Два выпускнікі ўнівера заплацяць 100 мільёнаў, каб пазбегнуць размеркавання

“Мяне размеркавалі выхавальнікам. А дыплом у мяне — выкладчык, настаўнік гісторыі. Заўтра паеду на месца, у лагер “Зубраня” на Нарачы. Па сутнасці, я буду працаваць не па спецыяльнасці”, — тлумачыць Еўрарадыё выпускнік Полацкага гістфака Канстанцін.

Такое размеркаванне хлопец абраў сам, бо на альтэрнатыву яму прапаноўвалі міёрскую школу. У лагеры яму абяцалі заробак у чатыры мільёны і студэнцкі інтэрнат.

Кіраўнікоў хору таксама адпраўляюць на працу выхавальнікамі. Выпускніца Універсітэта культуры і  мастацтваў Маргарыта збіраецца ў лагер “Зубраня” на Нарачы, ужо маючы вакансію ў Мінску!

“Месца я абірала сама, бо хацела працаваць з дзецьмі. За месяц да таго, як ехаць, я спыталася, калі прыязджаць. А мне адказалі, што ім не патрэбныя музычныя кіраўнікі, і сказалі, што могуць уладкаваць толькі выхавальнікам. Але ў мяне іншая спецыяльнасць, я адмовілася. Ва ўніверсітэце на гэта сказалі, каб я шукала працу ў Мінску. Знайшла — побач з домам дзіцячы садок, але туды не адпусцілі”, — прыгадвае дзяўчына.

Усё ж прыйдзецца ехаць працаваць у “Зубраня”, але не выхавальніцай, а … культарганізатарам. За некалькі дзён дзяўчыне ўсё ж падабралі блізкую да спецыяльнасці вакансію.

“Яны за два дні знайшлі мне месца культарганізатара. А хлопца з майго ўніверсітэта ўсё адно збіраюцца ўладкоўваць выхавальнікам”, — тлумачыць Маргарыта.

А выпускнікі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта гатовыя плаціць больш за 100 мільёнаў, абы не ехаць па размеркаванні.

“Было пару чалавек, настаўнікі. У кожнага свае праблемы, але нас гэта найменш турбуе. Хоча аплаціць — хай плаціць. Там больш за 100 мільёнаў”, — адказваюць у гэтай ВНУ.

Летась тут таксама было некалькі выпускнікоў, якія выплачвалі грошы за пяць гадоў адукацыі — толькі б пазбегнуць размеркавання.

У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце збеглых ад размеркавання пакуль няма. Але ў адміністрацыі не выключаюць, што такія хутка з’явяцца.

“Пацверджанні аб прыбыцці на працу ўжо ідуць. Аднак тых, хто б падпісваў дамовы, каб выплачваць, пакуль няма. Але могуць з’явіцца. Чалавек можа прыехаць, паглядзець і, калі не падабаецца, могуць быць такія выпадкі”, — прагназуюць ва ўніверсітэце.

І прыгадваюць, што летась было некалькі такіх ухілістаў. Цяпер плацяць дзяржаве за адукацыю.

У мінулым годзе з 22 тысяч выпускнікоў на працу накіравалі толькі 21 тысячу. А даехалі да яе яшчэ менш — 19 тысяч усё ж сталі маладымі спецыялістамі, паведамляе Белстат.

Фото: 21.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі