Місія АБСЕ: У Дэбальцаве мы былі толькі паўгадзіны

З 15 лютага на ўсходзе Украіны згодна з мінскімі дамоўленасцямі мусіла наступіць перамір’е. Сачыць за ім павінная місія АБСЕ. Але трапіць у самую канфліктны пункт, горад Дэбальцава, назіральнікі здолелі толькі 21 лютага.

“У цэлым рэжым спынення агню трымаецца, — расказвае Еўрарадыё прадстаўніца Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ Ірына Гудыма.За выключэннем такіх гарадоў, як Марыупаль, Дэбальцава, Горлаўка і Данецк. Пакуль мы знаходзіліся ў Дэбальцаве, сталі сведкамі стрэлаў з абодвух бакоў”.

Прадстаўніца адзначае, што працаваць ва ўмовах абстрэлаў місія не можа. І нават у Дэбальцаве ім удалося затрымацца ўсяго на паўгадзіны.

“У сам населены пункт Дэбальцава мы трапілі 21 лютага. Мы прабылі там літаральна паўгадзіны. Усе будынкі ў горадзе ці часткова пашкоджаныя, ці цалкам разбураныя. Цяпер там няма вады, ежы, электрычнасці, але там знаходзяцца мірныя жыхары”.

Нагадаем, што Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ мусіць назіраць і за адводам цяжкой тэхнікі ад лініі судакранання войскаў. Ірына Гудыма кажа, што пакуль для такога маніторынгу ўмоваў няма.

“Каб засведчыць працэс адводу цяжкой артылерыі, нам патрэбныя тры складнікі: мапы з пазначанымі месцамі знаходжання цяжкой артылерыі, мапы, дзе пазначаныя шляхі яе адводу, і мапы месцаў, дзе гэтае ўзбраенне будзе назапашвацца. На дадзены момант ніводная з гэтых умоваў не выкананая”.

Між тым, кіраўнік АБСЕ Ламберт Заньер таксама расказаў, што назіральнікі Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ паведамляюць пра шматлікія парушэнні на поўдні канфліктнага рэгіёна, а таксама пра некалькі інцыдэнтаў вакол захопленага сепаратыстамі Дэбальцава і ў раёне аэрапорта Данецка, паведамляе Deutsche Welle.

“У цэлым рэжым спынення агню дасягнуў мэты, значна панізіўшы абмен ударамі па ўсёй лініі судакранання бакоў”, — заявіў Заньер. Ён таксама выказаў спадзеў на тое, што АБСЕ ў “наступныя некалькі тыдняў” зможа павялічыць колькасць назіральнікаў на 100-150 чалавек, а таксама правесці мадэрнізацыю абсталявання місіі, каб выкарыстоўваць для кантролю больш беспілотнікаў, новых мабільных камер, а таксама, магчыма, здымкаў, зробленых з дапамогай спадарожнікаў і радыёлакацыйных сістэм.

Фота: osce.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі