Магілы “неаб’яўленай” вайны — чые парэшткі ў іх ляжаць?
1 верасня 1939 года Другая сусветная вайна прыйшла не толькі на тэрыторыю Польшчы, але і ў Беларусь. Тады ў шыхтах Войска Польскага апынуліся тысячы беларусаў і ўраджэнцаў нашай краіны. Усе гэтыя людзі з першага дня вайны мужна змагаліся супраць нацыстаў. А раніцай 17 верасня 1939 года часці Чырвонай Арміі не проста перайшлі даваенную савецка-польскую мяжу, але і атакавалі польскіх памежнікаў, якія ахоўвалі кардон. Пасля тых баёў на тэрыторыі Беларусі засталося шмат магіл і салдат Войска Польскага, і салдат Чырвонай Арміі. Вось толькі тыя пахаванні верасня 1939 года адышлі ў цень брацкіх магіл перыяду 1941–1945 гадоў. Падзеі тых часоў апісваюцца ў новай кнізе гісторыка Ігара Мельнікава “Верасень 1939-га. Магілы “неаб’яўленай” вайны”.
Як у сённяшняй Беларусі падаюцца падзеі “вызваленчай кампаніі Чырвонай Арміі” ў верасні 1939 года? Чаму пахаванні тых часоў застаюцца па-за ўвагай беларускага грамадства? Ці магчыма змяніць гэта стаўленне — як да пахаванняў, так і да падзей тых часоў? Што такое “Беларускі катынскі спіс” і чые прозвішчы могуць апынуцца ў гэтым дакуменце? Каго дэпартавалі з заходніх абласцей БССР у 1940–1941 гадах? Хто стаў ахвярай жудаснай эвакуацыі турмаў з тэрыторыі савецкай Беларусі ў чэрвені 1941 года?
На гэтыя ды іншыя пытанні ў жывым эфіры Еўрарадыё адказвае гісторык Ігар Мельнікаў.