“Дармаеды года”: блогер ідзе ў дэпутаты, рагачоўскі актывіст — у ідэалогію
З пачатку дзеяння дэкрэта аб дармаедстве колькасць занятых у эканоміцы зменшылася на 155 500 чалавек, хаця кіраўнік краіны называў мэтай дэкрэта “прымусіць працаваць тых, хто можа працаваць”.
З дэкрэтам змагаліся на вуліцах, у парламенце і ў судах. Ці ўдалося пабароць скандальны закон, разважаем з юрыстам Леанідам Судаленкам, дэпутаткай Ганнай Канапацкай і блогерам Максімам Філіповічам.
Дэпутат Ганна Канапацкая звярталася з-за “дармаедаў” да кіраўніка дзяржавы і ў Канстытуцыйны суд.
“Улада баіцца прызнаваць свае памылкі, а гэта — грубая памылка. Таму дэкрэт і не адмянілі цалкам. Я за тое, каб дэкрэт адмянілі без усялякіх новых канцэпцый. Можа быць, давядзецца яшчэ раз звяртацца ў Канстытуцыйны суд”.
Пакуль дэкрэт дзейнічаў з “дармаедаў” сабралі 14 мільёнаў рублёў, але збор заплацілі менш за 10%.
Блогер з Гомеля Максім Філіповіч стаў папулярны якраз на хвалі пратэстаў супраць дэкрэта. Яго нават судзілі за тое, што “падмяняў сабой СМІ”.
Максім Філіповіч: “Нягледзячы на суд, жыццё ніяк не змянілася. Чым займаўся, тым і займаюся. Адзінае — я вырашыў паспрабаваць прабіцца ў мясцовыя саветы. Я лічу, што трэба, каб як мага больш людзей з народа, адэкватных людзей, спрабавала прабівацца ў мясцовыя саветы, каб людзі зноў пачалі хадзіць на выбары. Байкот у Беларусі не спрацуе. У нас велізарная колькасць дзяржаўных работнікаў і служачых. Яны ў любым выпадку сабе патрэбную лічбу зробяць. А тое, што людзі не ходзяць і не балатуюцца ў мясцовыя саветы, яны і рады. Я выдатна разумею і ўсведамляю, як праходзяць у нас выбары, парламенцкія або вышэй, але гэта не значыць, што не трэба спрабаваць нешта зрабіць.
Таксама значным момантам у гэтым годзе была для мяне ўзнагарода "Медыя года". Мне было вельмі прыемна. Было мноства прэтэндэнтаў на гэтую ўзнагароду, шмат буйных СМІ і вельмі нечакана і прыемна, што выбралі мяне. Але я лічу, што гэтая ўзнагарода — тых людзей, якія выходзілі на вуліцу”.
Праваабаронца і юрыст Леанід Судаленка абараняў у судзе інтарэсы “дармаеда” Аляксандра Сямёнава. У выніку Аляксандр і працу знайшлі, і знялі прэтэнзіі.
Леанід Судаленка: “Галоўнае, што паспрыяла адмене дэкрэта, гэта тое, што людзі выйшлі на плошчы гарадоў. Гэта моцна спужала ўлады, каб гэтага не было, “лісты шчасця” зноў бы дасылалі. Таму дэкрэт улада “зліла” цалкам. Людзі, якія трапілі ў дармаедскія спісы, павінны былі заплаціць грошы. Але падатковая больш не турбуе гэтых людзей, яны вызваленыя ад падатку на дармаедства. У тым выглядзе, у якім дэкрэт быў, ён не вернецца ніколі. У новай рэдакцыі, якая, магчыма, з’явіцца ў 2018 годзе, улада проста мусіць ствараць умовы для занятасці людзей. Мясцовую ўладу абавяжуць дапамагаць у пошуках працы. Але людзі, якія не будуць занятыя ў эканоміцы, нічога плаціць не будуць”.
Рагачоўскі актывіст Дзяніс Дашкевіч цяпер дырэктар Дома культуры ў Побалава Гомельскай вобласці, а раней быў актывістам і “дармаедам”. Уладкавацца дапамог скандальны дэкрэт.
Дзяніс Дашкевіч: “Лічыце, што я працую ў ідэалогіі. Мяне не чапаюць, я спакойна працую. Заробак апошні быў 400 рублёў, маленькі, вядома. Я змяніў склад супрацоўнікаў, набраў новую каманду аднадумцаў, паступіў ва Універсітэт культуры. Хачу працаваць на гэтым месцы і далей. Калі б не было народнага гневу вакол дэкрэта, то з працай усё ў мяне было б не так. Улада крыху пераглядзела сваю тактыку ў дачыненні да актывістаў. Людзей з альтэрнатыўнымі поглядамі намагаюцца адправіць на перыферыю”.
Дэкрэт у новай рэдакцыі мусіць запрацаваць з 1 студзеня 2019 года.
Фота: Еўрарадыё, svaboda.org і з акаунтаў у сацыяльных сетках суразмоўцаў.