Месяц пратэстаў у Беларусі: як усё пачыналася — дзень за днём

Месяц пратэстаў у Беларусі: як усё пачыналася — дзень за днём

Роўна месяц таму, 9 жніўня 2020 года, жыццё беларусаў беспаваротна змянілася. Каля 20-й гадзіны вечара па дзяржаўным тэлебачанні абвясцілі, што па выніках экзіт-полаў Аляксандр Лукашэнка перамог у прэзідэнцкіх выбарах з вынікам, блізкім да 80% галасоў.

Еўрарадыё прапануе азірнуцца і ўспомніць падзеі месячнай даўніны. Аляксандр Лукашэнка называе гэта каляровай рэвалюцыяй, яго праціўнікі — рэвалюцыяй выдатнікаў і летам перамен. Пратэсты, затрыманні, гвалт сілавікоў, суды, дзяжурствы ля ізалятараў, штодзёныя мірныя акцыі — першыя 10 дзён пасля выбараў, калі беларусаў білі — але яны працягвалі пратэставаць.

Месяц пратэстаў у Беларусі: як усё пачыналася — дзень за днём

9 жніўня: выбары і першыя святлошумавыя гранаты

Дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. На ўездах у Мінск стаяць салдаты, ваенная тэхніка і супрацоўнікі МУС. Каля выбарчых участкаў збіраюцца велізарныя чэргі. Незалежных назіральнікаў, як і раней, не прапускаюць на ўчасткі. Яны падлічваюць выбаршчыкаў на вуліцах. На некаторых участках на назіральнікаў выклікаюць АМАП.

Месяц пратэстаў у Беларусі: як усё пачыналася — дзень за днём
Чарга да выбарчага ўчастка на вуліцы Алеся Гаруна. Лідзія Ярмошына кажа, што чэргі штучна ствараюцца правакатарамі. Няхай бы выйшла да гэтых людзей і сказала гэта ім у твар!

Пасля 20:00 ля стэлы "Мінск — горад-герой" збіраюцца людзі. Пачынаецца жорсткі хапун, амапаўцы надзяваюць процівагазы і пускаюць газ. Па горадзе ездзяць вадамёты і ваенная тэхніка. Пасля наезду аўтазака адзін чалавек непрытомны, у крыві. Гучаць хлапкі святлошумавых гранат. Узброеныя сілавікі са шчытамі выцясняюць пратэстоўцаў з цэнтральных вуліц. Тых, каму ўдаецца прарвацца ў цэнтр, сустракаюць кардоны са шчытамі і вайсковая тэхніка. Усю ноч Мінск не спіць. Адчуванне, што пачалася вайна.

Месяц пратэстаў у Беларусі: як усё пачыналася — дзень за днём
Месяц пратэстаў у Беларусі: як усё пачыналася — дзень за днём
Месяц пратэстаў у Беларусі: як усё пачыналася — дзень за днём
Месяц пратэстаў у Беларусі: як усё пачыналася — дзень за днём
Месяц пратэстаў у Беларусі: як усё пачыналася — дзень за днём

10 жніўня: Лукашэнка — 80,23% і забойства на "Пушкінскай"

ЦВК Беларусі абвяшчае першыя афіцыйныя вынікі выбараў: Аляксандр Лукашэнка — 80,23%; Святлана Ціханоўская — 9,9%; Ганна Канапацкая — 1,68%; Сяргей Чэрачэнь — 1,13%; Андрэй Дзмітрыеў — 1,04%. Супраць усіх прагаласавала 6,02% выбаршчыкаў. У інтэрнэце з’яўляюцца копіі пратаколаў з розных участкаў, з якіх відаць, што шмат галасоў выбаршчыкі аддалі за Ціханоўскую.

Святлана Ціханоўская заяўляе, што яе штаб гатовы да доўгатэрміновых пратэстаў, і называе недапушчальным гвалт, які адбываўся на вуліцах беларускіх гарадоў 9 жніўня. Лукашэнка знаходзіць "лялькаводаў" у Чэхіі і абражае лідарак аб'яднанага штаба: "Сядзяць гэтыя авечкі, нічога не разумеючы, што ад іх хочуць". 

Беларусь другі дзень жыве без інтэрнэту. Не працуе таксі. Ёсць праблемы з плацяжамі па картках. Абураныя грамадзяне зноў выходзяць пратэставаць. Гэтым разам сутыкненні з сілавікамі адбываюцца на Нямізе, Кальварыйскай, праспектах Пушкіна і Прытыцкага, у Серабранцы і каля гандлёвага цэнтра “Рыга”. Людзі будуюць барыкады. 

 

Невядомыя сілавікі раняць гумовай куляй журналістку Наталлю Лубнеўскую. На “Пушкінскай” гіне пратэстовец Аляксандр Тарайкоўскі. У руках пратэстоўцаў з’яўляюцца першыя “кактэйлі Молатава” — іх кідаюць сілавікам выключна пад ногі. Пасля масавых пратэстаў па дварах ходзяць невядомыя ў чорным і затрымліваюць выпадковых людзей. 

11 жніўня: Ціханоўская — у Літве

Беларускія ўлады вывезлі Святлану Ціханоўскую ў Літву пасля некалькіх гадзін перамоў у Доме ўрада. “Не дай бог сутыкнуцца з тым выбарам, з якім сутыкнулася я”, — кажа Ціханоўская ў сваім відэазвароце, які запісала за мяжой.

 

Цэлы дзень людзі нясуць кветкі да месца, дзе загінуў пратэстовец. Некаторых затрымліваюць. АМАП разаганяе тых, хто падтрымлівае забастоўшчыкаў на Мінскім электратэхнічным заводзе. 

На станцыі метро "Купалаўская" хлопец скача на рэйкі і спыняе рух цягнікоў. У яго ў руках плакат — "Хопіць калечыць і забіваць людзей".

Дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА публікуе відэа з затрыманымі падчас беспарадкаў у Мінску. Людзі дужа пабітыя і змятыя. Іх здымаюць у двары нейкага аддзялення міліцыі. Мінздароўя абвяшчае, што пасля двух дзён пратэстаў у стацыянарах Беларусі знаходзяцца на лячэнні больш за 200 чалавек, адзін чалавек загінуў. 

Увечары масавыя пратэсты аднаўляюцца. На станцыі "Каменная Горка" — фаеры, на "Партызанскай" — дымавыя шашкі, АМАП разганяе і затрымлівае людзей у Малінаўцы, Каменнай Горцы, не спіць Серабранка. Ідзе паляванне на журналістаў.

12 жніўня: жанчыны ў белых сукенках і “Дактары з народам!”

Раніцай смелыя жанчыны надзяваюць белае і ладзяць флэшмоб ля Камароўскага рынку. Белы — колер мірных перамен. У флэшмобе ўдзельнічаюць сотні жанчын! Яны патрабуюць спыніць гвалт. У цэнтр Мінска сцягваюцца АМАП і спецтэхніка. 

Месяц пратэстаў у Беларусі: як усё пачыналася — дзень за днём
Месяц пратэстаў у Беларусі: як усё пачыналася — дзень за днём
Месяц пратэстаў у Беларусі: як усё пачыналася — дзень за днём

Па "Беларусь 1" штаб Бабарыкі вінавацяць у фінансаванні і каардынацыі масавых беспарадкаў. Лукашэнка кажа, што на пратэсты выходзяць крымінальнікі і беспрацоўныя. Сотні беларусаў не ведаюць, дзе знаходзяцца іх сваякі. 

Расійскі дырыжор Уладзімір Співакоў адмаўляецца ад ордэна Францыска Скарыны, уручанага Лукашэнкам. Некаторыя міліцыянеры пішуць заявы на звальненне. Дар'я Домрачава на сваёй старонцы ў "Інстаграме" звяртаецца да камандзіраў АМАПа і просіць спыніць гвалт.

У Гомелі памірае 25-гадовы малады чалавек, якога затрымалі на акцыі пратэсту 10 жніўня. 

Побач з медыцынскім універсітэтам у Мінску пратэстуюць дактары. На "Грушаўцы" пратэстоўцы перакрываюць праспект Дзяржынскага і спыняюць рух тралейбусаў. Сілавікі страляюць па вокнах гумовымі кулямі.

 

13 жніўня: пратэсты на дзяржпрадпрыемствах

Улады пачынаюць выпускаць вязняў з ізалятараў. Часта іх выпускаюць без канфіскаваных рэчаў і нават без ключоў ад кватэр. У Мінску з кіроўцаў, гатовых падкінуць людзей дадому, утвараецца чарга. Рэчы, якія родныя спрабавалі перадаць затрыманым, уночы раскідалі нейкія людзі ў чорным. Валанцёраў яны білі дубінкамі па нагах. 

 

На вуліцы зноў выходзяць жанчыны і медыкі. Падчас акцыі каля будынка Белтэлерадыёкампаніі людзі спяваюць песню "Вецер перамен" з фільма "Мэры Попінс, да пабачэння". 

Рабочыя БелАЗа, "Гродна Азота", "Кераміна" ды іншых заводаў плануюць забастоўкі. Яны патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і ўрада, а таксама спынення гвалту, вызвалення палітвязняў і правядзення сумленных выбараў. Кіраўніцтва будаўнічага прадпрыемства МАПІД выходзіць у белых касках на вуліцу да цэнтральнага офіса. 

Пад ноч АМАП ездзіць па раёнах, дзе пратэстоўцы вырашылі не разыходзіцца.

 

14 жніўня: на акцыю супраць гвалту выйшла каля 500 настаўнікаў

Ад самай раніцы на праспект Дзяржынскага выходзяць дактары з РНПЦ "Кардыялогія" і 4-й гарадской бальніцы. Медыкі не могуць дазволіць сабе пратэставаць увесь дзень: хто замест іх будзе ратаваць людзей? Бастуюць будаўнікі трэста "Раммантажбуд". Спякотна на Мінскім электратэхнічным заводзе і ў Жлобіне на Беларускім металургічным заводзе. Бастуюць супрацоўнікі “Нафтана”. Супраць гвалту сілавікоў выступаюць супрацоўнікі "Беларуськалія". Жорсткасць пры затрыманнях крытыкуе гендырэктар футбольнага клуба БАТЭ Міхаіл Залеўскі. "Наступная станцыя — новы прэзідэнт!" — такія абвесткі гучаць у мінскім метро.

Рэкламіста Аляксандра Васілевіча затрымліваюць, калі ён прыносіць у КДБ паручацельства за Віктара Бабарыку. Пасля яго пакараюць 14 суткамі арышту.

Падчас экстраннай нарады міністры замежных спраў 27 краін Еўрасаюза вырашаюць увесці новыя санкцыі ў адносінах да "афіцыйных асоб Беларусі, адказных за ўжыванне гвалту і парушэнне правоў чалавека".

Месяц пратэстаў у Беларусі: як усё пачыналася — дзень за днём
Вечаровы мірны пратэст на плошчы / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

15 жніўня: у Мінску развітваюцца з Аляксандрам Тарайкоўскім

Кіраўнік каталікоў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звяртаецца да Аляксандра Лукашэнкі і да ўсіх, хто ў Беларусі выконвае ўладу на розных узроўнях: “Людзі маюць права ведаць праўду, якую нельга прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць чыімсьці палітычным ці кан’юнктурным інтарэсам”. 

У Мінску развітваюцца з Аляксандрам Тарайкоўскім, які загінуў падчас пратэстаў увечары 10 жніўня. Людзі прыносяць на месца смерці кветкі, у гонар загінулага спяваюць артысты філармоніі.

 

Лукашэнка тэлефануе Пуціну, каб папярэдзіць, што пратэсты ў Беларусі ўяўляюць небяспеку для Расіі. Супраць Валерыя Цапкалы пачынаецца крымінальная справа па артыкуле аб атрыманні хабару. У будынку Белтэлерадыёкампаніі на вуліцы Макаёнка пратэстуюць тэлевізійнікі. Туды тэрмінова выязджаюць Наталля Эйсмант, прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, і Наталля Качанава, старшыня Савета Рэспублікі. Да тэлецэнтра на вуліцы Камсамольскай, дзе знаходзяцца АНТ і СТБ, людзі прыносяць старыя тэлевізары. Пратэстоўцы трымаюць у руках плакаты: "Работники госСМИ, ваша ложь калечит жизни", "Покажите людям правду". Увечары на Пушкінскай плошчы такая атмасфера, быццам бы Лукашэнка ўжо сышоў, і ўсе святкуюць.

Побач з мінскім ізалятарам у завулку Акрэсціна разгортваецца намётавае мястэчка. Валанцёры дзяжураць у ім 24/7. Тут дактары, адвакаты, гарбата і нават імправізаваная царква.

16 жніўня: праўладны і непраўладны мітынгі ў цэнтры Мінска

Вераніка Цапкала разам з дзецьмі з’язджае ва Украіну. У цэнтры Мінска праходзіць праўладны мітынг, на які бюджэтнікаў добраахвотна-прымусова звозяць аўтобусамі з усёй Беларусі. "Я паклікаў вас не для таго, каб вы мяне абаранілі. Я паклікаў вас, каб вы змаглі абараніць сваю незалежнасць, сваіх жонак, сясцёр і дзяцей", — кажа ім Лукашэнка. Міністр унутраных спраў Юрый Караеў заяўляе: "Мне вельмі шкада гэтага загінулага, яшчэ больш — гэтых пабітых, яны таксама пацярпелі. А сама болей — маіх 129 супрацоўнікаў".

Праз некалькі гадзін цэнтр Мінска займаюць прыхільнікі Святланы Ціханоўскай. З плошчы Незалежнасці яны ідуць да стэлы. У шэсці прымае ўдзел, па розных ацэнках, ад 127 да 400 тысяч чалавек.

17 жніўня: "У нас тут няма палітвязняў!"

Святлана Ціханоўская выступае з відэазваротам, дзе заяўляе, што "гатовая прыняць на сябе адказнасць і выступіць у якасці нацыянальнага лідара з тым, каб краіна супакоілася, увайшла ў нармальны рытм". 

На Белтэлерадыёкампаніі забастоўка. Рабочыя з МЗКЦ скандуюць "Сыходзь" наўпрост Аляксандру Лукашэнку, які выступае перад імі.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік на мітынгу медыкаў заяўляе, што не пойдзе ў адстаўку, таму што яшчэ ў суботу ўвесь урад Беларусі пайшоў у адстаўку: "Пытанне не актуальнае". Асабіста ён пакуль што выконвае абавязкі кіраўніка Мінздароўя. Пратэст ад Мінздароўя перацякае на плошчу Незалежнасці, а адтуль да ізалятара на Валадарскага. Увечары пратэстоўцы прыходзяць на Акрэсціна. Фраза вечара ад дзяжурных міліцыянераў: "У нас тут няма палітвязняў!"

Паўла Латушку, які напярэдадні выказаўся наконт апошніх падзей у краіне, звальняюць з Купалаўскага тэатра. Купалаўскі пратэстуе.

18 жніўня: дзень нараджэння Сяргея Ціханоўскага

Акцыі пратэсту працягваюцца ў Беларусі дзясяты дзень. Нягледзячы на заявы ўладаў пра каардынацыю пратэстаў звонку, усё гэта трымаецца на самаарганізацыі: ні ў вулічных мітынгаў, ні ў забастовак няма відавочных лідараў. Супрацоўнікі Купалаўскага тэатра масава звальняюцца. Відэаблогеру Сяргею Ціханоўскаму спаўняецца 42 гады. Яго прыхільнікі збіраюцца ля ізалятара на Валадарскага і спяваюць песню "Муры".

Аляксандр Лукашэнка называе дзейнасць Каардынацыйнай рады спробай захопу ўлады. 

З прахадной "Атланта" па некалькі чалавек выходзяць рабочыя. Яны кажуць, што людзі баяцца выйсці разам, таму што іх запалохваюць звальненнем. Пратэстуюць рабочыя завода "Белкамунмаш". 

МУС Беларусі заяўляе, што ўночы на 16 жніўня ў Мінску загінуў "удзельнік масавых мерапрыемстваў, якія праходзілі ў апошнія дні". Гаворка ідзе пра 19-гадовага Арцёма Парукава, які ў 3:20 ішоў па дарозе на Партызанскім праспекце і, па версіі сілавікоў, трапіў пад машыну. 

Такімі былі першыя дзесяць дзён беларускіх пратэстаў. Што было далей і ці пайшлі пратэсты на спад? Прыгадаем у наступных "серыях" праекта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі