Калі падаражэюць больш не сацыяльна значныя мяса, кава, рыба і соль?
Чыноўнікі спадзяюцца, што рэзкаму росту коштаў перашкодзіць канкурэнцыя. А гандляры наперабой запэўніваюць, што кошты застануцца на месцы.
Са спісу прадуктаў і паслугаў, гандлёвыя надбаўкі на якія кантралюе дзяржава, выключаныя кава, гарбата, соль, мяса, рыба, сыры, бананы, апельсіны ды лімоны. Што гэта значыць? Пакуль кава і гарбата былі “сацыяльна значнымі”, максімальная гандлёвая надбаўка на іх складала 22%. З 1 лістапада гэтая лічба можа быць любой.
У Мінэканомікі разважаюць так: каля няма верхняй мяжы, кошты, вядома, могуць расці бясконца. Але ўсё вырашыць канкурэнцыя. А ў Мінгандлю сумняваюцца, што прадукты, якія былі сацыяльна значнымі, а цяпер перасталі, рэзка падаражэюць.
“З практыкі, у нас атрымліваецца нават з тых пазіцый, кошты на якія не рэгулюе дзяржава, а ў залежнасці ад кан’юнктуры рынку, гандлёвая надбаўка складае ў сярэднім 30%. Чакаць, што будзе нейкі звышрост, не трэба”, — кажуць у Мінгандлю і раяць звярнуцца ў Мінэканомікі ці да саміх гандляроў.
У бухгалтэрыі сеткі мясных крам “Гурман” пакуль не ведаюць пра пастанову Саўміна. Але выключэнню мясной прадукцыі з “сацыялкі” заўважна радуюцца:
“Так сказаць не можам, гэта разлічыць усё трэба”, — кажуць ў “Гурмане”. І адразу дадаюць, што максімальна дапушчальную надбаўку на кураціну яны і не бралі, каб выгадней выглядаць на фоне суседніх крамаў.
У бухгалтэрыі сетак крамаў “Соседи” і “Тропинка” раяць не панікаваць:
“А што, калі кошты растуць штодня? Малако — сёння 6500, заўтра 6900. Я нават не заўважаю гэтыя кошты. Ну, падвысяцца, на ўсё ж жыццё не назакупляешся! Але мы не плануем павышаць кошты”, — спяшаюцца супакоіць у краме.
Не збіраюцца пераглядаць кошты і ў сетцы рыбных крамаў “Виталюр”:
“Не думаю, што мы будзем пераглядаць кошты. У нас склалася свая кан’юнктура, і не думаю, што будуць нейкія сур’езныя зрухі. Больш будзем глядзець на паводзіны нацыянальнай валюты”, — распавядаюць Еўрарадыё ў сетцы “Виталюр”.
У галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама спадзяюцца, што рэзкаму росту коштаў перашкодзіць жаданне гандляроў захаваць абароты:
“Мы ўвогуле не рэкамендуем гандлярам спяшацца з падвышэннем коштаў да прыняцця ўсіх рашэнняў! Зразумела, што і прадпрыемствам не вельмі цікава будзе падымаць кошты — ім жа трэба прадавацца. У любым выпадку, калі кошты на нешта рэзка папаўзуць уверх, можна ўсё вярнуць. Можна зноў іх пачаць рэгуляваць”, — тлумачаць Еўрарадыё ў Мінгарвыканкаме.
Тут нават прыпамінаюць, які прадукт “адпускалі на свабоду” апошні раз. Гэта была гарэлка. У жніўні 2011 года дзяржава перастае кантраляваць кошты на алкагольную прадукцыю. Тады рознічны кошт бутэлькі гарэлкі складаў прыкладна 11-12 тысяч рублёў, пры гандлёвай накрутцы ў 20% і падатку на дададзеную вартасць у 20%. У жніўні 2013 года мінімальны рознічны кошт гарэлкі ўжо 38 тысяч, а пра яе падаражанне беларусы чуюць ледзь не кожны квартал.