Лісты без адказу: на што разлічвае Макей, заклікаючы ЕС да ўзнаўлення дыялогу
Уладзімір Макей накіраваў еўрапейскім дыпламатам ліст, у якім ён з цеплынёю згадвае адлігу паміж Беларуссю і Захадам. Міністр замежных спраў параўноўвае санкцыі з Берлінскай сцяной. Запэўнівае, што Беларусь не будзе ўцягнутая ў вайну Расіі з Украінай. І просіць пра ўзнаўленне дыялогу.
Але цяперашні знешнепалітычны кірунак беларускіх уладаў — гэта цеснае сяброўства з Расіяй. Ці стаў нечаканым ліст да “недружалюбнага Захаду” ад беларускага чыноўніка?
— Абсалютна не стаў нечаканым. Я не думаю, што ўвага, якую мы надалі гэтаму лісту, вартая таго, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё былы супрацоўнік МЗС Беларусі Павел Слюнькін. — Я ўпэўнены, што такія лісты пасля 2020 года накіроўваліся Міністэрствам замежных спраў не адзін раз. Проста як тады не было вынікаў, так іх няма і зараз.
Прычына крыецца ў простай рэчы. Беларускі рэжым зразумеў, якую небяспеку ўяўляюць арганізацыі з недзяржаўнага сектара, незалежныя СМІ. Быў умоўны ліберальны перыяд, калі людзі пачалі выказвацца трошкі грамчэй і смялей наконт сваіх палітычных поглядаў. Усё гэта [уладам] прыйшлося знішчаць пасля жніўня 2020 года. А для ўзнаўлення адносін з Захадам немагчыма застацца пры тым, што ёсць зараз у Беларусі. Трэба выпускаць палітзняволеных, спыняць рэпрэсіі. Але гэта не ў інтарэсах Аляксандра Лукашэнкі. Ён, я думаю, разумее, наколькі гэта можа быць небяспечна для яго рэжыму.
— У такіх умовах у МЗС Беларусі не застаецца, па сутнасці, ніякага інструментара, якім ён мог бы карыстацца, — працягвае Павел Слюнькін. — Раней можна было распавядаць пра тое, што ўводзіцца бязвізавы рэжым, што гатовыя падпісваць пагадненні. Можна было ездзіць з візітамі, актыўна ўдзельнічаць ва “Усходнім партнёрстве”. Распавядаць пра тое, што Беларусь ніколі не прызнавала легальнасць анексіі Крыма, незалежнасць Паўднёвай Асеціі ды Абхазіі. Шмат прыкладаў, якія зараз сталі неактуальнымі. У дыпламатычным інструментары Уладзіміра Макея і МЗС засталіся, па сутнасці, толькі словы. Дзеянняў там няма.
Я магу сабе ўявіць, што беларускі рэжым гатовы будзе выпусціць 100, 200 ці 300 палітвязняў, калі ЕС пагодзіцца пасля гэтага пачаць нейкую хвалю размарозкі адносін, зняцця санкцый ці іх непашырэння. Адзіны прынцыповы момант, на які беларуская ўлада зараз не будзе пагаджацца, — гэта спыненне рэпрэсій. Без рэпрэсій, як мне падаецца, на дадзеным этапе беларускі рэжым нежыццяздольны. Усе гэтыя лісты да еўрапейцаў, па сутнасці, ідуць у пустату, пакуль на тым баку не будзе гатоўнасці прыняць Аляксандра Лукашэнку такім, які ён ёсць.
Я часта прыводжу такі прыклад: Аляксандр Лукашэнка хацеў бы, каб да яго ставіліся так, як еўрапейцы і заходнія партнёры ставяцца да караля Саудаўскай Аравіі. Калі ён зможа ў замежнай амбасадзе рэзаць па кавалках сваіх палітычных апанентаў, але гэта не прыводзіць ні да якіх сур’ёзных санкцый ці спынення гандлёвых адносін.
Аляксандр Лукашэнка таксама бачыць двайныя стандарты. Ён хоча, каб яму дазвалялі кіраваць краінай так, як яму падаецца правільным, каб яго не прымушалі, як гэта трэба рабіць. Наколькі еўрапейцы гатовыя на гэта пайсці — пытанне, мне здаецца, да іх сумлення, — падсумоўвае Павел Слюнькін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.