Цярэшчанка застанецца пад наглядам медыкаў на некалькі дзён
Паводле медыкаў, у яго здарылася харчовая алергія.
Удзельнік сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі бізнэсмен Віктар Цярэшчанка застанецца ў лякарні на некалькі дзён, пакуль лекары не высвятляць прычыну яго алергіі. Цяпер ён знаходзіцца ў 3-й гарадской клінічнай лякарні Мінска, яму паставілі кропельніцу. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік выбарчага штаба Цярэшчанкі Алег Несцяркоў.
“Гэта рэакцыя арганізму на прадукт. Што ў гэтым прадукце было, цяжка сказаць, але менавіта прадукт з’явіўся прычынай рэакцыі. Ніколі такога не было, проста ніколі. Гэта і жонка кажа, і ён сам”, — сказаў Несцяркоў.
Ён таксама ўдакладніў, што Цярэшчанка замовіў сабе на сняданак маркоўны фрэш з вяршкамі, які яму прынеслі ў шклянцы. Што было ў моркве, з якой выціснулі сок і якім чынам яго рабілі, невядома.
Нагадаем, што палітык разам з кіраўніком свайго выбарчага штабу сёння раніцай снедаў у адной з мінскіх кавярняў на вуліцы Карла Маркса. Раптам яму засвярбелі вочы, а затым з’явілася заўважная апухласць твару. Выкліканыя медыкі хуткай адвезлі Віктара Цярэшчанку ў лякарню.
Фота: dobrenok.by