падставаў для нашага прыбывання на тэрыторыі Украіны няма.

Еўрарадыё: Ці можа выкарыстоўваць нашу тэрыторыю Расія, каб перакідваць свае войскі ва Украіну?

Аляксандр Алесін: Існуючыя ваенныя базы для гэтых мэтаў не падыходзяць. Гэта станцыя радыёлакацыі пад Ганцавічамі і пункт сувязі флоту ў Вілейцы. Але тэарэтычна можна меркаваць, што Беларусь дазволіць выкарыстоўваць свае аэрадромы транзітам для перакідвання расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыю Украіны. Я такой магчымасці не выключаю. Хаця сама агрэсія на тэрыторыю Украіны малаверагодная. Я лічу, што гэта на 99% немагчыма. Расіі гэта не патрэбна, дастаткова пагрозы сілай.

Што цяпер адбываецца ў Крыме? Гэта часткі чарнаморскага флоту бяруць пад кантроль тэрыторыю і блакуюць украінскія падраздзяленні. Ніякіх новых войскаў, я думаю, не ўводзілася. У Крыме ёсць 30 тысяч расійскіх вайскоўцаў і гэтага дастаткова, каб кантраляваць сітуацыю. Усё астатняе — на спалох.

Еўрарадыё: Гэта псіхалагічны фактар?

Аляксандр Алесін: Абсалютна дакладна. Гэты шум і працэдура у Савеце федэрацыі, найперш пагроза. Калі чалавек адчувае небяспеку ён хвалюецца. Калі ёсць няпэўнасць, з'яўляецца нервовасць, чалавек прымае памылковыя рашэнні. Магчымая мабілізацыя прызваная падштурхнуць эканамічны крызіс ва Украіне. Калі Украіна прыме шырокамаштабныя дзеянні па падрыхтоўцы да вайны, гэта рэзка пагоршыць эканамічную сітуацыю і наступствы будуць больш хуткімі. На гэта і разлічвае Расія. Для яе прыхільнікаў гэта будзе нейкі допінг, скажам так, натхненне. А для праціўнікаў папярэджанне. Напэўна, нехта спужаецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі