Кіраўнік штаба Навальнага: у Ціханоўскай памылковыя надзеі наконт Пуціна

Святлана Ціханоўская / ria.ru
Святлана Ціханоўская / ria.ru

"Што б ні думала Ціханоўская, што б ні прывяло ў рэальнасці яе да Венядзіктава, гэта памылковыя надзеі, што ёй дазволяць быць гульцом на гэтым рынку. Не таму, што яна дрэнны чалавек. Таму што само паняцце, што чалавек, абраны народам, можа прадстаўляць народ і несці суверэнітэт, — для Пуціна не існуе", — упэўнены кіраўнік штаба Аляксея Навальнага ў Іркуцку Сяргей Бяспалаў.

Чаму Крэмль працягвае падтрымліваць Лукашэнку і што можа прымусіць яго гэтую падтрымку спыніць? Ці азначае з'яўленне Ціханоўскай у эфіры "Эха Москвы", што расійскія ўлады задумваюцца над зменамі сваёй пазіцыі ў "беларускім пытанні"? На гэтыя і іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае Сяргей Бяспалаў.

Руководитель штаба Навального: у Тихановской ложные надежды насчёт Путина
Сяргей Бяспалаў / Еўрарадыё

"Пуціна задаволіць толькі страта суверэнітэту Беларусі"

Сіламі газпрамаўскай радыёстанцыі Лукашэнку паторгалі за вусы, узяўшы інтэрв'ю ў Ціханоўскай. Я, шчыра кажучы, не ведаю, навошта яна казала ўсё тое, што прыкладна казала. Але я не думаю, што гэта прывядзе да сапраўды сур'ёзных крокаў.

Таму што адзіны сур'ёзны крок у адносінах паміж Пуціным і Лукашэнкам — падпарадкаванне Лукашэнкі і страта суверэнітэту Беларусі. Яе можна самымі рознымі словамі апісваць, але фактычна — гэта расійскі рубель становіцца нацыянальнай валютай у Беларусі, гэта дзеянне або прыярытэт дзеяння расійскіх законаў.

У расійскіх сілавікоў, мы ведаем ужо даўно, ёсць калабарацыя з беларускімі. Нашы хлопцы пастаянна знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Прычым працуюць, хутчэй за ўсё, як супраць беларусаў, так і супраць рускіх, якія там дзесьці спрабуюць хавацца альбо знаходзяцца на тэрыторыі Украіны.

Але ў кожным разе такія гульні дыктатараў не прывядуць ні да чога, што б датычылася простых беларусаў і простых расіян, якія жывуць у Расіі. Я не думаю, што Лукашэнка, знаходзячыся ў здаровым розуме і здаровай памяці, здасць свой суверэнітэт. Хоць хто ведае, што там у чарапушцы ў дыктатараў.

Напэўна ў асяроддзі Ціханоўскай ёсць людзі, якія так ці інакш "інфільтраваныя" і трымаюць нейкі кантакт з расійскімі спецслужбамі. Але праўда ў тым, што для Пуціна на коне стаіць толькі адна задача. Гэта значыць, ён можа быць трыумфатарам у палітыцы ў дачыненні да Беларусі не тады, калі Лукашэнку зменіць Ціханоўская.

Або нават не тады, калі Лукашэнку зменіць Ціханоўская, а потым абвесціць перавыбары і пераможа які-небудзь чалавек, які быццам бы будзе больш-менш задавальняць Крэмль. Яго задаволіць страта суверэнітэту, таму што гэта будзе трыумфам для яго.

Руководитель штаба Навального: у Тихановской ложные надежды насчёт Путина
Інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай на "Эхо Москвы" / ютуб

Памылковыя надзеі Ціханоўскай

У Расіі толькі афіцыйна, па-мойму, 500 або 600 палітвязняў. І большая частка, дарэчы кажучы, у нас сядзіць за рэлігію, у нас сядзяць мусульмане, у нас сядзяць сведкі Іеговы, у нас сядзяць няправільныя праваслаўныя, няправільныя хрысціяне і гэтак далей.

Мы думаем, што Пуцін яшчэ той, пачатку нулявых, які прапаноўваў Захаду руку дапамогі і гатовы быў уступіць у НАТА, які быў гатовы ісці на кампрамісы. Але цяпер мы бачым Пуціна выдатна.

Замарозіць Еўропу сёлета? Ды напляваць. Зладзіць нейкія там гадасці, паскудствы, палітычныя скандалы — абсалютна напляваць. Купіць палітыкаў — ды оптам.

Крэмль займаецца тым, чым займаўся Савецкі Саюз, калі ў яго былі грошы ў 70-я гады. Толькі тады мы яшчэ падтрымлівалі вельмі шмат тэрарыстаў, а цяпер гэтыя ўсе тэрарысты, хто больш паспяховы, маюць нейкі свой кавалак зямлі альбо гэта зусім людаеды тыпу Башара Асада, якія спакойна трэціруюць і забіваюць свой народ. 

Што б ні думала Ціханоўская, што б ні прывяло ў рэальнасці яе да Венядзіктава, гэта памылковыя надзеі, што ёй дазволяць быць гульцом на гэтым рынку. Не таму, што яна дрэнны чалавек. Таму што само паняцце, што чалавек, абраны народам, можа прадстаўляць народ і несці суверэнітэт, — для Пуціна не існуе.

Мы гэта выдатна бачым на прыкладзе Украіны. Варта было толькі ўкраінцам хоць неяк, не ацэньваем як, але мяняць самім сваю ўладу — тут жа страцілі Крым і атрымалі вайну на Данбасе. А да гэтага мелі некалькі гадоў абсалютна прадажны ўрад, які проста ляжаў пад намі.

Не трэба быць аптымістам у частцы таго, што раптам у Пуціне прачнецца чалавечы твар. Такія прагнозы рабіць жахліва непрыемна. Таму што наступны прагноз пра тое, што ўсе, хто сядзіць, застануцца сядзець. Бо калі пра нешта дамаўляцца, то трэба ў тым ліку мяняцца, так бы мовіць, забітымі і палоннымі і выпускаць з турмаў закладнікаў. А на гэта ў Расіі цяпер, як я разумею, ісці ніхто не гатовы.
 

Ці можа Расія ўвесці войскі?

Увядзі войскі — і год, вядома, Еўропа будзе мерзнуць без газу, але на наступны яна знойдзе пастаўшчыкоў. Увядзі войскі — і з многіх рахункаў невядомыя хакеры могуць выкрасці грошы. Мы ж разумеем, што грошай умоўнага Пуціна на Захадзе больш, чым мы думаем. Увядзі войскі — і спецслужбы розных краін могуць абвінаваціць у здрадзе сваім нацыянальным інтарэсам велізарную колькасць палітыкаў, якія супрацоўнічаюць з Крамлём.

Я нагадаю, што ў мінулым скліканні нямецкага бундэстага сядзела цэлая фракцыя "Альтэрнатыва для Германіі", якая адкрыта казала, што Расія — гэта цудоўная краіна, Пуцін — класны чувак.

І плюс яшчэ ёсць Кітай. Кітайскае кіраўніцтва таксама адмовілася мяняцца. То-бок мы ведаем, што раней там кожныя дзесяць гадоў мяняўся мясцовы старшыня ЦК. Апошні таварыш адмовіўся і тут жа пачаў гуляць мускуламі, у тым ліку вайсковымі. Скажам, яны рэгулярна лётаюць на сваіх самалётах праз Тайвань, незалежнасць якога яны не прызнаюць. Але ў іх велізарная гандлёвая і палітычная вайна з ЗША. Калі Расія некалі трапіць у гэты, прабачце за грубае слова, замес, то там ужо будзе не да Беларусі, не да Данбаса, не да Абхазіі з Прыднястроўем. Трэба будзе сябе ратаваць. Таму што ў коле гэтых людзей мы ўсё ж не нумар адзін у свеце. 

А Кітай дакладна нумар адзін сярод усіх гэтых наваяўленых дыктатараў. І ў яго ёсць свая палітыка. Калі ён, дапусцім, калі-небудзь дамовіцца з Казахстанам, то мы можам убачыць кітайскае войска дзе-небудзь у раёне Волгі, Астрахані.

Таму я думаю, што нейкіх рэзкіх крокаў на беларускім кірунку ў Пуціна не будзе, яны будуць адной рукой Лукашэнку падтрымліваць, другой — яго душыць, каб хутчэй здаваўся і быў не моцна актыўны. Я думаю, ім глыбока напляваць на тых людзей, якія сядзяць у беларускіх турмах, таму што роўна такія самыя людзі сядзяць у рускіх турмах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі