Дэпутат парламента расказала, як людзі рэагуюць на Дэкрэт “аб дармаедах”
Галасаванне па скандальным дакуменце ў Палаце прадстаўнікоў запланаванае на 6 траўня, яго яшчэ можна адправіць на дапрацоўку.
Працэдура ўхвалення
Паводле Канстытуцыі, дэкрэты кіраўніка краіны маюць часовы характар і павінныя ўхваляцца ў Палаце прадстаўнікоў на галасаванні дэпутатаў. Спачатку тэкст дэкрэта трапляе ў адпаведную пастаянную камісію, потым дэпутаты яго вывучаюць, збіраюць заўвагі сваіх выбаршчыкаў на месцах, перадаюць іх у Палату прадстаўнікоў. Тэарэтычна, падчас галасавання яны павінныя ўлічваць меркаванні людзей. Калі за дэкрэт дэпутаты не прагаласуюць — яго адправяць на дапрацоўку ў ведамствы, якія займаліся распрацоўкай тэксту дакумента. Уносіць праўкі ў дэкрэты кіраўніка краіны самастойна дэпутаты не маюць права.
Незадаволеных няма
“Дэпутаты працуюць на месцах з выбаршчыкамі, збіраюць прапановы. Я тут у камісіі іх аналізую. І на сённяшні дзень нельга сказаць, што ёсць такая група насельніцтва, якая незадаволеная Дэкрэтам №3”, — расказвае Еўрарадыё намесніца старшыні пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Ларыса Багдановіч.
Дэпутат нагадвае, што ў сваім пасланні да ўрада і парламента 29 красавіка пра Дэкрэт №3 гаварыў і кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка. Таму цяпер усе дэпутаты прыкладаюць намаганні, каб толькі раптам не “сапсаваць вялікую справу”.
Што людзі прапаноўваюць дэпутатам змяніць у Дэкрэце “аб дармаедах”
Па словах Багдановіч, найбольш людзей цікавіць магчымасць уладкавацца на працу. “Гэта асноўнае пытанне, з якім звяртаюцца да нас грамадзяне. Заўважна, што пытанне магчымасці абазначыць сябе як беспрацоўных цяпер для іх важнае”, — расказвае дэпутат.
Акрамя гэтага часцей за ўсё дэпутатаў людзі турбуюць па яшчэ двух пытаннях: што рабіць гараджанам, якія жывуць за кошт прыбыткаў ад продажы садавіны і гародніны з дачных участкаў, а таксама як правільна аформіць догляд інвалідаў, каб гэта не лічылася дармаедствам.
У цэлым жа, расказвае Багдановіч, зваротаў няшмат, і выдзеліць асобную значную групу “пацярпелых” ад дармаедскага дэкрэта немагчыма.
Ці збіраюцца дэпутаты адсылаць Дэкрэт №3 на перапрацоўку
“У выпадку, калі дэпутаты не падтрымаюць тэкст у цяперашнім выглядзе, мы можам гэта зрабіць. Накіруем усе прапановы ў тыя ведамствы, якія займаліся яго распрацоўкай. У МУС, падатковую, у іншыя. Але я думаю, што гэта не спатрэбіцца”, — гаворыць Ларыса Багдановіч.
Пры гэтым дэпутатка дадае, што нават факт прыняцця Дэкрэта ў такім выглядзе, у якім ён існуе цяпер, не азначае, што тэкст не будзе мяняцца ў будучыні. “Не трэба панікаваць. Трэба проста вывучыць яго. Прэзідэнт жа сказаў, што ўсё можна паправіць. Так што вось”, — супакойвае Багдановіч.
Калі ж веры ў здольнасць кіраўніка краіны правіць свае ўказы няма, то можна паспрабаваць “націснуць” на свайго дэпутата і прымусіць яго галасаваць супраць. Для гэтага неабходна прыйсці на прыём да абранніка ад вашай акругі з канкрэтнымі прапановамі і заўвагамі або звязацца з ім па тэлефоне. Калі атрымаецца не толькі ў вас — ёсць шанец на сенсацыю.