Беларускі ПЭН-цэнтр: Нас няправільна зразумелі
Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў ПЭН-цэнтры, пра якую ж "дыскрымінацыю рускамоўных пісьменнікаў" ішла гаворка.
На сходзе Беларускага ПЭН-цэнтра заснавалі новую прэмію “Кніга года”. У яе журы можа ўвайсці любы пісьменнік і паэт, які выдаў кнігу цягам апошніх пяці гадоў. Сярод іншага, абмяркоўваўся роўны падыход да пісьменнікаў. Згадвалася, што для пісьменнікаў наогул амаль няма ніякіх прэмій.
Але найбольшы розгалас выклікала ўжытае ў рэлізе слова “дыскрымінацыя”, ужытае ў дачыненні да рускамоўных пісьменнікаў. Напрыклад, пісьменнік і журналіст Сяргей Дубавец пасля гэтага заявіў пра выхад з ПЭН-цэнтра.
Намеснік старшыні ПЭН-цэнтра Павел Анціпаў патлумачыў Еўрарадыё, што ні пра ніякую дыскрымінацыю ў грамадстве гаворкі не вялося.
Анціпаў: “Гэта проста дачэпка да слова. Хачу заклікаць да таго, каб проста зайшлі на старонку прэміі і прачыталі, пра што там. Гэта прэмія для пісьменнікаў, якая уручаецца пісьменнікамі”.
Прэмія “Кніга году” заснаваная, каб пісьменнікі самі абіралі найлепшую беларускую кнігу. Прэмія будзе прысуджацца кожны год за мастацкія творы, выдадзеныя ў папярэднім годзе. Кніга павінна быць напісаная беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы, паведамляе сайт ПЭН-цэнтра.
Сяргей Дубавец: Вярнуся ў ПЭН-цэнтр, калі там будзе здаровы розум
Фота — lit-bel.org