Ці бяруць беларускія вайскоўцы ўдзел у планаванні агрэсіі супраць Украіны?
Мінабароны Беларусі абвяргае інфармацыю пра любы магчымы ўдзел беларускіх вайскоўцаў у расійска-ўкраінскім канфлікце.
Расійскім вайскоўцам нібыта загадалі рыхтавацца да “міратворчай аперацыі” на ўсходзе Украіны, а расійскія войскі, якія знаходзяцца ў 100-кіламетровай зоне ад дзяржмяжы з Украінай, падцягваюцца да яе ў раёне Луганскай вобласці. Пра гэта паведамляе кіраўнік украінскага Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук. Ці магчыма гэта?
Былы дарадца начальніка Генштаба Расіі, палкоўнік запасу Віктар Баранец запэўнівае Еўрарадыё ў немагчымасці такога сцэнарыя. Найперш таму, што ААН не дасць адпаведны мандат Маскве – на правядзенне міратворчай аперацыі.
Віктар Баранец: “Як толькі расійскія войскі ўварвуцца на Паўднёвы Усход Украіны, NATO імгненна высадзіцца, да прыкладу, у Заходняй ці Цэнтральнай Украіне. А там ужо і да трэцяй сусветнай вайны рукой падаць. Хоча гэтага Масква, Крэмль, расійскі народ? Не!”.
Да ўсяго, пераконвае расійскі эксперт, улады не хочуць даваць дадатковыя козыры сваёй “хамячковай апазіцыі”. Козыры ў выглядзе цынкавых трун з расійскімі салдатамі, якія пойдуць у Расію з Украіны, калі раптам Крэмль рашыцца на такое “міратворчае ўварванне” ў гэтую краіну. І таму, сцвярджае палкоўнік Баранец, заявы ўкраінскіх экспертаў не больш, чым правакацыя ў інфармацыйнай вайне. А войскі ля мяжы з Украінай проста праводзяць чарговае і даўно запланаванае вучэнне. Якіх, дарэчы, сёлета расійская армія мусіць правесці больш за 3 тысячы і скарыстаць у 5 разоў больш боезапасаў, чым ў мінулыя гады – загад міністра абароны Шайгу.
Еўрарадыё прыгадвае расійскаму палкоўніку, як напачатку “крымскага інцыдэнту” і ён, і расійскі сенатар Андрэй Клімаў упэўнівалі, што ніякіх “ветлівых зялёных чалавечкаў” у Крыме няма. Віктар Баранец шчыра прызнаецца – тады ён проста не мог сказаць праўду.
Віктар Баранец: “Такая інфармацыя была часткай гэтай аперацыі. І я вам не магу назваць ні часткі, ні спецпадраздзяленне, ні нашы батальёны і палкі, якія бралі ўдзел у гэтай аперацыі. Калі рашаюцца такія пытанні, трэба трымаць рот на замку і не дапускаць шкоды роднай арміі. Што я і зрабіў”.
Віктар Баранец
Можа, гэтак жа зараз “няма” намеру правесці міратворчую аперацыю? Усход Украіны – гэта не Крым, прызнае Віктар Баранец, тут будуць не хлебам-соллю сустракаць, а кулямі. А да гэтага Масква не гатовая. Пакуль.
Віктар Баранец: “Я не выключаю, што можа надысці момант, калі мы адважымся на гэты крок, нават нягледзячы на тое, што існуе патэнцыйная пагроза супрацьдзеяння з боку NATO. Але мы пойдзем і на такі варыянт, калі гэтага будзе патрабаваць жыццё мільёнаў людзей на Паўднёвым Усходзе Украіны. Так, можа надысці такі момант, калі мы рашымся на надзвычайны крок, нават трымаючы ў галаве магчымасць трэцяй сусветнай вайны”.
З тым, што мандат на правядзенне міратворчай аперацыі ва Украіне Расія не атрымае, а без яго ўводзіць туды свае войскі не рашыцца, згодны і беларускі ваенны эксперт Аляксандр Алесін.
Аляксандр Алесін: “Тады гэта не будзе прызнана міжнароднай супольнасцю як міратворчая аперацыя і будзе ўспрынятае як агрэсія. Бо не будзе згоды другога боку канфлікту – Украіны. Украінцы будуць мець права аказаць узброены супраціў гэтаму “міратворчаму кантынгенту” і будуць падтрыманыя міжнароднай супольнасцю”.
Міжнароднае заканадаўства, асабліва ў выпадку з ААН, даўно ўжо практычна не дзейнічае, расчароўвае ўкраінскі ваенны эксперт Аляксей Арастовіч. Расійскія вайскоўцы ў касках з надпісам “МС” уварвуцца ва Украіну і па-хітраму не толькі ўкраінскіх вайскоўцаў пасунуць, але і пару-тройку самых адыёзных сепаратыстаў арыштуюць. На падставе чаго і будуць даказваць сваю нейтральнасць.
Аляксей Арастовіч: “NATO, канечне, можа ўвесці свае войскі ва Украіну, а можа і не ўвесці, магчымыя розныя варыянты. Да прыкладу, польскія брыгады могуць прыйсці і стаць па Дняпры, каб расіяне Дняпро не перайшлі. Гэта будзе эскалацыяй канфлікту, але яна не гарантуе пачатак прамых баявых дзеянняў паміж войскамі NATO і расійскімі войскамі. Калі NATO і будзе ўводзіць, то толькі для таго, каб расіяне далей не ішлі, Дняпро – крытычны рубеж. І пакінуць разбірацца з расіянамі самім украінцам”.
Таму, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё, інфармацыя Дзмітрыя Тымчука адпавядае сапраўднаму становішчу рэчаў. І нечакана агаломшвае…
Аляксей Арастовіч: “У нас ёсць падставы для неспакою: мы ж бачым перагрупіроўку войскаў, перахопліваем радыёперамовы расіян, нашы людзі працуюць у іх штабах – мы маем непасрэдныя дадзеныя. Каб вы разумелі сітуацыю: беларускія вайскоўцы з 15 сакавіка бяруць актыўны ўдзел у планаванні ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Нягледзячы на ўсе запэўніванні Лукашэнкі, рэальна яны займаюцца ваенным планаваннем, праводзяцца вучэнні, і мы чакаем удару ў тым ліку і з боку Беларусі”.
Аляксей Арастовіч
Гэты план, распавядае эксперт, які можа і не быць рэалізаваны ці быць рэалізаваны часткова, прадугледжвае ўдар “Растоўскай групоўкі” на Днепрапятроўск, другая групоўка ўдарыць па Харкаве і таксама скіруецца на Днепрапятроўск. На Адэсу і Кіеў запланаваны ўдар расійскіх войскаў з Прыднястроўя.
Аляксей Арастовіч: “Беларускі спецназ, у адпаведнасці з нашай інфармацыяй, павінен пайсці на Кіеў, і запланаваны сумесны расійска-беларускі ўдар на Роўна. Стварэнне флангу супраць польскіх сіл і дапамогі Захаду Украіны, якая можа падысці. І ўзяццё пад кантроль Роўна і Ровенскай АЭС”.
Каб спраўдзіць атрыманую інфармацыю, Еўрарадыё звяртаецца да кіраўніка прэс-службы Мінабароны Беларусі Уладзіміра Макарава. Але той катэгарычна заяўляе: інфармацыя Аляксея Арастовіча, якая тычыцца беларускіх ваенных, не адпавядае рэчаіснасці. Што да ўкраінскіх планаў Генштаба Расіі, то расійскі эксперт Віктар Баранец шчыра прызнаецца, што пра іх сёння ніхто праўды не скажа.
Фота: Reuters, з архіва Аляксея Арастовіча, globalconflict.ru, unian.net