Эксперты: Мяжа пажаданага для Расіі ва ўкраінскім рэгіёне незразумелая
Па выніках рэферэндуму Крым не стане часткай Расіі, а паўторыць “блакадны” лёс непрызнаных Абхазіі і Паўночнай Асеціі, упэўненыя эксперты
За некалькі дзён да Крымскага рэферэндуму эксперты не сумняваюцца – большасць крымчан 16 сакавіка выкажацца за ўваходжанне гэтай аўтаномнай рэспублікі ў склад Расіі. А што будзе на наступны дзень, Крым стане суб’ектам Расійскай Федэрацыі?
Дырэктар расійскага паліталагічнага цэнтра “Поўнач-Поўдзень” Аляксей Уласаў упэўнены, ніякага імгненнага далучэння Крыма да Расіі не будзе. На мапе проста з’явіцца яшчэ адна тэрыторыя, дзяржаўнасць якой не прызнае практычна ніхто ў свеце, апроч самой Расіі. Крым, сцвярджае расійскі эксперт, стане чарговай Абхазіяй ці Паўночнай Асеціяй. Але менавіта гэтага і дабіваецца Масква сваімі дзеяннямі.
Аляксей Уласаў: “Ствараецца з пункту гледжання Расіі новая рэчаіснасць. Захад яе можа прызнаваць ці не, але фактар Крыма цяпер будзе зусім інакш стаяць як унутры Украіны, так і паміж Расіяй і Захадам. Пераход да гэтай рэчаіснасці, як мне падаецца, і ёсць задачай, якая ставіцца ў межах гэтага рэферэндуму. Змяніць партыю, памяняць карты на стале, якія зараз ляжаць і вакол якіх як па коле бегаюць Масква, Брусель, Вашынгтон і Кіеў. Масква хоча пасля рэферэндуму наноў пачаць партыю па новых правілах і з іншымі картамі”.
Іншая справа, агаломшвае суразмоўца Еўрарадыё, што не зразумела, чаго ў выніку хоча дабіцца Расія. Як пакуль не зразумела, на якія саступкі ў перамовах з Крамлём па “крымскай праблеме” гатовы пайсці той жа Вашынгтон, каб не давесці сітуацыю да вайны.
Аляксей Уласаў: “Небяспека цяперашняй сітуацыі ў тым, што пакуль ніхто не можа зразумець, дзе мяжа пажаданага для Расіі, а Расія не можа зразумець, дзе мяжа пажаданага для Захаду. Гэта стварае пэўную небяспеку. Якая, можа я аптыміст, усё ж не з’яўляецца стопрацэнтнай пагрозай для пачатку нейкага канфлікту. Ужо не на інфармацыйным полі, а на полі брані”.
З тым, што Крыму “не свеціць” хуткае далучэнне да Расіі пасля рэферэндуму, згодны і ўкраінскі палітолаг, дацэнт Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту імя Тараса Шаўчэнкі Раман Каршук.
Раман Каршук: “Расіі больш выгадна пазіцыянаваць Крым і яго анексію як права нацыі, народа на самавызначэнне, чым як відавочную анексію. Адпаведна, самы верагодны варыянт, што Крым дэ-юрэ будзе самастойнай дзяржавай, але дэ-факта застанецца ў сферы інтарэсаў Расіі – як Абхазія і Паўночная Асеція”.
Вайны ў рэгіёне, мяркуе ўкраінскі эксперт, не будзе, але з курорту Крым ператворыцца ў зону “лакальнага канфлікту”.
Раман Каршук: “Насельніцтва праўкраінскае і крымскія татары – Расія наўрад ці зможа іх супакоіць. Што тычыцца Украіны, то тут будзе сітуацыя, вельмі падобная да Грузіі: хто ні прыйшоў да ўлады, ніводны палітык афіцыйна не заявіць, што ён згодны з аддзяленнем Крыма ад Украіны. Адпаведна, ва Украіне будуць расці рэваншысцкія настроі. І рана ці позна яны могуць ажыццявіцца”.
Які юрыдычны статус займее Крым пасля рэферэндуму, ужо не надта і важна, лічыць эксперт Фонду Маршала, нямецкі палітолаг Ёрг Форбрыг. Важна тое, што там ужо ёсць па факце.
Ёрг Форбрыг: “Дэ-факта там ужо кантроль маюць рускія палітычныя і ўзброеныя сілы, там ужо ёсць флот Чарнаморскі. Таксама, там дэ-факта ўжо кіеўскія ўлады не маюць ніякага кантролю. Гэта на сёння факт і калі пасля гэтай нядзелі ўсё пералічанае фармалізаваць, то гэта ўжо нават і не важна, па-мойму”.
Крым чакае і палітычная, і эканамічная блакада, упэўнены эксперт. У аэрапорты непрызнанай дзяржавы не лётаюць самалёты, у яе парты не заходзяць замежныя караблі. Калі ўстановіцца мяжа з Украінай, дадаюць іншыя суразмоўцы Еўрарадыё, то невядома, што будзе з чыгуначным рухам, забеспячэннем вадой і электрычнасцю, якія зараз ідуць з Украіны. І Крым дакладна застанецца на бліжэйшыя гады без турыстаў – летась 4 з амаль 5 мільёнаў адпачываючых былі жыхары мацерыковай Украіны.
Фота: Змітра Лукашука, Reuters