Фанат БАТЭ пра канфлікт з міліцыяй: “Ён сказаў, што мой тэлефон ― гейскі”

Пасля таго як распачалася чарговая серыя мыльнай оперы “Футбольныя фанаты vs міліцыя”, апытваем канфліктуючыя бакі. Нагадаем, што на барысаўскім стадыёне падчас матча БАТЭ — “Нёман” фанаты жоўта-сініх пакінулі трыбуну на знак пратэсту. 

“На матч з “Нёманам” я спазняўся, прыбег за пару хвілін да пачатку. На ўваходзе мяне дагледзелі ― і ніякіх праблем. Перад уваходам на фан-сектар стаяла чалавек 10 з АМАПу. Прасілі паказаць кашалёк, зняць кепку, паказаць кожную дробязь з кішэні, ― распавядае Еўрарадыё 16-гадовы Іван, фанат БАТЭ. ― Мне трапіўся нейкі непрыемны чалавек. Ён бачыў, што я непаўналетні, але размаўляў некультурна, папрасіў адкрыць чахол ад тэлефона. Я паказаў свой чорны Sony Хperia Solo. Ён сказаў, што тэлефон “гейскі”. Быў бы я смялейшы, неяк бы больш востра адрэагаваў. Але я сказаў, што мне гэта крыўдна, а ён засмяяўся, што ўсё роўна.  Калі канчаткова даглядзеў, зноў прычапіўся да тэлефона: “Памяняй!”. Карацей, мне патрапіўся непрыемны супрацоўнік, хоць ведаю, што ёсць сярод іх людзі нармальныя”.

Паводле слоў Івана, ад некаторых фанатаў на трыбунах патрабавалі часам не махаць жоўта-сінімі сцягамі, у некаторых падчас праходу на трыбуны прамацвалі нават фанацкія шалікі.

“Яшчэ аднаго чалавека не пусцілі праз тое, што ў яго быў занадта доўгі ключ ад дома, ― працягвае свой расповед Іван. ― І адкуль такое стаўленне? Ніколі ж не было на барысаўскім стадыёне ніякіх сутычак, паводзілі сябе, на маю думку, даволі культурна. І з клубам у нас добрыя адносіны. І гульцы да нас заходзяць, вось нядаўна ― Ягор Філіпенка разам з намі на сектары крычаў, калі не мог гуляць на полі. Хоць сярод фанатаў таксама могуць сустракацца розныя людзі, і без дагляду не абысціся”.

На чарговы канфлікт з міліцыяй маланкава адрэагавала адміністрацыя футбольнага клуба БАТЭ.

“Наш клуб будзе імкнуцца ўсебакова разабрацца ў сітуацыі, таму што лічыць, што спартсмены і фанаты з’яўляюцца галоўнымі героямі любога спартовага мерапрыемства, ― пазначана ў афіцыйным паведамленні на сайце чэмпіёнаў Беларусі. ― І неўдзел аднаго з гэтых бакоў робіць футбольны матч бессэнсоўным”.

Міліцыя таксама высоўвае ёмкія прэтэнзіі ў бок усіх беларускіх фанатаў: здараліся выпадкі дагаварных боек, некультурных паводзінаў.

Толькі ў гэтым футбольным сезоне ўспыхвала ўжо некалькі гучных скандалаў. Барысаўскі інцыдэнт ― як мінімум чацвёрты ў гэтым сезоне.

Звяртаемся ва УУС Мінаблвыканкама, каб там патлумачылі  сваё бачанне.

“Я пагутарыў з кіраўніком АМАПа, які знаходзіўся на месцы. Сітуацыя развівалася наступным чынам, ― кажа Аляксандр Данільчанка, начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама. ―У мінулым годзе з футбольнымі клубамі была заключана партнёрскае пагадненне аб тым, што супрацоўнікі АМАПа прысутнічаюць на трыбунах у мінімальнай колькасці і ўзаемадзейнічаюць з фанатамі як мага менш. Цягам пэўнага часу дамова не парушалася, але пад канец мінулага сезона з боку фанатаў пачаліся парушэнні дамоваў.

Што тычыцца сітуацыі з прыхільнікамі БАТЭ, то дзве гульні таму яны прынеслі з сабой расцяжкі, на якіх былі змешчаны абразлівыя абрэвіятуры, у мацернай форме. Банар гэты схавалі на сабе, і яго супрацоўнікі міліцыі выпадкова выявілі пры асабістым даглядзе. Зрабілі заўвагу, фанацкіх кіраўнікоў папрасілі спыняць такія дзеянні. На наступнай гульні фанаты пачалі крычаць мацерныя крычалкі, якія абражалі фанатаў-супернікаў.  Пасля гэтага міліцыя папярэдзіла фанатаў: раз вы парушаеце партнёрскія пагадненні, мы будзем прымаць меры.

Для фанатаў з’яўляецца абразлівым, калі на трыбуне, дзе яны прысутнічаюць, ёсць і супрацоўнікі міліцыі. Таму амапаўцы становяцца па краях трыбуны, да саміх фанатаў не заходзяць. На гэты раз міліцыя знаходзілася ўнутры трыбуны. На гэта фанаты абразіліся, развярнуліся і сышлі. Паступіла аператыўная інфармацыя, што рыхтуецца правакацыя: фанаты могуць выбегчы на стадыён. Таму АМАП збудаваўся ў ланцужок за табло і перакрыў  шлях на поле ўнізе. 

У інтэрнэт-публікацыях былі выказванні, што амапаўцы прымушалі здымаць красоўкі, вымаць вусцілкі. З усёй адказнасцю магу завіць, што супрацоўнікі не прымушалі здымаць рэчы. Калі ў некага з фанатаў ёсць такое відэа, то мы будзем праводзіць разбіральніцтвы і праглядаць нашы відэазапісы. Патрабаванне здымаць рэчы можа быць выстаўлена, толькі калі ёсць інфармацыя пра пранос наркотыкаў ці нейкай забароненай амуніцыі”.

У чэрвені тарсіда сталічных дынамаўцаў абурылася на перапіску пашпартных дадзеных перад матчам з БАТЭ на стадыёне “Трактар” . У пятніцу 28 чэрвеня пры ГУУС Мінгарвыканкама прайшла сустрэча міліцыі, прадстаўнікоў Федэрацыі футбола, адміністрацыі ФК “Дынама” і паслом ад фанатаў. Перапіску  пашпартоў перад уваходам на фанацкі сектар дамовіліся адмяніць. Фан-сектар паабяцалі перасунуць на больш зручную трыбуну, а на стадыёне “Трактар” запланавалі паставіць кропкі грамадскага харчавання.

Але фанаты наракаюць на тое, што круглыя сталы праводзяцца рэгулярна, а прынцыпова сітуацыя не вырульваецца. І гэта заганяе футбольны рынак Беларусі ў яму. 

“Выйсце з сітуацыі ― гэта існаванне інстытута сцюардаў, калі пытанне будзе замацавана законам. Павінны з’явіцца адпаведныя акты, дэкрэты ці ўказы, ― аналізуе Еўрарадыё менеджар па маркетынгу ФК БАТЭ Віктар Хадасевіч. ― Сцюарды на беларускіх стадыёнах часам існуюць, але не маюць належных паўнамоцтваў. Іх функцыю па-ранейшаму выконвае міліцыя. Сцюарды могуць толькі папрасіць заўзятара не курыць ці не сварыцца.  Згодна з заканадаўствам, толькі міліцыя мае права на нейкія актыўныя дзеянні. Лічу, што, каб здарыліся змены, трэба звяртацца да досведу краін Заходняй Еўропы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі