Год балючых забаронаў. Як беларусам закруцілі гайкі ў 2023 годзе

Дзяржава ўвесь час прыдумвае новыя падставы закруціць гайкі

Дзяржава ўвесь час прыдумвае новыя падставы закруціць гайкі / pixaby.com

Падводзім сумныя вынікі года: нагадваем пра капканы, якія беларускія ўлады наставілі ў 2023-м: забароны, абмежаванні і змены, якія заціскаюць гайкі яшчэ больш.

Абавязак паведамляць пра замежныя дакументы

Гэтае патрабаванне з’явілася ў абноўленым законе “Аб грамадзянстве” і набыло моц 10 кастрычніка 2023 года. З таго моманту беларуская дзяржава патрабуе, каб грамадзяне, што маюць іншы пашпарт або від на жыхарства ў іншай краіне, цягам трох месяцаў з дня атрымання інфармавалі пра гэта органы ўнутраных спраў або органы дыпламатычнай службы.  

У гэтую ж катэгорыю трапляе і карта паляка, а таксама іншыя дакументы, якія даюць нейкія дадатковыя правы ці прывілеі беларусу ў іншай краіне.

Зрабіць пашпарт за мяжой больш нельга

З 7 верасня паводле ўказа Лукашэнкі беларусы страцілі магчымасць абмяняць, падоўжыць ці атрымаць пашпарт грамадзяніна Беларусі ў дыпламатычных прадстаўніцтвах за мяжой. То-бок беларусы-эмігранты, тэрмін дзеяння пашпарта якіх падыходзіць да канца, або якія страцілі ці згубілі пашпарт, не могуць больш зрабіць новы ў пасольстве ці консульстве РБ. Па новы дакумент трэба ехаць у Беларусь. Народжаныя за мяжой таксама падпадаюць пад указ — за мяжой ім пашпарт грамадзяніна Беларусі ніхто не выдасць.

Прадаць маёмасць у Беларусі нельга без асабістай яўкі

Гэта звязана з тым жа сумнавядомым указам. Ён датычыць не толькі пашпартоў, але і некаторых іншых дзеянняў з дакументамі. Напрыклад, афармлення ўгодаў з маёмасцю — адгэтуль яны магчымыя толькі пры асабістай прысутнасці або на падставе даверанасці, таксама асабіста аформленай у Беларусі. Прадаць з-за мяжы кватэру ці машыну цяпер не так проста або ўвогуле немагчыма, калі чалавек не мае мажлівасці вярнуцца ў Беларусь.

Таксама складанасцяў дадалося беларусам, што хочуць пабрацца за мяжой шлюбам. Усе неабходныя для гэтага даведкі таксама робяцца цяпер толькі ў Беларусі.

На мяжы з Польшчай застаўся толькі адзін пункт пропуску

З 10 лютага перастаў працаваць памежны пераход “Баброўнікі – Бераставіца” на беларуска-польскай мяжы. Польшча пайшла на гэтую меру “з меркаванняў нацыянальнай бяспекі”. Так тлумачыцца афіцыйна, але падтэкст у гэтага рашэння зразумелы.

То-бок памежны пераход закрыла Польшча, але перадумовы для гэтага стварыў лукашэнкаўскі рэжым, ад чаго ў выніку зноў цярпяць беларусы. Бо на мяжы з суседняй краінай застаўся працаваць толькі пераход Брэст — Тэрэспаль, і людзі часам праводзяць у чэргах па 20-30 гадзін, каб трапіць дамоў або выехаць у Польшчу.

Настаўнікаў ледзь не вышчамілі са школьных сталовак

Гэта быў нонсэнс, але ў беларускіх школах настаўнікам забаранілі купляць ежу ў школьных сталоўках. Маўлялі, там цэны дзяржаўныя, з улікам датацый — гэта для дзяцей. Але месцаў, дзе можна было б з’есці ссабойку, уў некаторых школах таксама няма.

Беларусам забаранілі рабіць здымкі з вышыні

Фізічныя асобы ў Беларусі цяпер не могуць карыстацца дронамі. З 28 верасня, калі набыў моц чарговы ўказ Лукашэнкі, беспілотнікі нельга вырабляць, увозіць у краіну і выкарыстоўваць. Валодаць і карыстацца дронамі дазволена толькі прадпрымальнікам і арганізацыям, якім гэта неабходна для выканання прафесійнай дзейнасці. Проста дзеля забавы зрабіць фотачкі з вышыні ўжо рызыкоўна і абяцае праблемы з законам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі